«Князь Вітаўт»

Наватарскі падыход драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага

П’еса «Князь Вітаўт» аднаўляе падзеі сівой даўніны, ХІV cтагоддзя, калі стваралася дзяржава беларускага народа — Вялікае Княства Літоўскае і за ўладу змагаліся два стрыечныя браты — Вітаўт і Ягайла.

Аўтар не проста паказаў гістарычныя калізіі, а прапанаваў сваю мастацкую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей. У гэтым творы выразна выявіўся наватарскі падыход А. Дударава да ўвасаблення падзей гістарычнага мінулага.

Па-першае, гэта п’еса адрозніваецца ад папярэдніх навізной драматургічнай мовы — спалучэннем верша, напісанага класічным пяцістопным ямбам, і прозы.

Па-другое, у ёй, акрамя гістарычных асоб Вітаўта, Ягайлы, Кейстута, дзейнічаюць і міфалагічныя багі, духі — Купала, беражніцы.

Па-трэцяе, для п’есы характэрны вольная трактоўка гістарычных падзей і зварот да ўмоўна-сімвалічных сродкаў мастацкага паказу жыцця.

Летапісы паведамлялі пра Ягайлу як адмоўнага дзеяча, прагматычнага, зайздроснага, жорсткага чалавека, а Вітаўта ідэалізавалі. Аляксей Дудараў паказаў Ягайлу дальнабачным, гнуткім палітыкам, а Вітаўта, як адзначае даследчык П. Васючэнка, «залішне эмацыянальным, даверлівым і занадта (для палітыка) далікатным».