«Хлопцы самай вялікай вайны»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | «Хлопцы самай вялікай вайны» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 21:51 |
Уводзiны
Апавяданне «Хлопцы самай вялікай вайны» было напісана ў 1970 годзе, праз 14 гадоў пасля апавядання «Сямнаццатай вясной», і адрозніваецца ад яго больш сталым асэнсаваннем падзей ваеннага часу, лёсу пакалення 1925 года нараджэння, якое амаль на сто працэнтаў загінула на фронце, у партызанах або ў фашысцкай няволі. Гэта твор-рэквіем па «забітым» пакаленні.
І. Навуменка добра ўсведамляў выключную ролю-місію сваіх аднагодкаў у Вялікай Айчыннай вайне. Сваё меркаванне падмацоўваў выказваннем легендарнага генерала Г. Жукава, які на пытанне «Вось мы перамаглі немцаў на Курскай дузе, немцы былі яшчэ даволі моцныя, скажыце, супастаўляючы нашу армію савецкую і нямецкую, як Вы на гэта глядзіцё, што было мацней у немцаў, што было мацней у нас?» адказаў: «Генштаб быў мацней за генералітэт. І генштаб мацнейшы быў у немцаў. На першым часе мацнейшай у немцаў была і тэхніка, афіцэрскі састаў быў мацнейшы. А што ў нас? А ў нас мацнейшы быў радавы баец. Асабліва моладзь, якая дзесяцігодкі паканчала».
Пацвярджаючы выказванне Жукава, І. Навуменка канстатаваў: «Знаеце, неяк у яго [нашага байца] гарызонты былі шырэйшыя, і я з гэтым цалкам згодзен. Мы ў 1941 годзе афіцэрскага складу вельмі многа страцілі. І тут вось гэты хлопец, з васьмю, дзевяццю, дзесяццю класамі ці з двума курсамі інстытута, яго бралі на курсы на месяц ці болей. Але паколькі ён граматны, ён хутка ўсё схватваў. У нас, у афіцэрах, хто былі? Тыя, кадравыя, іх мала засталося. А вось гэтыя хлопцы, з дзевяццю класамі, з двума курсамі інстытута, яны даходзілі па званню да палкоўнікаў. Вось такі кадравы састаў. Ну і канешне, хлопцы гэтыя былі граматныя. Я сам памятаю, у палку афіцэр разведкі, памочнік начальніка штаба, называўся ПНШ Чыгір, дык ён карты не ўмеў расчытваць, скончыў шэсць класаў калісьці. Дык быў капітанам. А я дайшоў толькі да старшыны. Не хачу хваліцца, але я зводкі складаў. Усё-такі адукацыю сярэднюю атрымалі. Нашы байцы, асабліва граматныя, пісьменныя, яны сваю задачу, нават ваенную задачу, разумелі і выконвалі лепш. Але ж радавых болей за афіцэраў. І вось Жукаў, ды не толькі Жукаў, сказаў, што вайну выйграў дзесяцікласнік».
Жорсткая праўда жыцця
Суровую праўду ваеннай рэчаіснасці ў апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны» І. Навуменка перадае праз успрыманне галоўнага героя Віктара Пасашкі, носьбіта аўтарскай пазіцыі ў творы. Юнаку, як і самому пісьменніку, у 1943 годзе было васямнаццаць гадоў. Для характару Пасашкі ўласцівы такія рысы, як сціпласць, таварыскасць (ён дзеліцца з сябрамі купленай ежай), патрыятызм і рамантычная ўзнёсласць. Але вайна руйнавала мары, забірала жыцці. Трагізмам напоўнены апошнія радкі твора: «Вайна яшчэ не скончылася, а хлопцаў нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзілі ў школу і якія пайшлі на фронт, Віктар жывога не памятаў ужо ніводнага…»
У апавяданні згадваюцца падзеі пачатку вайны (адступленні, акружэнні, доўгія калоны ваеннапалонных), узнаўляюцца рэаліі ваеннага ліхалецця зімы 1943 года («Немцы вунь зноў захапілі Жытомір, ірвуцца да Кіева», «Віктар… навучыўся спаць на снезе, засланым толькі яловымі лапкамі…»), вясны і лета 1944 года («Дарогі зусім расквасіла, паўсюдна, заліваючы акопы і бліндажы, стаялі азярыны талай вады…», «Баямі на Карэльскім перашыйку пачалося гарачае, наступальнае лета сорак чацвёртага года…», «Пачалі наступленне тры Беларускія франты»).
У пачатку твора паказаны расійскія чыгуначныя станцыі Бранск-1 і Бранск-2. Як і іншыя вялікія чыгуначныя вузлы, яны ў час вайны трапілі пад моцную бамбардзіроўку, паколькі на іх было «безліч вайсковых эшалонаў». Калі гэтыя эшалоны былі савецкія — станцыю бамбілі немцы, калі тут затрымліваліся варожыя цягнікі — іх стараліся знішчыць падпольшчыкі і партызаны. Таму і аказаліся станцыі «ў развалінах». Але такія стратэгічна важныя ў ваенны час аб’екты павінны былі хутка ўзнаўляць сваю працу. «Сякія-такія задымленыя каробкі прыстасаваны пад памяшканні ваеннага каменданта, перасыльнага пункта, санпрапускніка, прадпункта. Пуці адрамантаваны», — пісаў аўтар.
Суровая праўда вайны ў творы паказваецца і праз апісанне «добрай» цяплушкі, у якой разам з іншымі навабранцамі «пашанцавала» ехаць Віктару: «Двух’ярусныя з неачэсаных дошак палкі на месцы, на падлозе ніхто не спіць. Ёсць жалезная пячурка з выведзенай у столь, а не ў акно трубой. Трэба толькі ўвесь час падкладваць дровы, бо калі хоць на гадзіну пячурка астывае, то на сценах вагона, асабліва ля дзярэй і па кутках, адразу выступае белая намаразь. Але вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У ход ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў». Праз даволі падрабязнае апісанне пісьменніку ўдалося стварыць малюнак «кепскай» цяплушкі, у якой труба з пячуркі выходзіць у акно, а такі вагон нагрэць немагчыма. Паколькі палкоў другога яруса ў ім ужо няма, людзі вымушаны спаць на падлозе. Хутчэй за ўсё палкі спалілі, як і «снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў», ратуючыся ад невыноснага холаду, каб не задубянець: «усю дарогу, калі пячурка астывала, у яго [Віктара] мерзлі калені». У іншых умовах гаспадарлівыя беларусы ніколі б не адважыліся на такое вераломства.
«Пашчасціла» герою не толькі з цяплушкай, але і з жыллём у тылавой часці, дзе яго запасны полк праходзіў баявую вучобу. «Барак, у які трапіў Віктар, змяшчае на сваіх трох’ярусных нарах восемсот чалавек». Такая вялікая колькасць людзей у адным памяшканні, акрамя іншых няўтульнасцей вайсковага жыцця, усё ж ратавала салдат ад холаду. «Віктару дасталося месца на трэцім паверсе, пад самым дахам. Ён дзівіўся: праз ладную шчыліну ў вільчыку падміргваюць зоркі, рукой можна дастаць да зімы, аднак гэтак цёпла ў бараку, што можна спаць не акрываючыся».
Як не холад, то іншая бяда праследавала навабранцаў — пастаяннае пачуццё голаду: «Жывот не запеў, а нават затрубіў вельмі хутка. <…> Кармілі ж па трэцяй катэгорыі: шэсцьсот пяцьдзясят грамаў хлеба на дзень, дзесяць грамаў цукру, а на прыварак — што Бог пашле. <…> Хлебная пайка лёгка ўмяшчалася на далоні, так што пакуль Віктар стаяў у чарзе за супам ці баршчом (стравы гэтыя адрозніваліся пераважна назвай), то паціхеньку адшчыкваючы ад хлеба, з’ядаў яго ўвесь. Заставалася толькі запіць цвёрды харч супам ці баршчом». Апісаў пісьменнік і тое, з чаго гэты суп гатаваўся: «Жалезнымі ламамі яны адколвалі камлыгі ўшчэнт зледзянелай бульбы, адпарвалі ледзяшы ў катле з цёплай вадой, затым сяк-так бульбу абіралі. Да раніцы суп для многіх соцень салдацкіх жыватоў быў гатовы».
Пры такім слабым харчаванні ніхто не адмяняў баявую падрыхтоўку салдат, іх фізічную працу. На першым часе Віктар думаў, што не вытрывае. Ратавала, хіба, разуменне сваёй далучанасці да «вялікай, святой справы» вызвалення Радзімы.
Глыбока ўзрушліва гучаць словы пісьменніка пра вялікую місію, якая выпала на лёс яго пакалення: «Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. На ёй ліецца кроў, губяцца маладыя жыцці, але твае бясцэнныя ахвяры не прападуць. Грыміце, трубы, і чаканьце крок, салдаты самай вялікай вайны!..» У гэтых радках аўтар, які на працягу твора з’яўляецца нібы староннім назіральнікам падзей, наблізіўся да сваіх герояў уласцівым яму рамантычным светаўспрыманнем.
Але пасля такога пафаснага прамаўлення будзённа-празаічна перадаецца стан-адчуванне галоўнага героя твора, якога пастаянна праследуе пачуццё голаду: «Малады васямнаццацігадовы жывот, аднак, нельга было замаліць ніякімі, няхай сабе ўзвышанымі і святымі лозунгамі. Ён патрабаваў харчу, і пры гэтым не толькі ў калорыях, а і ў пэўным аб’ёме». Віктар «маляваў ва ўяўленні, колькі б мог з’есці хлеба», як «еў бы адразу з дзвюх рук». «На нарах пасля адбою таксама шапталіся пра харч». І яшчэ адну мастацкую дэталь дадаў пісьменнік: «У хлопцаў ад слабага харчу парос на твары нейкі кволы пух». Матываванай падаецца мара навабранцаў хутчэй трапіць на фронт («там і кормяць лепш, і ўвогуле павага франтавіку»). Асабліва марылі галодныя прызыўнікі пра паўднёвыя франты, і не толькі таму, што ішло паспяховае наступленне на Украіне, «там хлебны край: пшаніца, кукуруза, а якія там з белай мукі паляніцы пякуць!..»
Пісьменнік паказаў, што слабае харчовае забеспячэнне салдат у тыле спараджала асаблівы попыт на прадукты харчавання і абумоўлівала іх цану: за паддзёўку і куртачку — «дзве каштоўныя па ваенным часе рэчы Віктар ледзь-ледзь выкленчыў семсот рублёў. Затое на тавар уласнай вытворчасці бабы ўзвінцілі цэны як мае быць… Віктар за набыты капітал выпіў бутэльку малака, купіў пяць праснакоў і дзве шклянкі махоркі».
Роля мастацкай дэталі ў творы
Жорсткія ваенныя рэаліі І. Навуменку ўдалося стварыць праз паказ убоства вопраткі і абутку навабранцаў: «Сярод абутку былі лапці, чуні, апоркі, розных відаў і фасонаў разбітыя чаравікі і, мабыць, на тры ці чатыры сотні людзей ніводнай пары прыстойных ботаў». Здаецца, ніхто з беларускіх пісьменнікаў, асэнсоўваючы ваенную тэму, не засяроджваўся на такіх «дробязях» салдацкага побыту, як гэта зрабіў І. Навуменка. Яны з’яўляюцца ў творы мастацкімі дэталямі, дзякуючы якім пісьменніку ўдалося перадаць усю жорсткую праўду вайны. У апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны» мастаком слова пераканаўча паказана, якой цаной заплаціла савецкая краіна за Вялікую Перамогу. Засведчыў пісьменнік і масавы энтузіязм напаўгалодных, абы-як адзетых і абутых людзей, якія, нягледзячы ні на што, рабілі ўсё магчымае і немагчымае ў барацьбе з акупантамі.
Роля мастацкай дэталі ў творы
Жорсткія ваенныя рэаліі І. Навуменку ўдалося стварыць праз паказ убоства вопраткі і абутку навабранцаў: «Сярод абутку былі лапці, чуні, апоркі, розных відаў і фасонаў разбітыя чаравікі і, мабыць, на тры ці чатыры сотні людзей ніводнай пары прыстойных ботаў». Здаецца, ніхто з беларускіх пісьменнікаў, асэнсоўваючы ваенную тэму, не засяроджваўся на такіх «дробязях» салдацкага побыту, як гэта зрабіў І. Навуменка. Яны з’яўляюцца ў творы мастацкімі дэталямі, дзякуючы якім пісьменніку ўдалося перадаць усю жорсткую праўду вайны. У апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны» мастаком слова пераканаўча паказана, якой цаной заплаціла савецкая краіна за Вялікую Перамогу. Засведчыў пісьменнік і масавы энтузіязм напаўгалодных, абы-як адзетых і абутых людзей, якія, нягледзячы ні на што, рабілі ўсё магчымае і немагчымае ў барацьбе з акупантамі.
Элементы рамантыкі ў апавяданні
Ад твора да твора ішоў пісьменнік разам са сваімі героямі дарогамі вайны, ад твора да твора не толькі расло яго майстэрства, але і спасцігалася глыбей і праўдзівей роля і месца бязвусых юнакоў у гэтай самай страшнай вайне (на жаль, не апошняй). Не менш важна, што больш аб’ектыўным рабілася стаўленне І. Навуменкі да падзей, якія з гадамі ўсё аддаляліся і разам з тым нібыта набліжаліся, бо хацелася зноў агледзець іх, і погляд станавіўся ўсё менш рамантычна-ўзнёслым. Празаік глядзеў на ўсё з вышыні значнага адрэзку перажытага, як чалавек, які ведае шмат таго, чаго не ведалі і не маглі ведаць «хлопцы-равеснікі».
Стыль І. Навуменкі ў апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны» падкрэслена рэалістычны, асабліва пры адлюстраванні абставін, у якіх разгортваецца дзеянне, і толькі ў асобных выпадках (маршыроўка на пляцы пад «маршы і мелодыі баявых ваенных песень», што выконваў духавы аркестр) ва ўспрыманні галоўнага героя набывае адзнакі рамантычнай узнёсласці, павышанай эмацыянальнай афарбоўкі: «і, захоплены магутнай плынню музыкі, адчуваннем еднасці, блізкасці з усімі гэтымі людзьмі, урачыстай велічнасцю моманту, Віктар забываў пра галодны жывот, пра тое, што на ім целяпаецца няўклюдны шынель, а ад правага чаравіка зусім адстала падэшва. Тое самае, здаецца, адчувалі ўсе…»
У інтэрв’ю «Маё пакаленне» («Книжное обозрение», 26 кастрычніка 1968 года) І. Навуменка адзначаў: «Маё пакаленне, народжанае ў сярэдзіне дваццатых гадоў, вылучаецца цэльнасцю характару. Мне яно асабліва падабаецца сваёй рамантыкай, марай аб подзвігу…»
Унутраная самаацэнка юнакоў; жаночы, мацярынскі погляд на рэаліі вайны
У апавяданнях «Хлопцы самай вялікай вайны» і «Сямнаццатай вясной» паказаны розныя перыяды Вялікай Айчыннай вайны (яе пачатак і 1943—1944 гады), а адпаведна і розныя этапы станаўлення пакалення, да якога належаў сам Іван Якаўлевіч. Калі ў «Сямнаццатай вясне» Цімох і яго сябры выступаюць у большай ступені рамантыкамі, летуценнікамі, рызыкантамі і максімалістамі, то ў «Хлопцах самай вялікай вайны» Віктар і яго равеснікі выглядаюць досыць сталымі людзьмі. Прайшоўшы праз выпрабаванні падпольнай і партызанскай барацьбы, яны здольны крытычна ацэньваць падзеі, здольны на ўнутраную самаацэнку. Гэта самаацэнка набывае розныя адценні ў залежнасці ад сітуацый, у якія трапляюць героі. Гэта і іранічная ацэнка знешняга выгляду прызыўнікоў («З лазні выходзілі прыгажунамі — хоць у каноплі стаўляй»), і рэалістычны погляд на рэаліі ваеннага часу («На першым часе ён думаў, што не вытрывае»), і ўзвышана-рамантычнае ўсведамленне сваёй місіі ў «самай вялікай вайне» («Але, зрэшты, гэта былі дробязі. Галоўнае было… у тым, што ён, Віктар, прылучан да вялікай, святой справы, за якой сочыць увесь свет, якая вырашае лёс будучых пакаленняў»).
Самаацэнка юнакоў у апавяданні выяўлена і праз веру былога партызана Васі Гайчука ў тое, што на яго гімнасцёрку сам Калінін «прывінціць… залатую зорачку». І гэта не проста дзіцячая мара хлопца, а рэальная ацэнка свайго ўкладу ў вялікую справу («…тыя, што былі з Васем разам у партызанах… ведалі, што ён удзельнічаў у падрыве дзевяці эшалонаў, два ці тры разы яго прадстаўлялі на ордэн, але ўзнагароды не дачакаўся — пайшоў на фронт»).
У апавяданні пададзены і жаночы погляд на рэаліі вайны. Гандляркі на станцыі Фаянсава «з нечуванай лютасцю накінуліся» на навабранцаў, якія прыбылі ў тылавы вучэбны полк.
«— Сволачы праклятыя!.. Нашы даўно галовы палажылі, а яны толькі ідуць!..
— Ваякі няшчасныя! Спалі з жонкамі на печы…
— Глядзі, ражку наеў, патрыёт… <…>
— Вочы б мае не глядзелі б на вас, ірадаў…
— Дэзерціры…
— Кулачугі…
— Пад спадніцамі ў жонак хаваліся…»
У абразлівых рэпліках жанчын увасоблены не толькі пагардлівыя адносіны да тых, хто ўхіляўся ад удзелу ў вайне, але і душэўны боль удоў, мужоў якіх забрала вайна.
Адносіны жанчын да салдат істотна мяняюцца, калі яны адпраўляюцца на фронт: «іх адносіны да салдат у новых шынялях былі зусім не такія, чым да абарванцаў, што месяц назад сюды прывандравалі.
— Сыночкі, канчайце хутчэй вайну. Ужо дыхаць болей нельга.
— Выганяйце немца — і дадому…
— Божа, Божа, якія маладзенькія. Як дома тым маткам…
— Бач, шыя тоненькая. Які ён салдат — дзіця…
Некаторыя з баб выціралі ражкамі хустак слязіну…»
У жаночых рэпліках выяўлены мацярынскія спачувальна-клапатлівыя адносіны да маладзенькіх салдат, якім суджана было ахвяраваць жыццём.
Шматгранны партрэт пакалення
І. Навуменка ў час Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, партызанам, франтавіком, таму ў апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны» яму ўдалося напісаць шматгранны партрэт ваеннага пакалення і асэнсаваць часам няпростыя ўзаемаадносіны паміж яго прадстаўнікамі: «…партызаны і наогул усе тыя, каму прыйшлося хадзіць не прамымі, а звілістымі, пакручастымі сцежкамі вайны, не надта раскрываюцца перад байцамі, камандзірамі, што мералі да прыдняпроўскага мястэчка крывавыя кіламетры ад самай Волгі. Вайскоўцы іх проста не разумеюць. Яны гордыя пройдзеным шляхам, перамогамі і як бы забываюць, што акрамя сорак трэцяга года быў сорак першы, калі гэтая самая дарога пятляла адступленнямі, акружэннямі, калі па ёй панура пляліся доўгія калоны ваеннапалонных.
У сваю чаргу партызаны не надта прызнаюць тых, хто, чым мог, шкодзіў немцам, не адрываючыся ад сям’і і роднага паселішча…
Зрэшты, вагон прымірыў супярэчнасці. Наперадзе вайна».
Нягледзячы на рознагалоссі паміж франтавікамі і навабранцамі, усе вайскоўцы мараць пра хуткую адпраўку на фронт, усведамляюць сябе місіянерамі «самай вялікай вайны». Такім чынам, ужо загаловак твора перадае патрыятычны настрой і герояў, і аўтара апавядання. Сумуючы па дачасна загубленых маладых жыццях, усведамляючы трагедыйную ахвярнасць кошту перамогі, пісьменнік услаўляе подзвіг пакалення, якому суджана было на сваіх плячах вынесці цяжар гэтай вайны.
Пытаннi
1. Вызначце тэму і ідэю апавядання І. Навуменкі «Хлопцы самай вялікай вайны». | |
2. Раскрыйце вобраз Віктара Пасашкі, склаўшы цытатны план характарыстыкі героя. | |
3. Ахарактарызуйце і параўнайце вобразы маладога пакалення ў апавяданнях «Хлопцы самай вялікай вайны» і «Сямнаццатай вясной». | |
4. Паразважайце, чаму вучаць творы пісьменніка-рамантыка. | |
5. Калі б вы былі мастаком, якія б ілюстрацыі і чаму прапанавалі да апавяданняў І. Навуменкі? | |
6. Абгрунтуйце думку крытыка Д. Бугаёва, што для І. Навуменкі тэма «хлопцаў-равеснікаў», аднагодкаў аўтара стала «сваёй, жыццёва важнай, запаветнай». | |
7. Успомніце, хто з рускіх і сусветных пісьменнікаў узнімаў праблему «забітага» пакалення. Акрэсліце агульнае і адметнае ў спосабах выяўлення аўтарскай пазіцыі. | |
8. Калі б вам патрэбна было расказаць нашчадкам пра сваё пакаленне, на якіх рысах характару, паводзінах людзей пачатку ХХІ стагоддзя вы засяродзілі б увагу і чаму? |