Драматургія

Новыя мастацка-эстэтычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай драматургіі: Анатоль Дзялендзік і інш.

На новым этапе свайго развіцця гістарычная драма абнаўляецца жанрава-стылістычна і тэматычна. Наватарскімі як у ідэйна-тэматычным, так і жанравым плане з’яўляюцца гістарычная драма І. Чыгрынава «Следчая справа Вашчылы», «негістарычная» драма «Магічнае люстэрка пана Твардоўскага» С. Кавалёва. Арыгінальнасцю вылучаецца прысвечаная В. Дуніну-Марцінкевічу п’еса А. Асташонка «Камедыянт, або Узнёсласць сумнай надзеі». Сам аўтар вызначыў жанр п’есы як калядны фарс. Падзеі ў творы адбываюцца ў калядную ноч, яны носяць адбітак таямнічасці і загадкавасці. Тут усё — маскарад, пераапрананне, песні калядоўшчыкаў, камічныя дыялогі, жарты — спалучаецца ў адно дзейства. Разам з тым падзеі твора падводзяць да сур’ёзных вывадаў пра сутнасць мастацтва, прызначэнне чалавека на зямлі.

У сучаснай драматургіі побач з абнаўленнем традыцыйных рэалістычных падыходаў вядзецца актыўны творчы пошук іншых шляхоў мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, выяўляецца імкненне да пераўтварэння традыцыйнай эстэтыкі. Прадстаўнікі новай хвалі ў беларускай драматургіі звяртаюцца да вопыту еўрапейскай, сусветнай драматургіі і тэатра, засвойваюць прыёмы мадэрнісцкай і постмадэрнісцкай паэтыкі.

Беларуская «нетрадыцыйная», эксперыментальная драматургія вызначаецца павышанай увагай аўтараў да мастацкай формы, жанру твораў. Прадстаўнікі гэтага напрамку спрабуюць адшукаць нацыянальны варыянт драмы абсурду, звяртаюцца да ўмоўна-фантастычных прыёмаў, гратэску, гульні. Абсурдысцкая драма заклікана раскрыць бессэнсоўнасць, алагічнасць існавання грамадства, выявіць стан чалавека ва ўмовах несвабоды, таго паўсядзённага ідыятызму i жахлівага абсурду, калі свет робіцца перакуленым i ў ім разбураны маральныя i гуманістычныя асновы жыцця.

Беларуская драма абсурду, як і еўрапейская, узнікае як рэакцыя на супярэчлівую сучаснасць. Драматургі імкнуцца выявіць глыбокі ўнутраны канфлікт, пачуццё неўладкаванасці, адчужанасці, адзіноты чалавека ў свеце. З’яўленне драмы абсурду ў беларускай літаратуры — не проста даніна модзе. Элементы паэтыкі абсурду заўважаліся ў творах беларускай камедыяграфіі, асабліва ў трагікамедыях «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка, камедыі «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы.

У стылі эксперыментальнай драматургіі напісаны і «камедыі абсурду» вядомага беларускага драматурга і сцэнарыста Анатоля Дзялендзіка (1934—2019). Згодна з аўтарскім вызначэннем яны разнастайныя ў жанрава-стылёвым плане: фарс-вадэвіль «Гіпапатам», лірычна-драматычная камедыя «Яблычны Спас» (сцэнічная версія — «Смак яблыка»), камедыя абсурду «Султан Брунея», трагікамедыя «Алена», «чорная» камедыя «Паўночны аўкцыён» і інш. Аднак іх аб’ядноўвае матыў абсурднасці рэалій сацыяльнага жыцця канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Асабліва выразны ён у п’есе «Султан Брунея» (1994, пастаўлена ў 1998), якая паводле стылёвых прымет больш за ўсё адпавядае вызначэнню «камедыя абсурду». Аднак абсурд у творы выяўляецца пераважна не праз паэтыку, як гэта характэрна для п’ес абсурдысцкага плана. Ён сведчанне рэалій часу, адлюстраваных у ім.

У цэнтры ўвагі твора — побыт сям’і вучонага-вынаходніка, якая вымушана весці напаўжабрацкае існаванне ў аднапакаёвай кватэры. Героі твора не надзяляюцца сваімі імёнамі — гэта Бацька, Маці, Дачка, Сын і Дзед. Іх асноўны клопат — імкненне сэканоміць. Даходзіць да таго, што Бацька з дапамогай складаных прыстасаванняў аднаўляе прабітыя транспартныя талончыкі, а Дзед рамантуе для ўнука боты, якія знайшоў на сметніку. Побытавыя, здавалася б на першы погляд, дробязі ў творы гіпербалізуюцца, высвечваюць абсурднасць з’яў больш шырокага маштабу, характэрных постсавецкай рэчаіснасці 1990-х гадоў. Парадаксальнасць апісаных сітуацый абвастраецца тым, што самі героі рэагуюць на ўсё даволі спакойна, нават жартуюць. Урэшце ўсе члены сям’і ўдала прыстасоўваюцца да сацыяльнай нестабільнасці. У фінале твора чытач даведваецца, што былы інтэлігент у будучым 2017 годзе становіцца буйным алігархам, падпольным мільянерам. Не адстаюць ад Бацькі і астатнія члены яго сям’і. Кожны з іх знайшоў свой занятак, які прыносіць добры прыбытак.

Камедыі А. Дзялендзіка вызначаюцца сваёй сцэнічнасцю, хоць не пазбаўлены часам прымітывізму і павярхоўнасці, пагоні за эфектыўнасцю. Па многіх з іх пастаўлены спектаклі, якія мелі значны поспех у гледачоў. Мяккі гумар, віртуознасць, непрадказальнасць сюжэтных хадоў, гратэскавасць, іранічнасць, парадаксальнасць у п’есах сведчаць пра майстэрства драматурга-камедыёграфа.

Прадстаўніком беларускага постмадэрнізму можна лічыць драматурга Ігара Сідарука (нар. у 1964). Праблеме незапатрабаванасці асобы, страчвання ёю адчування ідэнтычнасці, сваёй непаўторнасці і значнасці прысвечана напісаная ў стылі тэатра абсурду п’еса пісьменніка «Галава» (1992). Яна была пастаўлена на сцэне Дзяржаўнага тэатра-лабараторыі нацыянальнай драматургіі «Вольная сцэна» (цяпер — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) і прынесла вядомасць аўтару. Твор па жанравым вызначэнні з’яўляецца фарсабсурдам (сам аўтар даў п’есе падзагаловак «Казачны фарс»). Праз абсурд у творы выяўляецца негатыўнае сацыяльнае ўпарадкаванне жыцця. Таму ў творы І. Сідарука, як і ў многіх іншых абсурдысцкіх п’есах, няма традыцыйных вобразаў-характараў, а дзейнічаюць абагульненыя тыпы без імёнаў, істоты, набліжаныя да стану звычайных рэчаў — «экспанатаў». У творы няма пэўнага сюжэта. Усё навокал — суцэльная бяссэнснасць і наканаванасць. Адсутнічае тут і часавае вымярэнне, што адпавядае законам тэатра абсурду, які яшчэ называюць «тэатрам спыненага гадзінніка». Учынкі і мова герояў драмы алагічныя.

У сучаснай беларускай драматургіі назіраецца актыўнае развіццё п’ес фальклорнага напрамку. Да фальклорных матываў і вобразаў звярнуліся такія творцы, як Галіна Каржанеўская, Пятро Васючэнка, Уладзімір Сіўчыкаў, Сяргей Кавалёў, Зінаіда Дудзюк, Ігар Сідарук. Драматычныя казкі для дзяцей гэтых аўтараў ставяць у аснову канфлікту барацьбу дабра са злом. Як заўсёды ў казках, дабро перамагае зло, а героі праходзяць значныя выпрабаванні, здзяйсняюць смелыя высакародныя ўчынкі. Яркімі дыялогамі, рамантыкай, ідэяй рыцарства і самаахвярнасці вызначаюцца казкі-прыпавесці П. Васючэнкі «Страшнік Гам», «Маленькі збраяносец», «Новы калабок» і інш. Казкі П. Васючэнкі, як і З. Дудзюк («Сінязорка», «Жывая вада»), І. Сідарука («Кветкі пад ліўнем», «Збавіцель») і іншыя, адрасаваны не толькі дзецям, але і дарослым.