Драматургія

Традыцыі драматургіі Кандрата Крапівы і А. Макаёнка ў творчасці сучасных пісьменнікаў

Асабліва важным з’яўляецца ўплыў на творчасць драматургаў мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў такіх прызнаных майстроў, як Кандрат Крапіва і А. Макаёнак. Дасціпнасць, творчая смеласць, праніклівасць, глыбіня мастацкіх абагульненняў, уменне спалучаць наватарства зместу і формы з вечнымі, агульначалавечымі праблемамі вылучалі п’есы «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы, «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна» А. Макаёнка. У той жа час кожны з іх меў свой непаўторны пісьменніцкі почырк, сваю творчую індывідуальнасць. Вяршыні, на якія ўзнялі беларускую драматургію, асабліва камедыю, Кандрат Крапіва і А. Макаёнак, ставяць высокія патрабаванні перад маладзейшымі аўтарамі.

Многія дасягненні сучаснай беларускай драматургіі звязаны з жанрам камедыі, якая набывае новыя адметнасці. Традыцыю «прапускаць жыццё праз прызму смешнага», гаварыць пра сур’ёзнае мовай сатыры і гумару, перамагаць зло «самым гуманным сродкам — смехам» перанялі ад Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка такія сучасныя драматургі, як Мікола Матукоўскі, Анатоль Дзялендзік, Георгій Марчук, Мікола Арахоўскі, Уладзімір Сауліч, Мікола Казачонак, Алег Ждан, Алесь Асташонак, Андрэй Федарэнка, Максім Клімковіч, Міраслаў Адамчык. Асэнсаванне шматграннай і складанай сучаснасці з дапамогай гратэску, гіпербалізаванага завастрэння жыццёвых сітуацый і з’яў, парадаксальнага спалучэння камічнага з трагічным адбываецца ў камедыях Уладзіміра Сауліча «Сабака з залатым зубам», «Халімон камандуе парадам», «Адзін Гаўрыла ў Полацку», Івана Стадольніка «Залатое вяселле». Жанрава-стылёвай разнастайнасцю вызначаюцца творы Георгія Марчука: камедыя--лубок1 «Вясёлыя, бедныя, багатыя», народная музычная камедыя «Калі заспявае певень», лірычная камедыя «Салодкія слёзы» і інш.

Гэтыя творы напісаны на аснове добра вядомага Г. Марчуку матэрыялу. Героі яго п’ес — пераважна жыхары беларускага мястэчка са сваім адметным менталітэтам і норавамі. Захапляльнымі і вясёлымі робяць творы драматурга бліскучыя дыялогі, гумар, зварот да фальклору, паэтыкі беларускай батлейкі, беларускіх песень і прыпевак. Рэалістычны стыль пісьма Г. Марчука вельмі ўдала ўзбагачаецца і ўскладняецца элементамі сімвалізму, рамантызму, іншасказання. У камедыях «Дэфіцытны жаніх», «Блудны муж і Варвара», «Люцікі-кветачкі» арыгінальна спалучаюцца рэальнае і містычнае, трагічнае і камічнае. Народны каларыт, вадэвільнасць, высокая напружанасць, дынамізм дзеяння характарызуюць п’есы Г. Марчука. Яны выклікаюць у чытача прыхільнасць, спачуванне, цікавасць да сучасных праблем герояў-палешукоў.

Сучасныя драматычныя творы, у якіх прысутнічае камедыйны пачатак, вельмі сінкрэтычныя ў жанрава-стылёвым плане. Для сучаснай беларускай літаратуры ўвогуле характэрна імкненне да сінкрэтызму. У драматургіі ж гэта асабліва заўважаецца. На мяжы XX— XXI стагоддзяў у беларускай драматургіі папулярнасць набывае жанр трагікамедыі. У класічнай айчыннай драматургіі гэты жанр прадстаўлены такімі выдатнымі п’есамі, як «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Трыбунал» А. Макаёнка. На сучасным этапе да жанру трагікамедыі звярнуліся Алесь Ждан («Сям’я для старога сабакі»), Iван Чыгрынаў («Госці»), Сяргей Кавалёў («Чатыры гісторыі Саламеі»).

__________

1 Каме´дыя-лубо´к — камедыя, напісаная ў стылі народнага лубка; вызначаецца прастатой, даступнасцю, ёмістасцю вобразаў, займальнасцю.