Проза

Тэматыка і сацыяльна-філасофская праблематыка сучаснай прозы. Асэнсаванне пісьменнікамі стасункаў асобы і грамадства, повязі часоў і пакаленняў

Галоўным героем сучаснай прозы з’яўляецца чалавек, які жыве ва ўмовах падзей, складаных, турботных, імклівых, які памыляецца, ламаецца, змагаецца за праўду, справядлівасць, уласную годнасць. Сучаснага героя хвалююць праблемы вёскі, аховы прыроды, сям’і, кахання, адносін бацькоў і дзяцей, а таксама ўрбанізацыі, глабалізацыі і інш.

Складаныя маральна-філасофскія праблемы ўзнімаюцца ў сучаснай ваеннай прозе. Да падзей мінулай вайны пераважна звяртаецца пакаленне старэйшых пісьменнікаў, дзяцінства і юнацтва якіх прыпала на гады неверагодных выпрабаванняў.

Алесь Савіцкі (1924—2015) прысвяціў свой раман-споведзь «Пісьмо ў Рай» (2003) бацьку, які пакінуў сыну ў спадчыну магутны маральны запавет, угрунтаваны на неабыякавасці да жыцця і людзей. «Кожнаму з нас на загоне жыццёвага шляху на зямлі небам дараваны толькі дзве дарогі — альбо Рай, альбо Пекла», — напісаў А. Савіцкі. І, звяртаючыся ў думках да свайго бацькі, дадаваў: «Пекла ты адбыў тут, на зямлі. А двойчы туды, як кажуць мудрыя людзі, трапіць немагчыма».

У жанравым плане «Пісьмо ў Рай» уяўляе сабой сінтэз мастацкага і дакументальнага кампанентаў, аповед у ім вядзецца ад імя лірычнага героя — Андрэя Смоліча. Гэты персанаж шмат у чым аўтабіяграфічны, і споведзь яго глыбока псіхалагічная, напоўненая як пакутлівым роздумам над падзеямі даваеннага, ваеннага часу, так і клопатам героя пра сённяшні лёс краіны, нашага сучасніка. Падзеі ў пераважнай большасці адбываюцца на Полаччыне, такой мілай і любай для героя зямлі.

Андрэй Смоліч спавядаецца ў трагічных стратах сваёй сям’і, якая ў 1941 годзе атрымала паведамленне, што бацька прапаў без вестак на фронце, але ў 1946 годзе выявілася, што ён знаходзіцца ў сталінскіх лагерах як здраднік. Спроба заступіцца за дарагога чалавека абярнулася для Андрэя пагрозай выключэння з інстытута, кляймом сына «ворага народа», падазрэннямі ў палітычнай ненадзейнасці. Невымернай стратай для Смоліча стала смерць братоў, а потым і маці. Андрэй адчуў вялікую адказнасць «быць працягам гэтаму свету»: «Мы крывёю і слязьмі заплацілі за свой горкі жыццёвы вопыт. А ці здолеюць яны, новыя пакаленні, своечасова і выразна ўбачыць і зразумець? Што замінала нам і замінае ім жыць шчасліва? Ці здолеюць своечасова разгледзець твары драпежнікаў, зразумець іх падманныя словы і абяцанні, каб не скакаць пад ілжывыя трэлі тоўстых дудак і тонкіх дудачак, колер і сутнасць якіх аднолькава чорныя?» Адчуванне бацькавага клопату пра малога, а потым і пра дарослага сына духоўна мацуе, загартоўвае Андрэя, надае яму сілы не зламацца, вытрываць цяжар віхурных ваенных гадоў і няпростага мірнага часу.

У бацькоў Андрэй Смоліч засвоіў каштоўнасці, якімі будзе кіравацца на працягу ўсяго свайго жыццёвага шляху. Само жыццё для героя ёсць найвышэйшая каштоўнасць-прыгажосць, якую «трэба заўсёды бараніць, бо іначай запануе цемра». Ён упарта бароніць таксама праўду і справядлівасць, ён упэўнены ў бацькавай невінаватасці: «Праўду хачу абараніць!..» Малады і гарачы юнак не ўлічыў, на жаль, рэалій жыцця ў сталінскую эпоху, а здрадзіць роднаму чалавеку хлопец не мог.

Ад бацькоў Андрэй Смоліч засвоіў: ад чалавека застаецца толькі тое, што ён пакідае пасля сябе. У звароце да бацькі сын выяўляе ўласнае разуменне сэнсу чалавечага жыцця. На думку героя, толькі зробленае для іншых дабро з’яўляецца апраўданнем нашай прысутнасці на гэтым свеце. З любасцю і пашанай Андрэй пералічвае бацькоўскія заслугі і вызначае яго ролю ў фарміраванні светапогляду дзяцей. «Ты, дарагі мой, пакінуў пасля сябе трох сыноў і дачку, пакінуў дом, што зладзіў сваімі рукамі, пакінуў дрэвы, якія шмат каго радавалі вясною разлівам белай квецені, а ўвосень сакаўнымі дулямі і яблыкамі. Усё сваё жыццё ты вучыў нас, сваіх дзяцей, што чалавек — дзіця свайго часу. А час — гэта я, гэта ты, гэта мы, гэта тое, на што мы здольныя, гэта тыя святыні, на якія мы молімся. Пад тваім бацькоўскім наглядам мы спасцігалі ісціну, што засвоіў ты ад дзядоў сваіх і прадзедаў: не час мінае, а мінаем мы».

У творы выразна акрэслена аўтарская пазіцыя. А. Савіцкі сцвярджаў, што «мы ўплываем на свой час сваім розумам, сваёй працаю, сваімі памкненнямі, сваёй вераю, мужнасцю і дабрынёй, усім тым, што ствараем наўкола». Празаік адкрыта заклікаў чытача да актыўнай жыццёвай пазіцыі. Ён перакананы: «Усё тое, што створана працаю, трэба не толькі шанаваць, але і абараняць ад расцяробу, ад гвалту і знішчэння. І дамагчыся гэтага чалавек можа толькі сілаю свайго розуму і веры ў тое, што шлях абраны правільна і шлях нас вядзе не ў прорву, а да святла».

Вобраз маці пададзены ў рамане маштабна і аргументавана, жанчына ўсю сябе аддавала дзецям — ахоўвала і бараніла іх, вучыла мужна пераносіць невымерны цяжар пакут, гартавала іх волю, гонар і годнасць. Пісьменнік прыгадаў эпізод ваеннага часу: «У тую ж восень, у лістападзе ўжо, да нас у хату ўваліўся даўгалыгі руды немец. Забінтаваная левая рука вісела на шырокай зялёнай почапцы — шпіталь быў у былым Доме афіцэраў, і ён, мабыць, адтуль і прыцёгся. Мама толькі-толькі скончыла працу — распусціла старыя пальчаткі і звязала прыгожыя шкарпэткі нашай Валі. Немец убачыў іх... і торкнуў шкарпэткі ў кішэню. Ha парозе ён спыніўся, павярнуўся ў наш бок, нейкі час глядзеў на маму... і вочы яго раптам дзіўна звузіліся, вусны сціснуліся, і мне падалося, што немец нечым жахліва збянтэжаны. Але далей было зусім нечаканае для нас: немец ступіў да стала, асцярожна паклаў шкарпэткі на тое месца, дзе яны і ляжалі, і, не азіраючыся, рушыў з хаты. Што ён, той немец, убачыў у вачах нашай мамы? Якой сілы агонь праменілі маміны вочы? Як завецца той агонь, што прымусіў чужынца не забраць, пакласці на ранейшае месца дабро, што яму ніколі не належала? Вельмі, мабыць, шчаслівы той чалавек, хто можа дакладна патлумачыць гэта. А яшчэ больш шчаслівейшы, мабыць, той чалавек, у вачах якога гэткі агонь можа запаліцца».

Тэма Вялікай Айчыннай вайны, партызанскага руху ў Беларусі скразная ў творчасці пісьменніка. Журналістка Таццяна Падаляк пісала пра А. Савіцкага, што ён катэгарычна не прымаў фальсіфікацый падзей Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменнік быў упэўнены, што нельга забываць яе ўрокаў і пратэставаў супраць спрошчаных адносін да мінулага свайго народа: «Я прайшоў “партызанку” з 1942 года і перакананы, што такой яскравай старонкі ў жыцці беларускай зямлі не было — калі паўстаў увесь народ, ад малога да вялікага... Так, шмат разоў бяда засявала сваім чорным насеннем наш край, і стагнала ад болю зямелька беларуская. За стагоддзі, што сплылі ў нябыт, ваеннага ліхалецця пранеслася над нашай Бацькаўшчынай нямала, але такога жаху яшчэ не было».

Ацэньваючы глыбіню раскрыцця тэмы вайны ў літаратуры, мастак слова звяртаў увагу на неабходнасць больш глыбокага асэнсавання трагічна-гераічнай старонкі нацыянальнай гісторыі: «Напісана многа кніг пра вайну, але, мне думаецца, гэта толькі верхні пласт. Яшчэ будуць створаны новыя кнігі, будзе па-мастацку асэнсавана мужнасць нашага народа. Бо такой мужнасці — мужнасці не асобнага чалавека, а ўсяго народа! — гісторыя Беларусі не ведала. Калі мужнасць становіцца адметнай якасцю народа — гэта ўжо гістарычны факт. І калі сёння той-сёй спрабуе абылгаць, апляваць гераічную старонку зямлі і народа, уся мая партызанская сутнасць пратэстуе супраць гэтага». Звяртаючыся да Неба, А. Савіцкі прасіў у яго літасці да новых пакаленняў, каб яны ніколі не зведалі таго страху, той вайны, той бяды, якая абрынулася на яго сучаснікаў.

У творы асуджаецца двурушніцтва, прыстасаванства, прагматызм людзей новай эпохі. Аўтара рамана «Пісьмо ў Рай» сур’ёзна непакоіла тэндэнцыя да маніпуляцыі свядомасцю людзей. Сутыкнуўшыся з фактам вандалізму ў нашы дні ў дачыненні да мемарыялу партызанскай брыгады непадалёку ад Полацка, Андрэй Смоліч уражаны філасофіяй «двухногіх пацукоў»: «Адкуль прыходзяць вандалы? Адкуль з’яўляюцца тыя двухногія пацукі, у якіх замест сэрцаў усаджаны найноўшыя калькулятары ўласнае выгады?.. Яны, вядома ж, не прыходзяць аднекуль. У большасці сваёй гэта нашы, айчынныя вандалы, пацукі нашае ўласнае гадоўлі, і раскашуюць яны з нашае ласкі, з нашае дабрыні, неабачлівасці, лагоды». Пісьменніка трывожыла будучыня народа і чалавецтва. Надзвычай востра ў творы ўздымаецца праблема сутнаснага ў асобным чалавеку, ад чаго залежыць лёс грамадства ў цэлым. Споведзь героя, нашага сучасніка, глыбока псіхалагічная, роздумная, ён імкнецца спасцігнуць глыбінную сутнасць падзей мінулых і сучасных, іх знітаванасць з лёсам кожнага з нас.

У пачатку 1990-х гадоў Віктар Карамазаў (нар. у 1934) зацікавіўся біяграфіямі беларускіх мастакоў і тых, чый лёс быў звязаны з Беларуссю (Антон Бархаткоў, Станіслаў Жукоўскі, Гаўрыіл Вашчанка, Мікалай Неўраў і інш.). Стварыць літаратурны партрэт — задача не з лёгкіх, бо не ва ўсіх мастакоў захаваліся асабістыя архівы і дакументы, якія маглі б стаць асновай мастацкіх тэкстаў.

Аповесць-эсэ Віктара Карамазава «Крыж на зямлі і поўня ў небе: эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі» (1991) складаецца з 24 замалёвак, у якіх знайшлі адлюстраванне жыццёвыя і творчыя перыпетыі знакамітага беларускага пейзажыста.

Нарадзіўся Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля (1872—1957) у фальварку Крынкі, што ў 20 км ад беларускіх Бялынічаў. Тут калісьці жылі людзі, цяпер стаіць толькі велізарны валун з надпісам «Тут нарадзіўся народны мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля». Маці будучага мастака, жанчына адукаваная і дасведчаная ў літаратуры і мастацтве, падарыла сыну першыя фарбы, каб той маляваў навакольныя краявіды, і тым самым заахвоціла юнака стаць мастаком. У Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства — адной з вядучых на той час мастацкіх навучальных устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі — адбылося знаёмства В. Бялыніцкага-Бірулі са знакамітым пейзажыстам І. І. Левітанам, сяброўства і супрацоўніцтва з якім натхніла Вітольда Каятанавіча заняцца пейзажам. На першы погляд Бірулю можна ўспрымаць мастаком невыразным і сумным, але гэта не так. Яго пейзажы надзвычай меладычныя і эмацыянальна-лірычныя.

У час вучобы ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу В. Бялыніцкі-Біруля разважаў пра сваю этнічную прыналежнасць: «Я — беларус… Як часта і інтэлігентныя людзі, вядомыя ў сваіх навуковых, спартовых ці іншых заслужаных справах, закінутыя творчым ці жыццёвым лёсам у іншыя краі, ці то саромеюцца, ці проста не лічаць патрэбным прыгадаць, якога яны роду-племені, з якіх краёў і ваколіц».

З мая да сярэдзіны чэрвеня 1947 года мастак жыў і працаваў на Белай дачы пад Мінскам. Тут В. Бялыніцкі-Біруля напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія сталі асновай цыкла карцін, прысвечаных Беларусі, дзе мастак раскрыў своеасаблівасць прыроды беларускай зямлі: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыня ў квецені», «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна». «У кожнага чалавека ёсць Радзіма. Яна жыве ў сэрцы, у думках. Можна разлюбіць нявесту, жонку, але разлюбіць Радзіму — жахліва, немагчыма. Была вясна. Я хадзіў па роднай беларускай зямлі. Я быў шчаслівы. <…> Дзён, праведзеных у роднай Беларусі, я не магу забыць і не забуду да самай смерці», — пісаў В. Бялыніцкі-Біруля пасля наведвання Беларусі.

Пра сваё дачыненне да родных каранёў мастак пісаў: «Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосць, навучыўся яе разумець».

У Беларусі знаходзяцца 444 карціны В. Бялыніцкага-Бірулі. Найбольшую калекцыю твораў мастака можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, таксама яго работы знаходзяцца ў філіяле Музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве. За карціну «Зімовы сон» — адно з лепшых палотнаў В. Бялыніцкага-Бірулі — мастак быў узнагароджаны бронзавым медалём на Міжнароднай выстаўцы ў Барселоне. У карціне, паводле ацэнкі В. Карамазава, выкарыстаны мінімум мастацкіх сродкаў. У цэнтры палатна размяшчаецца храм, абрысы якога выступаюць на фоне неба. Здзіўляе аўтара аповесці ледзь прыкметны мазок пэндзля. Усё быццам ахутана смугой сгусцелага змяркання. Толькі некалькі плоскасцей і невялікая колькасць ліній складаюць кампазіцыю твора пейзажыста. Нягледзячы на лаканізм выразных сродкаў, карціна, як мяркуе В. Карамазаў, эмацыянальна насычаная, што дасягаецца майстэрствам выкарыстання каляровых адценняў. Жывапісны твор засведчыў, што В. Бялыніцкі-Біруля станавіўся майстрам лірычнага пейзажу.

Палотны В. Бялыніцкага-Бірулі эмацыянальна ўзрушылі В. Карамазава. Ён пісаў: «Бялыніцкі-Біруля — мастак унікальны, тонкі, ён, як ніхто іншы, адчуваў прыроду. З кім яго параўнаць — я нават не ведаю». Пісьменнік лічыць удалым спалучэнне мяккага серабрыста-бэзавага і зеленаватага колераў, якое надае карцінам своеасаблівае лірычнае гучанне. Пейзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго або іншага часу дня, пэўнай пары года. Яго карціны і шматлікія эцюды вылучаюцца асаблівай тонкасцю, мяккасцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрымання і перадачы жывой прыроды. Паводле думкі В. Карамазава, В. Бялыніцкі-Біруля развіваў у жывапісе традыцыі еўрапейскага імпрэсіянізму.

У біяграфію сусветна вядомага суайчынніка В. Карамазаў арганічна ўплятае дзённікавыя запісы і лісты самога жывапісца, што надае асобе таленавітага чалавека непаўторную глыбіню і велічнасць. У час працы над творам В. Карамазаў прызнаўся: «Мне вельмі важна ведаць: адкуль мастак, дзе ён пачаўся. Самыя моцныя ўражанні закладваюцца ў чалавека ў дзяцінстве, ён у свет ідзе адтуль, дзе яго пупавіна закапаная. І потым мастак, пад якімі б уплывамі ні аказаўся, ён найперш рэалізуе сваю прыроду, тое святло, якое ён убачыў і атрымаў у сваю душу з маленства».

Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе…» — твор біяграфічны, дакументальны і мастацкі адначасова. В. Карамазаў, успамінаючы працу над ім, адзначаў: «Калі я пісаў пра Бялыніцкага-Бірулю, што я меў? Толькі скупыя факты: калі, дзе нарадзіўся, што напісаў і г. д. Я сеў у свой усюдыход «Ніву», узяў стрэльбу й сабаку і паехаў паляўнічымі сцежкамі Бялыніцкага-Бірулі. І там я знайшоў усё неабходнае: і факты, і яго невядомыя літаратурныя творы, і яго лісты да дачкі Любы. Чым Біруля толькі не захапляўся! Ён быў усебакова таленавіты чалавек прыблізна такога плана, як мастакі эпохі італьянскага Адраджэння». Мастак у творы В. Карамазава паўстае высокадухоўным жывапісцам, цесна паяднаным з прыродай, зямлёю.

Карамазаў-пicьмeннiк пaдкpэcлiвaў, штo ягo аповесць — гэтa нe дaкyмeнтaльны жыццяпic i нe нaвyкoвaя мaнaгpaфiя па твopчacцi В. К. Бялынiцкaгa-Бipyлi, a паўнавартасны мacтaцкi твop. «Біяграфіі нашых мастакоў, — зазначаў В. Карамазаў, — гэта белыя плямы. Калі я працую над сваімі кнігамі, у мяне найпершая праблема — знайсці фактуру. І тут без фантазіі не абысціся. Пісьменнік павінен пісаць раскавана, але ён мусіць выкарыстаць усю вядомую яму дакументальную аснову. Але — каб яна не выглядала як набор фактаў, нейкіх дакументаў з жыцця мастака. Усё гэта трэба пераплавіць, ператварыць менавіта ў мастацкі тэкст. І гэта самая вялікая складанасць пры напісанні твораў падобнага жанру. Яны біяграфічныя, дакументальныя і мастацкія адначасова». Аўтар шырока выкapыcтoўвaў дaкyмeнты (лісты, падарожныя сшыткі caмoгa жывaпicцa), строга зaxoўвaў xpaнaлaгiчнyю пacлядoўнacць y падачы пaдзeй. І гaлoўнaя кaштoўнacць аповесці-эсэ зaключaeццa ў тым, штo, уceбaкoвa aкpэcлiўшы aбcтaвiны жыцця, пicьмeннiкy ўдaлocя паказаць чытaчy acoбy тaлeнaвiтaгa жывaпicцa.

Аповесць В. Карамазава прасякнута дзіўна тонкім разуменнем жывапісу і асобы Бялыніцкага-Бірулі — мастака і чалавека. Канкрэтныя факты з жыцця пейзажыста ўплятаюцца ў лірыка-філасофскі роздум над таямніцамі быцця. Важным элементам яе спасціжэння, на думку аўтара, з’яўляецца ўменне слухаць цішыню. Вітольд Каятанавіч умеў цішыню і слухаць, і чуць; яна для яго жыла ў гуках, была музыкай, якая ператваралася ў мелодыю яго пейзажаў. «Цішыню мастак чуў праз гук, у кантэксце гукаў, а выявіць яе было справай тэхнікі, тэхнічнага майстэрства — у фарбах альбо словах. Як лясун, паляўнічы, ён ведаў, што поўнае цішыні няма, што яна, поўная, можа быць толькі ў вуху глухара, калі ён чуе адно сябе, што цішыня — кантэкст, падтэкст гуку і яму адэкватная, а гук у прыродзе жыве заўсёды, як жыве сама прырода, і мастак павінен чуць яго, каб чуць цішыню».

Са старонак кнігі «Крыж на зямлі і поўня ў небе» паўстае і бязмерна шчаслівы, і сумна-трагічны лёс В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Шчаслівы — у тым, што жывапісец быў далучаны да школы мастакоў-перадзвіжнікаў, да выдатных майстроў пейзажнага малюнка (І. Рэпіна, У. Макоўскага, К. Каровіна, І. Левітана, А. Саўрасава і інш.), што тонка разумеў і адчуваў душу прыроды, быў у няспынным пошуку гармоніі і хараства, у пакутлівым філасофскім роздуме ад наведвання Яснай Паляны пасля смерці Л. Талстога і ад хвалюючай сустрэчы з Якубам Коласам у Мінску. І трагічны — у смерці ад сухотаў каханых жанчын, заўчасным сыходзе з жыцця адзінай любімай дачушкі Любашы, у складаных стасунках мастака з грамадствам савецкага часу.

Пісьменнік у аповесці-эсэ выявіў не толькі творчую, але і чалавечую адметнасць мастака Бірулі, цэласнасць яго натуры, працавітасць, жыццёвую мудрасць: «Ён не толькі нарадзіўся свабодным, але свабодным жыў і свабодным памёр, хоць час, у які ён жыў, быў не свабодай, а турмою. Ён змог і ў турме рабіць жыццё свабодным. І не для аднаго сябе». Эстэтычны густ Карамазава тонка расчытаў мастацкі код В. К. Бялыніцкага-Бірулі, раскрыў таямніцы яго таленту, арганічна аб’яднаў духоўнае і фізічнае жыццё мастака, яго філасофскія і інтэлектуальныя пошукі.

Узнёсла-паэтычна В. Карамазаў апісаў нараджэнне многіх карцін В. К. Бялыніцкага-Бірулі, сярод якіх «Лён зацвіў», «Беларусь. Яблыні ў квецені». Багатая фарбавая палітра Бірулі натхняла моўную выяўленчую палітру Карамазава, поўную чар, імпрэсіяністычных нюансаў, жывых гукаў. Талент мастака-імпрэсіяніста В. К. Бялыніцкага-Бірулі спалучыўся з талентам празаіка, пра што сведчыць змешчанае В. Карамазавым у канцы твора апавяданне «Кіслячыха». Аповесць-эсэ «Крыж на зямлі і поўня ў небе…» — своеасаблівы дыялог мастака-жывапісца Бялыніцкага-Бірулі і мастака-пісьменніка Карамазава, у якім няма бяздушнасці, адсутнасці пачуцця, болю, радасці, няма здрады дому і жыццю. Высокую ацэнку працы аўтара дала літаратуразнавец Ала Сямёнава: «Віктар Карамазаў — ці не адзіны беларускі празаік, які выпрабаваў сваё пяро ў жанры белетрызаванай біяграфіі майстроў выяўленчага мастацтва, дзе аб’ядноўваюцца і канкрэтыка фактаў жыцця, і мастацтвазнаўча-аналітычны і лірычна-філасофскі роздум. Аб’ядноўваюцца ў мастацкай тканіне твора».

Паводле аповесці В. Карамазава «Крыж на зямлі і поўня ў небе…» ў 1993 годзе рэжысёрам Валерыем Басавым на Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі быў зняты аднайменны мастацкі фільм. 

Зборнік прозы Уладзіміра Сцяпана (сапр. Уладзімір Аляксандравіч Сцепаненка, нар. у 1958) «Адна капейка» (2012), куды ўвайшлі лепшыя творы, напісаныя аўтарам за апошнія восем гадоў, — навелы, апавяданні і тэксты без пэўнай жанравай маркіроўкі, — дае падставы гаварыць пра арганічнае спалучэнне ў мастацкім метадзе пісьменніка рэалістычнага светабачання і экзістэнцыяльнай свядомасці, скіраваных на раскрыццё сутнасці канцэпцыі чалавека ў свеце. Дакладны пісьменніцкі аналіз глыбока схаваных падсвядомых імпульсаў герояў дапамагае зразумець падтэкст іх учынкаў, якія мала матываваны знешнімі абставінамі.

Усе творы зборніка паяднаны так званай навелістычнасцю (ёсць фабула, дынамічнае дзеянне («знешняе» або «ўнутранае»), нечаканы канец твора). У аснову сюжэтаў пакладзены, як правіла, адзін лакальны эпізод, за якім «расхінаюцца далягляды чалавечага быцця, дзіўныя і супярэчлівыя перыпетыі непрадказальнага лёсу» (Л. Алейнік).

У жанры навелы У. Сцяпан паўстае тонкім знаўцам чалавечай псіхалогіі, духоўнага свету асобы, здольным па-майстэрску раскрыць характары сваіх герояў. Пераважная большасць твораў са зборніка насычана трывожным прадчуваннем нейкай незваротнай страты. Выключэннем хіба што можа стаць навела «Адна капейка», якая напоўнена светлым пачуццём радасці, цеплыні, замілавання. З жыцця дзевяцігадовага хлопчыка выхаплена толькі адно імгненне-ўспамін: «Я знайшоў восемдзесят сем капеек. Бывае і такое шчасце». Дарослы мужчына ўспамінае гэты даўні шчаслівы выпадак, свае запаветныя планы, як патраціць грошы. Спіс жаданых хлопчыкам рэчаў выяўляе яго ўнутраны свет. Гэта былі тыя рэчы, якія вельмі хацелася мець малому, але бацькі, відаць, яго не песцілі. Раптам адбылася спадзявана-неспадзяваная сустрэча з гарбатым старцам Барыскам. Спадзяваная — таму што Барыска, брудны, стары, бяззубы, апрануты ў рыззё, у ссохлых чаравіках і з «лапленым-пералапленым» мехам, жыў у гэтым мястэчку. Людзі шкадавалі жабрака і падавалі яму міласціну. А неспадзяваным быў для хлопчыка яго ўласны ўчынак:

«— Дай Барыску капеечак... А ён твае жаданні выканае. Дай. Дай. Дай, — канючыў старац і глядзеў у мае вочы.

— За кожную капеечку па адным жаданні.

Мая рука апусцілася ў кішэнь. Пальцы выграблі манеты, і яны з металічным шоргатам перасыпаліся, перацяклі ў глыбокую Барыскаву далонь.

Я разгублена міргаў і быў гатовы расплакацца».

«Выпадкова знойдзены і так хутка страчаны» скарб вывеў хлопчыка з раўнавагі. Ідучы дадому, ён гэта зразумеў, «пальцы намацалі ў цемры кішэні манетку. То была адна капейка. Як яна схавалася там, зашылася? Вядома ж, і яна магла ператварыцца ў карабок запалак. Або ў шклянку звычайнай газіроўкі... Я злосна шпурнуў капейку ў кусты і заплакаў». Навела пабудавана на кантрастах, якія імгненна змяняюцца. Прыцягнуўшыся спустошаным дадому, хлопчык не паверыў сваім вачам: «у калідоры стаяў навюткі чорны ровар».

Фінал твора перадае цёплыя пяшчотныя думкі ўжо дарослага чалавека: «Я паверыў Барыску... За адну капейку — адно жаданне... А тых капеек яшчэ аж восемдзесят шэсць... Першае з маіх жаданняў здзейснілася... І другое, і пятае, і восемдзесят шостае жаданне Барысок выканаў... Як жа мне сёння спатрэбілася б тая восемдзесят сёмая капейка. Тая, што засталася ў кішэні. Тая, якую я потым злосна выкінуў у кусты, а не паклаў у далонь гарбатага анёла...»

У дробных выпадках з жыцця герояў выяўляецца шматграннасць быцця, а асобныя з’явы, факты, жыццёвыя сітуацыі набываюць асаблівую каштоўнасць. Сваю задачу У. Сцяпан як мастак слова бачыць у тым, каб спыніць імгненне, якое хутка павінна знікнуць, зафіксаваць яго па магчымасці дакладна, бо менавіта ў гэтым імгненні праяўляецца ўнікальнасць чалавека і ўнікальнасць часу.