§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ

img
Мал. 17. Асноўныя парушэнні навакольнага асяроддзя ў працэсе вядзення горных работ

Геаэкалагічныя змены навакольнага асяроддзя пры разведцы, здабычы, транспарціроўцы і выкарыстанні карысных выкапняў. Па плошчы распаўсюджвання і глыбіні ўздзеяння на біёту, у тым ліку чалавека, яны значна больш небяспечныя, чым многія прыродныя з’явыя (мал. 17).

Для забеспячэння работы горных прадпрыемстваў неабходны буйныя зямельныя ўчасткі. У іх межах знаходзяцца радовішчы карысных выкапняў, прамысловыя збудаванні і працоўныя пасёлкі. Часта гэта вялікія тэрыторыі з каштоўнымі землямі і развітой гаспадарчай інфраструктурай.

Распрацоўка радовішчаў адкрытым спосабам значна ўплывае на навакольнае асяроддзе тэрыторый, якія прылягаюць да кар’ераў. Адбываецца змена гідрагеалагічных умоў і рэльефу, парушэнне структуры глебы, якое паскарае развіццё эразійны працэсаў (мал. 18, 19). У засушлівых раёнах назіраюцца развейванне адвалаў, апоўзневыя з’явы. У раёнах шматгадовай мерзлаты развіваюцца працэсы ўтварэння адмоўных форм рэльефу ў выніку раставання падземных ільдоў.

img
Мал. 18. Кімберлітавая трубка «Мір» у Якуціі, Расія
img
Мал. 19. Кар’ер па здабычы граніту ў Мікашэвічах, Беларусь

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адзін з самых глыбокіх у свеце адкрытых кар’ераў распрацоўкі меднай руды — Бінгем-Каньён у штаце Юта, ЗША. Яго глыбіня — 774 м, плошча — 7,2 км2, а аб’ём выдаленага з кар’ера грунту — 3,4 млрд т.

icon Свет і Беларусь. Якімі спосабамі распрацоўваюцца радовішчы карысных выкапняў у Беларусі? Прывядзіце прыклады здабычы карысных выкапняў у нашай краіне адкрытым спосабам.

Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў падземным спосабам патрабуе істотна меншых тэрыторый пад горныя прадпрыемствы. Яна не выклікае значных змяненняў ландшафтаў і гаспадарчай забудовы.

Але і тут ёсць свае праблемы. Пры падземных распрацоўках адбываецца перасоўванне вялікіх масіваў горных парод. На зямной паверхні ўтвараюцца шырокія прасяданні і разнастайныя правалы. Дэфармаваная паверхня зямлі можа быць падтоплена і на доўгі час выключана з сельскагаспадарчага ўжытку.

Перасоўванне горных парод часам можа суправаджацца самазагараннем карысных выкапняў. Эндагенныя пажары могуць ахапіць вялікія плошчы або масівы парод і такім чынам ускладніць эксплуатацыю радовішчаў. Яны зніжаюць эканамічную эфектыўнасць горных работ, узмацняюць працэсы змены ландшафтаў і забруджваюць атмасферу газападобнымі прадуктамі гарэння.

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце на тэрыторыі Еўразіі найбуйнейшыя радовішчы гаручых карысных выкапняў, якія распрацоўваюцца адкрытым і падземным спосабамі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У Казахстане ў 1978 г. адбыўся карставы правал у дэвонскіх вапняках. Ён суправаджаўся страсеннем зямлі, гулам і ўтварэннем грыбападобнага слупа пылу. Плошча вусця правалу склала 1200 м2, бачная глыбіня — 50–55 м. Для засыпання правалу спатрэбілася каля 30 тыс. м3 пустой пароды.

Важным фактарам, які выклікае непажаданыя змены ландшафтаў, з’яўляецца неабходнасць складзіравання на паверхні зямлі пустых парод. Непакрытыя расліннасцю адвалы горных парод парушаюць краявіды. Яны займаюць вялікія плошчы прыдатных для сельскай гаспадаркі зямель. Адвалы, якія ўжо не дзейнічаюць, могуць стаць прычынамі няшчасных выпадкаў і нават катастроф. Хуткае перасоўванне вялікіх аб’ёмаў парод адвалаў можа разбурыць размешчаныя паблізу будынкі, дарогі і пад. Можа адбыцца самазагаранне адвалаў горных парод з тэмпературай у цэнтры ачага ўзгарання да 1400 °С.

icon Свет і Беларусь. Якія геаэкалагічныя праблемы звязаны са здабычай карысных выкапняў у Беларусі?