§ 6. Камп'ютарныя інфармацыйныя мадэлі

6.3. Сістэмны падыход у мадэляванні

Пры стварэнні мадэляў добрыя вынікі даюць некалькі агульных падыходаў і метадаў.

Сістэма — гэта сукупнасць аб'ектаў любой прыроды, якая ўспрымаецца як адзіны аб'ект.

Аб'екты, якія складаюць сістэму, называюцца яе элементамі.

Сістэмны падыход у мадэляванні заключаецца ў тым, што аб'ект, які мадэлюецца, уяўляецца ў мадэлі як сістэма.

Пры выкарыстанні сістэмнага падыходу элементы сістэмы могуць быць натуральнымі аб'ектамі (прыклад 6.9) або вылучацца штучна (прыклад 6.10).

У многіх задачах аб'ект мадэлявання ўзаемадзейнічае з навакольным асяроддзем, якое акружае яго. У такіх выпадках разглядаюць сістэму «аб'ект-знешняе асяроддзе» з двума аб'ектамі, якія ўзаемадзейнічаюць.

Калі ж аб'ект мадэлявання пры вырашэнні задачы сам уяўляецца як сістэма, то знешняе асяроддзе элементам такой сістэмы не лічыцца, але павінна ўлічвацца.

Прыклад 6.9. Пры мадэляванні сонечнай сістэмы яе элементы вылучаюцца зусім натуральна. Гэта Сонца і планеты.

Пры мадэляванні чалавечага грамадства як элементы натуральна разглядаюцца групы людзей.

Менавіта так, у 9-м класе элементамі сістэмы ў задачы выбару становішча чыгуначнай станцыі паслужылі населеныя пункты і станцыя.

Прыклад 6.10. А вось металічная пласціна ў разгледжанай намі задачы вызначэння тэмпературных рэжымаў была прадстаўлена як сістэма, якая аб'ядноўвае яе неіснуючыя ўмоўныя элементы (квадраты).

Такі ж падыход быў выкарыстаны пры мадэляванні руху матацыкла. Матацыкл разам з матацыклістам у матэматычнай мадэлі быў прадстаўлены як сістэма з шасці ўмоўных матэрыяльных пунктаў.