|
Маўленчыя паводзіны — гэта маўленчыя кантакты з сямейнікамі, настаўнікамі, аднакласнікамі, знаёмымі/незнаёмымі людзьмі, з якімі мы ўступаем у зносіны. Маўленчыя паводзіны складаюцца з маўленчых учынкаў, рэалізуюцца праз выбар моўных сродкаў для ўздзеяння на субяседнікаў. На маўленчыя паводзіны асобы ўплываюць асаблівасці маўленчай сітуацыі: характар камунікацыі (неафіцыйная/афіцыйная), від зносін (публічныя/асабістыя), характар зваротнай сувязі паміж адрасатам і адрасантам. Маўленчыя паводзіны абумоўлены асаблівасцямі выхавання, сацыяльнага і маўленчага асяроддзя, характарызуюцца таксама этнакультурнай, нацыянальнай спецыфікай, веданнем этыкетных формул. Кампанентамі маўленчых паводзін выступаюць: •лексіка маўленчага ўзаемадзеяння (вербальныя (славесныя) паводзіны); •гучанне маўлення: сіла голасу, яго звонкасць, тон голасу, тэмп, хуткасць маўлення (акустычныя паводзіны); •міміка, жэсты, погляд (жэстава-мімічныя паводзіны). Асноўныя правілы эфектыўных маўленчых зносін наступныя: 1)увага да адрасата, улік яго адукацыі, інтарэсаў, узросту; 2)эмацыянальнасць, неабыякавасць маўлення; 3)імкненне зрабіць зносіны пазітыўнымі, прыемнымі; 4)жаданне зразумець субяседнікаў (нават калі яны прытрымліваюцца супрацьлеглых пазіцый і меркаванняў).
|