Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-7. Умовы і правілы маўленчых паводзін. Правілы і асноўныя сродкі арганізацыі эфектыўных маўленчых зносін. Маўленчы этыкет

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-7. Умовы і правілы маўленчых паводзін. Правілы і асноўныя сродкі арганізацыі эфектыўных маўленчых зносін. Маўленчы этыкет
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 12:14

Маўленчыя паводзіны

Маўленчыя паводзіны — гэта маўленчыя кантакты з сямейнікамі, настаўнікамі, аднакласнікамі, знаёмымі/незнаёмымі людзьмі, з якімі мы ўступаем у зносіны. Маўленчыя паводзіны складаюцца з маўленчых учынкаў, рэалізуюцца праз выбар моўных сродкаў для ўздзеяння на субяседнікаў.
На маўленчыя паводзіны асобы ўплываюць асаблівасці маўленчай сітуацыі: характар камунікацыі (неафіцыйная/афіцыйная), від зносін (публічныя/асабістыя), характар зваротнай сувязі паміж адрасатам і адрасантам. Маўленчыя паводзіны абумоўлены асаблівасцямі выхавання, сацыяльнага і маўленчага асяроддзя, характарызуюцца таксама этнакультурнай, нацыянальнай спецыфікай, веданнем этыкетных формул.
Кампанентамі маўленчых паводзін выступаюць:
•лексіка маўленчага ўзаемадзеяння (вербальныя (славесныя) паводзіны);
•гучанне маўлення: сіла голасу, яго звонкасць, тон голасу, тэмп, хуткасць маўлення (акустычныя паводзіны);
•міміка, жэсты, погляд (жэстава-мімічныя паводзіны).
Асноўныя правілы эфектыўных маўленчых зносін наступныя:
1)увага да адрасата, улік яго адукацыі, інтарэсаў, узросту;
2)эмацыянальнасць, неабыякавасць маўлення;
3)імкненне зрабіць зносіны пазітыўнымі, прыемнымі;
4)жаданне зразумець субяседнікаў (нават калі яны прытрымліваюцца супрацьлеглых пазіцый і меркаванняў).

Практыкаванне 1

Прачытайце. Растлумачце значэнне выдзеленых слоў. Адкажыце на пытанне, сфармуляванае ў загалоўку.

Ці зможа Беларусь стаць другім Сінгапурам?

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» скіраваны на развіццё Парка высокіх тэхналогій (ПВТ), інавацыйнай сферы і пабудовы сучаснай лічбавай эканомікі ў краіне. Сёння IT-сектар становіцца самай выгаднай галіной эканомікі, а яе будаўніцтва ў многіх краінах лічыцца прыярытэтным напрамкам. Беларусь мае рэальныя шанцы стаць пляцоўкай для развіцця высокатэхналагічнага бізнесу.
Тыя, хто пачынаў раней, сёння служаць прыкладам. Сінгапур — горад-дзяржава плошчай каля 720 квадратных кіламетраў. Штогод тут ствараюць прыкладна 2,5 тысячы стартапаў, выкарыстоўваючы больш за 1 мільярд долараў інвестыцый. Рэалізуецца праграма «Разумная нацыя»: краіна выступае пляцоўкай для тэсціравання новых тэхналогій.
Генеральны дырэктар групы кампаній «БелХард» лічыць, што Беларусь знаходзіцца на цікавым этапе:
— У Беларусі актыўна развіваюцца IT-кампаніі, якія сталі займаць сваю нішу на сусветным рынку. Патэнцыял у нас надзвычай вялікі. Нам трэба стаць пляцоўкай, дзе будуць праходзіць тэсціраванне не толькі айчынныя, але і сусветныя стартапы. І мы да гэтага ідзём (Паводле В. Гаўрушавай).

Прааналізуйце тэкст з улікам стылістычных, лагічных і вобразных характарыстык (карыстайцеся даведкай).
Назавіце ў тэксце просты няўскладнены, просты ўскладнены, складаназлучаны, складаназалежны і бяззлучнікавы сказы.

Д л я  д а в е д к і
Стылістычныя характарыстыкі тэксту:
гутарковы — неафіцыйны, непадрыхтаваны, эмацыянальны, вобразны;
мастацкі — вобразны, эстэтычны, экспрэсіўны, эмацыянальны, спалучае элементы ўсіх стыляў;
публіцыстычны — экспрэсіўны, ацэначны, лаканічны;
навуковы — лагічны, дакладны, паслядоўны, аб’ектыўны, абстрактны;
афіцыйны — дакладны, сціслы, стандартызаваны, нейтральны, лагічны.
Лагічныя характарыстыкі тэксту:
канкрэтны — абстрактны, канстатавальны — праблемны, лаканічны — шматслоўны, паслядоўны — непаслядоўны, лагічны — нелагічны.
Вобразныя характарыстыкі тэксту:
Нейтральны — вобразны, эмацыянальны — неэмацыянальны, экспрэсіўны — неэкспрэсіўны, ацэначны — безацэначны, неацэначны.

З дапамогай інтэрнэт-матэрыялаў падрыхтуйце паведамленне пра этапы развіцця Парка высокіх тэхналогій, на сайце ПВТ пазнаёмцеся з дадаткамі ў катэгорыі «Адукацыя».

Практыкаванне 2

Лінгвіст Таццяна Вінакур сфармулявала 10 правіл эфектыўных маўленчых зносін. Запішыце па-беларуску тыя, якія вы лічыце найбольш значнымі і актуальнымі. Растлумачце свой выбор.

1.Избегай многословия, старайся это делать во всех случаях жизни.
2.Всегда знай, зачем ты вступил в разговор, какова цель твоей речи.
3.Говори не только кратко, но говори просто, понятно и точно.
4.Избегай речевого однообразия; выбирай языковые средства, соотнося с речевой ситуацией. Помни, что в разных ситуациях тебя слушают разные люди и что в разной обстановке нужно вести себя по-разному и говорить по-разному.
5.Умей находить общий язык с любым собеседником.
6.Помни, что вежливость и благожелательность — основа культуры речевого поведения.
7.Владей культурой речи. Это основа культуры речевого поведения.
8.Владей нормами вежливого общения.
9.Умей не только говорить, но и слушать.
10.Старайся добиваться выразительности речи, это поможет тебе наилучшим образом выполнить задачу, ради которой ты вступил в разговор.

Маўленчы этыкет

Маўленчы этыкет — сістэма правіл, якія рэгулююць нашы паводзіны так, як таго патрабуе агульначалавечая культура, выхаванасць, сацыяльнае асяроддзе. Маўленчы этыкет складаецца з правіл ветлівасці, стандартных формул маўлення, што дапамагаюць наладзіць узаемаразуменне паміж субяседнікамі, прадэманстраваць добразычлівыя намеры, зацікаўленасць у зносінах.
Элементы і формулы маўленчага этыкету могуць быць рэалізаваны на розных моўных узроўнях:
лексічным: спецыяльныя «ветлівыя» словы і формулы: прабачце мне, зрабіце ласку, будзьце ласкавы, не клапаціцеся, прашу Вас і інш.;
граматычным: замест нейтральных, загадных, катэгарычных форм выкарыстоўваюцца ветлівыя звароты, пытальныя сказы. Напрыклад, прамое пытанне Дзе вуліца Багдановіча? можна сфармуляваць як ветлівую, далікатную просьбу: Вы не падкажаце, як прайсці? Вы не дапаможаце мне? Будзьце ласкавы, дапамажыце! Ці можна Вас папрасіць? Зрабіце ласку, дапамажыце мне! Ці не маглі б Вы мне дапамагчы? і інш.;
стылістычным: захаванне асноўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, выразнасць);
інтанацыйным: выкарыстанне спакойнай, добразычлівай інтанацыі нават пры незадаволенасці, раздражненні, нервовасці субяседніка;
камунікатыўным: праяўленне стрыманасці, ветлівасці, уменне выслухаць субяседніка ўважліва, не перабіваючы, цярпліва.

Практыкаванне 3

Прачытайце прыказкі, запішыце тыя, у якіх, на вашу думку, найбольш выразна выяўляецца сіла ветлівага слова, далікатных, паважлівых адносін да субяседнікаў. Растлумачце напісанне слоў з прапушчанымі літарамі.

1. Н..в..домая дарога на канц.. языка. 2. Добра.. слова н.. забываецца. 3. Ласкава.. слоўка, як сонейка, грэ.. . 4. Хто бол..й знае, той бол..й п..тае. 5. За папы́т  н.. будз..ш біт. 6. Які розум, такая і гаворка. 7. Гаворыць, як тры дні н.. еўшы. 8. Ласкавае ц..лятка дз..ве маткі ссе. 9. Не лай і н.. перапрашай. 10. Лепш (неда)гаварыць, чым перагаварыць. 11. Слова даражэйшае за золата. 12. За доўгі язык н.. хвал..ць. 13. Сказа..ага да губы н.. верн..ш. 14. Дрэнна.. слова і салодкім мёдам н.. зап’еш.

Растлумачце вымаўленне часціцы не ў сказах.
Растлумачце знакі прыпынку ў сказе з параўнальным зваротам.

Практыкаванне 4

На канікулы вы плануеце не толькі адпачыць, але і зарабіць грошай. Вы прыйшлі ў Цэнтр заня́тасці з мэтай знайсці працу на лета (пры гэтым у вас — алергія на мыйныя сродкі). Каб прыняць рашэнне, якую работу выбраць, вы павінны задаць супрацоўніку цэнтра пытанні: пра даступныя вакансіі, аб’ём працы, графік работы, пра вашу будучую зарплату.
Разыграйце дыялог паміж вамі і супрацоўнікам цэнтра. Выкарыстоўвайце формулы маўленчага этыкету пры размове, актыўна ўдзельнічайце ў дыялогу. Пастарайцеся задаваць пытанні па кожнай вакансіі, прымаць рашэнні і тлумачыць іх.

Практыкаванне 5

Прачытайце казку «Жораў і Чапля». Прааналізуйце, якія формулы і элементы маўленчага этыкету адлюстраваны ў творы. Як вы на аснове казкі растлумачылі б маленькім чытачам, чаму трэба быць ветлівымі?

Жораў і Чапля

Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля. Стала ім надта маркотна. Уздýмаў Журавель да Чаплі ў свáты ісці. Ціпяхý-ліпяхý сем вёрст па махý, праз бор ды ў чаплінм двор.
— Як маешсяф, Чапля?
— Здароў, Журавель.
— Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?
— А твае ногі доўгі, пер’е каротка, дужа ты брыдкі. Ідзі сабе, дзе жыў.
Журавель перабраўся зноў праз балота дый прыйшоў у свой двор.
Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, — думае, — пайду да яго і перапрашу». Ціпяхý-ліпяхý сем вёрст па махý, праз бор ды ў жураўлёў двор.
— Здароў, Журавель.
— Як маешся, Чапля?
— Вазьмі мяне замуж за сябе.
— Твая шыя доўга, і сіняя, і крывая, і сама ты гарбатая. Такой ты мне не патрэбна.
Хаця было і сорамна, аднак Чапля пацягнулася праз бор назад у свой двор. Шкада стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную замуж. Зноў пайшоў ён той самаю дарогаю: ціпяхý-ліпяхý сем вёрст па махý.
Так цэлы век свой і сваталіся яны. Так на абодвух баках балота і засталіся іх хаты (Паводле Цёткі).

Растлумачце значэнне выдзеленага выразу.
Выпішыце з тэксту прыналежны прыметнік, раскажыце пра асаблівасці яго ўтварэння.
Выпішыце з тэксту прыметнікі ў кароткай форме, пракаменціруйце асаблівасці іх ужывання ў беларускай мове.
Разыграйце дыялог паміж Жураўлём і Чапляй на сучасны лад з выкарыстаннем формул маўленчага этыкету.
Інтэрнэт спараджае новы від зносін, якія характарызуюцца ананімнасцю, поліадрасаванасцю, інтэрактыўнасцю. Як вядома, правілы маўленчых паводзін у інтэрнэце засвойваюцца на перайманні чужых стэрэатыпаў або на аснове ўласнага вопыту.
Раскажыце пра свой эталон паводзін у інтэрнэце. Сфармулюйце правілы маўленчых зносін для карыстальнікаў сеціва. Пажадана ў фармулёўках даць адказы на наступныя пытанні: Якія памылкі ў маўленні ўплываюць на эфектыўнасць зносін у інтэрнэт-асяроддзі? Ці дапускаеце вы наўмысныя, «спецыяльныя» памылкі? Ці змагаецеся вы з непісьменнасцю ў інтэрнэце? Якімі спосабамі? Ці робіце заўвагі партнёрам па камунікацыі? У якой форме? Як рэагуеце на заўвагі, выказаныя ў ваш адрас? Ці з’яўляецеся вы прыхільнікам «свабоды» ў маўленчых адносінах?