§ 5. Стварэнне дадаткаў

5.1. Распрацоўка аконных дадаткаў

Стварэнне любога аконнага дадатку ажыццяўляецца, як правіла, у тры этапы:

  1. Стварэнне інтэрфейса дадатку, г. зн. сродкаў узаемадзеяння карыстальніка з праграмай.
  2. Распрацоўка сцэнарыя работы будучага дадатку. На гэтым этапе вызначаюць, якая інфармацыя будзе выводзіцца на экран, якія падзеі будуць адбывацца пры выкарыстанні розных кампанентаў, як дадатак павінен завяршыць работу, якія вынікі і ў якім выглядзе захаваць і г. д.
  3. Распрацоўка алгарытму рашэння пастаўленай задачы.

Большасць дадаткаў у аперацыйнай сістэме Windows выглядаюць і паводзяць сябе падобным чынам. Кампанія Microsoft прапанавала рэкамендацыі для распрацоўкі праграмнага забеспячэння, накіраваныя на тое, каб карыстальнік не марнаваў час на засваенне нюансаў карыстальніцкага інтэрфейса новай праграмы, а адразу пачаў прадуктыўна яе выкарыстоўваць. Гэтыя рэкамендацыі заснаваныя на псіхафізіялагічных асаблівасцях чалавека і істотна палегчаць жыццё будучым карыстальнікам вашай праграмы.

Прывядзём некаторыя рэкамендацыі па распрацоўцы графічнага інтэрфейса аконных дадаткаў (прыклад 5.1)

Прыклад 5.1. Рэкамендацыі па стварэнні аконных дадаткаў.

  1. У дадатку рэкамендуецца размясціць галоўнае меню і інструментальную панэль хуткіх кнопак, дублiруючых асноўныя раздзелы меню.
  2. Пажадана, каб аб'екты дадатку валодалі кантэкстнымі меню, якія з'яўляюцца пры націску правай клавішай мышы па аб'екце.
  3. Для аб'ектаў рэкамендуецца прапісаць падказкі, усплывальныя пры навядзенні паказальніка мышы на аб'ект.
  4. Рэкамендуецца рэалізаваць радок стану, які выкарыстоўваецца для выдавання рознай інфармацыі.
  5. Пры націску клавішы F1 павінен загружацца файл даведкі.
  6. У праграме пажадана рэалізаваць магчымасць налады і захавання налад, каб пры наступным сеансе працы іх не прыйшлося ўстанаўліваць нанова.
Магутным уздзеяннем на псіхіку чалавека з'яўляецца колер, таму з ім трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Трэба імкнуцца выкарыстоўваць абмежаваны набор колераў і надаваць увагу іх правільнаму спалучэнню. Успрыманне колеру ў чалавека вельмі індывідуальна, таму не варта навязваць усім сваё бачанне колеру. Пажадана, каб асноўны колер формы быў нейтральным (напрыклад, у большасці дадаткаў Microsoft гэта светла-шэры колер).