Печатать книгуПечатать книгу

§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ

icon
Успамінаем. Для чаго чалавек выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы літасферы? Якія горныя пароды належаць да карысных выкапняў? Што такое мінеральна-сыравінныя рэсурсы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму неабходна ведаць пра ўплыў чалавека на літасферу? Якія экалагічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы выклікае нерацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў літасферы? Як можна зменшыць негатыўны ўплыў чалавека на літасферу?

Уплыў дзейнасці чалавека на літасферу прыводзіць да спусташэння прыродных рэсурсаў, актывізацыі небяспечных геалагічных працэсаў і забруджвання месцаў пражывання біёты. Наступствам такіх парушэнняў з’яўляецца зніжэнне камфортнасці існавання біёты, міграцыя асобных відаў, захворвальнасць і выміранне.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 28 Апрель 2024, 23:14
img
Мал. 17. Асноўныя парушэнні навакольнага асяроддзя ў працэсе вядзення горных работ

Геаэкалагічныя змены навакольнага асяроддзя пры разведцы, здабычы, транспарціроўцы і выкарыстанні карысных выкапняў. Па плошчы распаўсюджвання і глыбіні ўздзеяння на біёту, у тым ліку чалавека, яны значна больш небяспечныя, чым многія прыродныя з’явыя (мал. 17).

Для забеспячэння работы горных прадпрыемстваў неабходны буйныя зямельныя ўчасткі. У іх межах знаходзяцца радовішчы карысных выкапняў, прамысловыя збудаванні і працоўныя пасёлкі. Часта гэта вялікія тэрыторыі з каштоўнымі землямі і развітой гаспадарчай інфраструктурай.

Распрацоўка радовішчаў адкрытым спосабам значна ўплывае на навакольнае асяроддзе тэрыторый, якія прылягаюць да кар’ераў. Адбываецца змена гідрагеалагічных умоў і рэльефу, парушэнне структуры глебы, якое паскарае развіццё эразійны працэсаў (мал. 18, 19). У засушлівых раёнах назіраюцца развейванне адвалаў, апоўзневыя з’явы. У раёнах шматгадовай мерзлаты развіваюцца працэсы ўтварэння адмоўных форм рэльефу ў выніку раставання падземных ільдоў.

img
Мал. 18. Кімберлітавая трубка «Мір» у Якуціі, Расія
img
Мал. 19. Кар’ер па здабычы граніту ў Мікашэвічах, Беларусь

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адзін з самых глыбокіх у свеце адкрытых кар’ераў распрацоўкі меднай руды — Бінгем-Каньён у штаце Юта, ЗША. Яго глыбіня — 774 м, плошча — 7,2 км2, а аб’ём выдаленага з кар’ера грунту — 3,4 млрд т.

icon Свет і Беларусь. Якімі спосабамі распрацоўваюцца радовішчы карысных выкапняў у Беларусі? Прывядзіце прыклады здабычы карысных выкапняў у нашай краіне адкрытым спосабам.

Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў падземным спосабам патрабуе істотна меншых тэрыторый пад горныя прадпрыемствы. Яна не выклікае значных змяненняў ландшафтаў і гаспадарчай забудовы.

Але і тут ёсць свае праблемы. Пры падземных распрацоўках адбываецца перасоўванне вялікіх масіваў горных парод. На зямной паверхні ўтвараюцца шырокія прасяданні і разнастайныя правалы. Дэфармаваная паверхня зямлі можа быць падтоплена і на доўгі час выключана з сельскагаспадарчага ўжытку.

Перасоўванне горных парод часам можа суправаджацца самазагараннем карысных выкапняў. Эндагенныя пажары могуць ахапіць вялікія плошчы або масівы парод і такім чынам ускладніць эксплуатацыю радовішчаў. Яны зніжаюць эканамічную эфектыўнасць горных работ, узмацняюць працэсы змены ландшафтаў і забруджваюць атмасферу газападобнымі прадуктамі гарэння.

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце на тэрыторыі Еўразіі найбуйнейшыя радовішчы гаручых карысных выкапняў, якія распрацоўваюцца адкрытым і падземным спосабамі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У Казахстане ў 1978 г. адбыўся карставы правал у дэвонскіх вапняках. Ён суправаджаўся страсеннем зямлі, гулам і ўтварэннем грыбападобнага слупа пылу. Плошча вусця правалу склала 1200 м2, бачная глыбіня — 50–55 м. Для засыпання правалу спатрэбілася каля 30 тыс. м3 пустой пароды.

Важным фактарам, які выклікае непажаданыя змены ландшафтаў, з’яўляецца неабходнасць складзіравання на паверхні зямлі пустых парод. Непакрытыя расліннасцю адвалы горных парод парушаюць краявіды. Яны займаюць вялікія плошчы прыдатных для сельскай гаспадаркі зямель. Адвалы, якія ўжо не дзейнічаюць, могуць стаць прычынамі няшчасных выпадкаў і нават катастроф. Хуткае перасоўванне вялікіх аб’ёмаў парод адвалаў можа разбурыць размешчаныя паблізу будынкі, дарогі і пад. Можа адбыцца самазагаранне адвалаў горных парод з тэмпературай у цэнтры ачага ўзгарання да 1400 °С.

icon Свет і Беларусь. Якія геаэкалагічныя праблемы звязаны са здабычай карысных выкапняў у Беларусі?

img
Мал. 20. Забруджванне паветра пры здабычы карысных выкапняў

Уплыў горных работ на атмасферу. Падчас працы горных прадпрыемстваў адбываецца забруджванне атмасферы. Яно залежыць ад геалагічных асаблівасцей радовішча карысных выкапняў і спецыфікі вядзення горных работ. Прыродныя фактары ў асноўным прыводзяць да забруджвання газамі, вытворчыя — газамі і цвёрдымі часціцамі.

Асноўныя забруджвальнікі атмасферы газамі — вугальная, нафтавая і газавая галіны прамысловасці. Прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы нафты і газу забруджваюць паветра вуглевадародамі галоўным чынам у перыяд разведкі радовішчаў. У нафтавай прамысловасці — таксама падчас эксплуатацыі, калі спадарожны газ спальваецца ў факелах. Прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы вугалю забруджваюць атмасферу ў першую чаргу метанам, у значна меншай ступені — вуглякіслым газам.

Вялікая колькасць пылу трапляе ў атмасферу ў выніку працы абагачальных фабрык. Значнымі яе крыніцамі з’яўляюцца бураўзрыўныя работы ў кар’ерах (мал. 20), пагрузачна-разгрузачныя работы і рух цяжкіх аўтамашын па грунтавых дарогах. Насычэнне паветра пылам адбываецца за кошт развейвання адкрытых адвалаў і іншых аголеных месцаў.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адзін 27-тонны аўтасамазвал падчас працы ў кар’еры забруджвае за змену да гранічна дапушчальнага ўзроўню 3,7 млн м3 паветра. Пры магутных узрывах (да 500–700 т выбуховых рэчываў) маса падарваных парод звычайна складае 2 млн т, а аб’ём пылагазавага воблака — 15–20 млн м3. У свеце штогод узрываецца каля 10 млрд м3 горнай масы. Пры гэтым колькасць пылу ацэньваецца ў 1,0–2,5 млн т.

Уплыў горных работ на гідрасферу. Пры правядзенні горных работ адпампоўваюць падземныя воды. У выніку гэтага на значнай тэрыторыі паніжаецца ўзровень грунтавых вод, змяншаюцца запасы вады паверхневых крыніц, зніжаецца воднасць рэк, падае ўзровень азёр і вадасховішчаў, высыхаюць балоты, знікаюць крыніцы, ручаі і дробныя рэкі, прасядае зямная паверхня і г. д.

У той жа час скід адпампаваных і сцёкавых вод прыводзіць да значнага павелічэння воднасці ручаёў і рэчак. Асобныя руднікі і шахты адпампоўваюць з зямных нетраў тысячы ці дзясяткі тысяч кубічных метраў вады ў суткі, а вялікія горныя прадпрыемствы — сотні тысяч ці мільёны. У выніку гэтага сцёк малых і сярэдніх рэк у межань месцамі павялічваецца ў 1,5–3 і больш разоў. Штучнае павелічэнне вады ў рэках прыводзіць да павышэння ўзроўню падземных вод, падтаплення і затаплення зямель.

Павышаны ўзровень П1 Павышаны ўзровень П2

Вадаёмы ў выніку вядзення горных работ забруджваюцца больш, чым атмасфера. На зямную паверхню з нетраў выносіцца значная колькасць разнастайных забруджвальных рэчываў. Гэта нафта, мінеральная і каменнавугальнай дробязь, солі, серная кіслата, шкодныя і атрутныя металы і іншыя мінеральныя і арганічныя ўтварэнні.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Работы, якія праводзяцца пры асваенні радовішчаў нафты і газу, аказваюць істотны ўплыў на навакольнае прыроднае асяроддзе. Падчас сейсмаразведкі выконваецца некалькі мільёнаў пнеўмавыбухаў. Іх ударныя хвалі выклікаюць гібель малькоў рыб, а дарослыя асобіны атрымліваюць пашкоджанні зроку, слыху, парушаецца іх здольнасць да арыентацыі. Пры бурэнні свідравін утвараюцца свідравы раствор і шлам, якія скідаюць назад у мора. У іх утрымліваюцца цяжкія металы і іншыя таксічныя рэчывы. З-за гэтага пагаршаюцца характарыстыкі вады, гіне фіта- і зоапланктон. Пры аварыях адбываецца разліў нафты, які мае працяглыя адмоўныя наступствы.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Да мерапрыемстваў, якія забяспечваюць зніжэнне забруджвання воднага асяроддзя мораў і акіянаў падчас горных работ, адносяцца: удасканаленне тэхнікі і тэхналогіі падводнай здабычы мінеральнай сыравіны; стварэнне малаводных і безадходных тэхналогіі горнай вытворчасці; выкарыстанне розных метадаў ачысткі сцёкавых вод, забруджаных адходамі горнай вытворчасці; удасканаленне канструкцыі танкераў і тэхналогіі марской здабычы нафты; рэалізацыя мерапрыемстваў па ачыстцы паверхневых акваторый марскіх і рачных партоў ад забруджвання нафтай.

Рэкультывацыя парушаных ландшафтаў, яе асноўныя этапы і напрамкі.

Павышаны ўзровень П3

icon

Рэкультывацыя — аднаўленне тэрыторыі, парушанай гаспадарчай дзейнасцю чалавека, з выкарыстаннем комплексу спецыяльных мерапрыемстваў і тэхналогій.

Адрозніваюць два асноўныя этапы рэкультывацыі: горнатэхналагічны і біялагічны. Пры горнатэхналагічнай рэкультывацыі разраўноўваюць адвалы, тэрасіруюць схілы, аднаўляюць урадлівы слой глебы, праводзяць меліярацыйныя работы, будуюць пад’язныя шляхі і г. д.

Работы пры біялагічнай рэкультывацыі залежаць ад абранага напрамку аднаўлення ландшафтаў і прыродных асаблівасцей тэрыторыі. Яны ўключаюць комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці глеб і парушаных зямель; стварэнне аб’ектаў адпачынку, вадаёмаў, рыбаводчых сажалак, пасадку лесу і г. д. (мал. 21, 22).

img
Мал. 21. Афанасьеўскі кар’ер, Маскоўская вобласць, Расія
img
Мал. 22. Даліна дыназаўраў, г. Хожаў, Польшча

icon Свет і Беларусь. Прывядзіце прыклады рэкультывацыі парушаных ландшафтаў у Беларусі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пры выбары дрэвавых і хмызняковых парод для пасадак на адвалах горных парод перавагу варта аддаваць мясцовым відам, прыстасаваным да фізіка-геаграфічных умоў дадзенага раёна, так званым піянерным пародам. У якасці дрэў-піянераў у зоне шыракалістых лясоў Сярэдняй Еўропы выкарыстоўваюць алешыну, вярбу, акацыі. Потым высаджваюцца ясень, дуб, таполя, а дрэвы-піянеры паступова высякаюцца. Пасля іх поўнай высечкі ўтвараюцца сталыя шыракалістыя лясы, прыдатныя для лесараспрацовак.

Прадпрыемствы, якія здабываюць мінеральныя рэсурсы, абавязаны яшчэ да пачатку работ забяспечыць магчымасці для аднаўлення парушанага ландшафту. У раёнах здабычы вугалю шахтавым спосабам ліквідуюць тэрыконы, выкарыстоўваючы пароду для будаўніцтва дарог, фундаментаў. Гэта прыносіць двайную карысць: захоўваецца натуральны ландшафт і змяншаюцца выдаткі на будаўніцтва. На месцы былых тэрыконаў разбіваюць паркі, саджаюць лясы. Пустыя пароды, што застаюцца, выкарыстоўваюць для запаўнення выпрацаваных шахт.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У Польшчы, у цэнтры горнапрамысловай акругі ў Хожаве на месцы старых кар’ераў створаны цудоўны парк культуры і адпачынку, вядомы ў краіне і за яе межамі арыгінальнай экспазіцыяй пад адкрытым небам — «Даліна дыназаўраў». Парк створаны як дэндрасад, дзе высаджана 227 відаў дрэў і кустоў і праведзена ландшафтная планіроўка тэрыторыі (мал. 22).

Рацыянальнае выкарыстанне і ахова нетраў Зямлі патрабуюць выканання пэўных умоў (мал. 20-1).

img
Мал. 20-1. Асноўныя ўмовы рацыянальнага выкарыстання і аховы нетраў

icon Паразважаем. Як вызначыць найбольш рацыянальны і эканамічна эфектыўны спосаб здабычы карысных выкапняў?

icon Падвядзём вынікі. У працэсе вядзення горных работ узнікаюць парушэнні навакольнага асяроддзя: …, …, … . Пры распрацоўцы радовішчаў … спосабам адбываецца змена … умоў і …, парушэнне … глебы, якое паскарае развіццё … працэсаў. Пры падземных распрацоўках адбываецца перасоўванне вялікіх масіваў … парод. Асноўнымі забруджвальнікамі атмасферы газамі з’яўляюцца …, … і … галіны прамысловасці. Штучнае павелічэнне вады ў рэках прыводзіць да павышэння ўзроўню … вод, … і … зямель. Адрозніваюць два асноўныя этапы рэкультывацыі парушаных ландшафтаў: … і … .

icon Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя наступствы парушэння чалавекам геаэкалагічных функцый літасферы. 2. Якія змены навакольнага асяроддзя адбываюцца пры правядзенні горных работ? 3. Назавіце асноўныя этапы рэкультывацыйных работ.

icon Ад простага да складанага. 1. Якія наступствы ўплыву горных работ на атмасферу? 2. Які ўрон наносіцца водным аб’ектам горназдабыўной прамысловасцю? 3. Чаму прадпрыемствам па здабычы карысных выкапняў неабходна загадзя прадугледзець дзеянні па аднаўленні парушаных ландшафтаў?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Якія напрамкі рэкультывацыі парушаных ландшафтаў характэрны для вашай мясцовасці? 2. Распрацуйце міні-праект рэкультывацыі парушанага ландшафту.

icon

Web-ресурсы.
Геалагічная служба ЗША. Навуковы даследчык. Стан навакольнага асяроддзя.

Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.Info». Літасфера.

Універсальная навукова-папулярная анлайн-энцыклапедыя «Кругасвет».