«Хлопцы самай вялікай вайны»

Жорсткая праўда жыцця

Суровую праўду ваеннай рэчаіснасці ў апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны» І. Навуменка перадае праз успрыманне галоўнага героя Віктара Пасашкі, носьбіта аўтарскай пазіцыі ў творы. Юнаку, як і самому пісьменніку, у 1943 годзе было васямнаццаць гадоў. Для характару Пасашкі ўласцівы такія рысы, як сціпласць, таварыскасць (ён дзеліцца з сябрамі купленай ежай), патрыятызм і рамантычная ўзнёсласць. Але вайна руйнавала мары, забірала жыцці. Трагізмам напоўнены апошнія радкі твора: «Вайна яшчэ не скончылася, а хлопцаў нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзілі ў школу і якія пайшлі на фронт, Віктар жывога не памятаў ужо ніводнага…» 

У апавяданні згадваюцца падзеі пачатку вайны (адступленні, акружэнні, доўгія калоны ваеннапалонных), узнаўляюцца рэаліі ваеннага ліхалецця зімы 1943 года («Немцы вунь зноў захапілі Жытомір, ірвуцца да Кіева», «Віктар… навучыўся спаць на снезе, засланым толькі яловымі лапкамі…»), вясны і лета 1944 года («Дарогі зусім расквасіла, паўсюдна, заліваючы акопы і бліндажы, стаялі азярыны талай вады…», «Баямі на Карэльскім перашыйку пачалося гарачае, наступальнае лета сорак чацвёртага года…», «Пачалі наступленне тры Беларускія франты»). 

У пачатку твора паказаны расійскія чыгуначныя станцыі Бранск-1 і Бранск-2. Як і іншыя вялікія чыгуначныя вузлы, яны ў час вайны трапілі пад моцную бамбардзіроўку, паколькі на іх было «безліч вайсковых эшалонаў». Калі гэтыя эшалоны былі савецкія — станцыю бамбілі немцы, калі тут затрымліваліся варожыя цягнікі — іх стараліся знішчыць падпольшчыкі і партызаны. Таму і аказаліся станцыі «ў развалінах». Але такія стратэгічна важныя ў ваенны час аб’екты павінны былі хутка ўзнаўляць сваю працу. «Сякія-такія задымленыя каробкі прыстасаваны пад памяшканні ваеннага каменданта, перасыльнага пункта, санпрапускніка, прадпункта. Пуці адрамантаваны», — пісаў аўтар. 

Суровая праўда вайны ў творы паказваецца і праз апісанне «добрай» цяплушкі, у якой разам з іншымі навабранцамі «пашанцавала» ехаць Віктару: «Двух’ярусныя з неачэсаных дошак палкі на месцы, на падлозе ніхто не спіць. Ёсць жалезная пячурка з выведзенай у столь, а не ў акно трубой. Трэба толькі ўвесь час падкладваць дровы, бо калі хоць на гадзіну пячурка астывае, то на сценах вагона, асабліва ля дзярэй і па кутках, адразу выступае белая намаразь. Але вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У ход ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў». Праз даволі падрабязнае апісанне пісьменніку ўдалося стварыць малюнак «кепскай» цяплушкі, у якой труба з пячуркі выходзіць у акно, а такі вагон нагрэць немагчыма. Паколькі палкоў другога яруса ў ім ужо няма, людзі вымушаны спаць на падлозе. Хутчэй за ўсё палкі спалілі, як і «снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў», ратуючыся ад невыноснага холаду, каб не задубянець: «усю дарогу, калі пячурка астывала, у яго [Віктара] мерзлі калені». У іншых умовах гаспадарлівыя беларусы ніколі б не адважыліся на такое вераломства.

«Пашчасціла» герою не толькі з цяплушкай, але і з жыллём у тылавой часці, дзе яго запасны полк праходзіў баявую вучобу. «Барак, у які трапіў Віктар, змяшчае на сваіх трох’ярусных нарах восемсот чалавек». Такая вялікая колькасць людзей у адным памяшканні, акрамя іншых няўтульнасцей вайсковага жыцця, усё ж ратавала салдат ад холаду. «Віктару дасталося месца на трэцім паверсе, пад самым дахам. Ён дзівіўся: праз ладную шчыліну ў вільчыку падміргваюць зоркі, рукой можна дастаць да зімы, аднак гэтак цёпла ў бараку, што можна спаць не акрываючыся».

Як не холад, то іншая бяда праследавала навабранцаў — пастаяннае пачуццё голаду: «Жывот не запеў, а нават затрубіў вельмі хутка. <…> Кармілі ж па трэцяй катэгорыі: шэсцьсот пяцьдзясят грамаў хлеба на дзень, дзесяць грамаў цукру, а на прыварак — што Бог пашле. <…> Хлебная пайка лёгка ўмяшчалася на далоні, так што пакуль Віктар стаяў у чарзе за супам ці баршчом (стравы гэтыя адрозніваліся пераважна назвай), то паціхеньку адшчыкваючы ад хлеба, з’ядаў яго ўвесь. Заставалася толькі запіць цвёрды харч супам ці баршчом». Апісаў пісьменнік і тое, з чаго гэты суп гатаваўся: «Жалезнымі ламамі яны адколвалі камлыгі ўшчэнт зледзянелай бульбы, адпарвалі ледзяшы ў катле з цёплай вадой, затым сяк-так бульбу абіралі. Да раніцы суп для многіх соцень салдацкіх жыватоў быў гатовы».

Пры такім слабым харчаванні ніхто не адмяняў баявую падрыхтоўку салдат, іх фізічную працу. На першым часе Віктар думаў, што не вытрывае. Ратавала, хіба, разуменне сваёй далучанасці да «вялікай, святой справы» вызвалення Радзімы. 

Глыбока ўзрушліва гучаць словы пісьменніка пра вялікую місію, якая выпала на лёс яго пакалення: «Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. На ёй ліецца кроў, губяцца маладыя жыцці, але твае бясцэнныя ахвяры не прападуць. Грыміце, трубы, і чаканьце крок, салдаты самай вялікай вайны!..» У гэтых радках аўтар, які на працягу твора з’яўляецца нібы староннім назіральнікам падзей, наблізіўся да сваіх герояў уласцівым яму рамантычным светаўспрыманнем.

Але пасля такога пафаснага прамаўлення будзённа-празаічна перадаецца стан-адчуванне галоўнага героя твора, якога пастаянна праследуе пачуццё голаду: «Малады васямнаццацігадовы жывот, аднак, нельга было замаліць ніякімі, няхай сабе ўзвышанымі і святымі лозунгамі. Ён патрабаваў харчу, і пры гэтым не толькі ў калорыях, а і ў пэўным аб’ёме». Віктар «маляваў ва ўяўленні, колькі б мог з’есці хлеба», як «еў бы адразу з дзвюх рук». «На нарах пасля адбою таксама шапталіся пра харч». І яшчэ адну мастацкую дэталь дадаў пісьменнік: «У хлопцаў ад слабага харчу парос на твары нейкі кволы пух». Матываванай падаецца мара навабранцаў хутчэй трапіць на фронт («там і кормяць лепш, і ўвогуле павага франтавіку»). Асабліва марылі галодныя прызыўнікі пра паўднёвыя франты, і не толькі таму, што ішло паспяховае наступленне на Украіне, «там хлебны край: пшаніца, кукуруза, а якія там з белай мукі паляніцы пякуць!..» 

Пісьменнік паказаў, што слабае харчовае забеспячэнне салдат у тыле спараджала асаблівы попыт на прадукты харчавання і абумоўлівала іх цану: за паддзёўку і куртачку — «дзве каштоўныя па ваенным часе рэчы Віктар ледзь-ледзь выкленчыў семсот рублёў. Затое на тавар уласнай вытворчасці бабы ўзвінцілі цэны як мае быць… Віктар за набыты капітал выпіў бутэльку малака, купіў пяць праснакоў і дзве шклянкі махоркі».