*§ 2-7. Умовы і правілы маўленчых паводзін. Правілы і асноўныя сродкі арганізацыі эфектыўных маўленчых зносін. Маўленчы этыкет

Маўленчыя паводзіны

Маўленчыя паводзіны — гэта маўленчыя кантакты з сямейнікамі, настаўнікамі, аднакласнікамі, знаёмымі/незнаёмымі людзьмі, з якімі мы ўступаем у зносіны. Маўленчыя паводзіны складаюцца з маўленчых учынкаў, рэалізуюцца праз выбар моўных сродкаў для ўздзеяння на субяседнікаў.
На маўленчыя паводзіны асобы ўплываюць асаблівасці маўленчай сітуацыі: характар камунікацыі (неафіцыйная/афіцыйная), від зносін (публічныя/асабістыя), характар зваротнай сувязі паміж адрасатам і адрасантам. Маўленчыя паводзіны абумоўлены асаблівасцямі выхавання, сацыяльнага і маўленчага асяроддзя, характарызуюцца таксама этнакультурнай, нацыянальнай спецыфікай, веданнем этыкетных формул.
Кампанентамі маўленчых паводзін выступаюць:
•лексіка маўленчага ўзаемадзеяння (вербальныя (славесныя) паводзіны);
•гучанне маўлення: сіла голасу, яго звонкасць, тон голасу, тэмп, хуткасць маўлення (акустычныя паводзіны);
•міміка, жэсты, погляд (жэстава-мімічныя паводзіны).
Асноўныя правілы эфектыўных маўленчых зносін наступныя:
1)увага да адрасата, улік яго адукацыі, інтарэсаў, узросту;
2)эмацыянальнасць, неабыякавасць маўлення;
3)імкненне зрабіць зносіны пазітыўнымі, прыемнымі;
4)жаданне зразумець субяседнікаў (нават калі яны прытрымліваюцца супрацьлеглых пазіцый і меркаванняў).