«Князь Вітаўт»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | «Князь Вітаўт» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 22 Ноябрь 2024, 02:41 |
Оглавление
- Уводзіны
- Наватарскі падыход драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага
- Жанравая адметнасць твора, асаблівасці яго кампазіцыі
- Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы
- Маральна-этычнае завастрэнне канфлікту
- Ахвярнасць, вернасць і здрада, халодны разлік, угодлівасць
- Праблема асабістага шчасця ў п’есе
- Сцвярджэнне ў творы галоўных каштоўнасцей на зямлі: любові, еднасці, згоды і міру
- Пытанні
Уводзіны
Драма «Князь Вітаўт» створана А. Дударавым у 1993 годзе, калі ў Беларусі ўзмацніўся рух за незалежнасць, актывізавалася самасвядомасць беларусаў, якія адчулі патрэбу ў нацыянальным адраджэнні сваёй культуры, мовы, гісторыі. Спачатку аўтар назваў п’есу «Купала», але пазней змяніў назву, каб падкрэсліць гістарычную значнасць асобы князя Вітаўта, пры якім Вялікае Княства Літоўскае дасягнула росквіту, магутнасці і незалежнасці, стала цэнтрам аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель, а беларуская мова стала дзяржаўнай.
Наватарскі падыход драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага
П’еса «Князь Вітаўт» аднаўляе падзеі сівой даўніны, ХІV cтагоддзя, калі стваралася дзяржава беларускага народа — Вялікае Княства Літоўскае і за ўладу змагаліся два стрыечныя браты — Вітаўт і Ягайла.
Аўтар не проста паказаў гістарычныя калізіі, а прапанаваў сваю мастацкую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей. У гэтым творы выразна выявіўся наватарскі падыход А. Дударава да ўвасаблення падзей гістарычнага мінулага.
Па-першае, гэта п’еса адрозніваецца ад папярэдніх навізной драматургічнай мовы — спалучэннем верша, напісанага класічным пяцістопным ямбам, і прозы.
Па-другое, у ёй, акрамя гістарычных асоб Вітаўта, Ягайлы, Кейстута, дзейнічаюць і міфалагічныя багі, духі — Купала, беражніцы.
Па-трэцяе, для п’есы характэрны вольная трактоўка гістарычных падзей і зварот да ўмоўна-сімвалічных сродкаў мастацкага паказу жыцця.
Летапісы паведамлялі пра Ягайлу як адмоўнага дзеяча, прагматычнага, зайздроснага, жорсткага чалавека, а Вітаўта ідэалізавалі. Аляксей Дудараў паказаў Ягайлу дальнабачным, гнуткім палітыкам, а Вітаўта, як адзначае даследчык П. Васючэнка, «залішне эмацыянальным, даверлівым і занадта (для палітыка) далікатным».
Жанравая адметнасць твора, асаблівасці яго кампазіцыі
Па жанравых адметнасцях п’еса «Князь Вітаўт» належыць да гістарычнай драмы, бо ў ёй гістарычныя падзеі — барацьба за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам, забойства Кейстута, шлюб і каранацыя Ягайлы, пагадненне Ягайлы з Вітаўтам — напоўнены асаблівым драматызмам, маюць вострую канфліктнасць. Сам аўтар вызначыў жанр п’есы як трагедыю, што сведчыць пра мастацкую скіраванасць А. Дударава да жанравых аналогій драматургіі часу Адраджэння і рамантызму.
Аналогія (ад грэч. analogia — ‘падабенства’) — прыём мастацкага пісьма, заснаваны на вызначэнні рыс падабенства ў з’явах, прадметах, вобразах. |
Даследчык П. Васючэнка адным з першых заўважыў зварот драматурга да шэкспіраўскіх традыцый. Ён сцвярджаў, што шэкспірызацыя ў Дударава — гэта імклівыя змены месца дзеяння, умоўнасць дэкарацый, эфектныя масавыя сцэны, канцэнтрацыя сцэнічнага часу, моцныя характары, перапады камічнага і трагічнага...
П’еса складаецца з двух актаў. У першым акце змяшчаецца восем сцэн, у другім — дзевяць. Маналогі і дыялогі перадаюцца то вершаванай, то празаічнай мовай, што стварае рамантычную ўзнёсласць у творы і своеасаблівую лірызацыю. Маналогі напісаны пяцістопным ямбам, што набліжае паэтычную форму да празаічнай, да натуральнага маўлення.
В і т а ў т.
У пастку, як дурное зубраня, |
Асаблівасцю кампазіцыі гэтай драмы з’яўляецца тое, што ў ёй спалучаюцца два планы: рэалістычны, звязаны з гістарычнымі падзеямі, і фантастычны, населены міфалагічнымі вобразамі. Гэтыя планы ў творы ўвесь час перакрыжоўваюцца і пераходзяць адзін у другі. Адметным у драме з’яўляецца і тое, што месца дзеяння хутка змяняецца: пастаянна пераносіцца то ў Гародню, то ў Трокі, то ў Крэва, то ў Кракаў, то ў Вільню. Такі мастацкі прыём стварае напружанасць і дынаміку разгортвання падзей, адлюстраваных у творы.
Драма «Князь Вітаўт» мае складаную сістэму вобразаў. Адметнасць іх групоўкі ў тым, што яны падзяляюцца на гістарычных і выдуманых асоб. Да гістарычных асоб належаць князі Вітаўт, Ягайла, Кейстут, княгіня Анна, каралева Ядвіга, прынц Вільгельм. Да выдуманых — Купала, беражніцы, стражнікі Кудаш, Амуліч, Люцень, баярын Дамаш, пакаёўка Анны Алёна, біскуп Алясніцкі, група безыменных герояў: ваявода, камандор, лучнік, рамеснік і інш.
Галоўнымі героямі з’яўляюцца стрыечныя браты Вітаўт і Ягайла. У аснове п’есы ляжыць напружаны канфлікт паміж імі, які на працягу ўсяго дзеяння ўзбуйняецца, завастраецца, ускладняецца і пераходзіць у канфлікт паміж дабром і злом. Два браты змагаюцца за ўладу, княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы
Вітаўт і Ягайла выступаюць у творы як вобразы — тыпы прадстаўнікоў улады эпохі Сярэдневякоўя, магутныя і вартыя адзін аднаго сапернікі. Аўтар рамантызаваў вобраз Вітаўта і стварыў пакутніцкі, ахвярны характар-тып. Аляксей Дудараў падкрэсліваў рамантычную ўзнёсласць героя, калі ён, зачараваны народным святам Купаллем, у сне абдымае дзяўчыну Алёну, быццам падараваную загадкавымі беражніцамі. Вітаўт—высакародны, эмацыянальны, залішне даверлівы. Ён не жадае праліваць братаву кроў, лічыць гэта страшным грахом перад Богам і таму ўсе спрэчкі з Ягайлам імкнецца вырашыць мірным шляхам.
Р а т н і к і.
Ягайле трэба будзе разлічыцца! |
В і т а ў т.
Усім маўчаць! Хто да крыві ахвочы |
(Вітаўт дастае з похваў княжацкі меч і ўтыкае яго ў зямлю. Дастае з похваў кінжал і ўтыкае яго ў зямлю. Кудаш і ратнікі робяць тое ж).
Са зброяй больш надзейнай, чым булат, |
Калі Кейстут загадаў Вітаўту ісці з дружынай на Трокі, каб выгнаць з Вільні Ягайлу, то ён прыходзіць у замак Ягайлы без зброі. Князь Вітаўт выступае з дзяржаўных пазіцый і інтарэсаў, ведае цану ўласнаму гонару і годнасці, адданы сваёй зямлі і народу.
Залішняя даверлівасць Вітаўта стала прычынай гібелі яго бацькі Кейстута, якога задушыў верны слуга Ягайлы Люцень. Сам Вітаўт быў захоплены ў палон. І толькі дзякуючы самаахвярнасці, вернасці пакаёўкі Алёны, якая таемна кахала князя, ён быў выратаваны ад смерці. Але і пасля гэтага Вітаўт, які зведаў і прыкрасць здрады, і веліч адданасці, зноў сустракаецца з братам Ягайлам, каб дараваць яму і заключыць мір. І ўжо Вітаўт мусіць стаць на чале княства, каб уладарыць трыццаць восем гадоў, хоць цяпер дакладна ведае, як цяжка быць князем і заставацца пакорным і сумленным вернікам.
В і т а ў т.
Жыві і веруй, мой святы народ, |
Ягайла падаецца ў творы жорсткім, зайздросным, але ў той жа час дальнабачным і справядлівым палітыкам. Ён без доўгіх разваг выпраўляе на смерць сваіх верных служак за тое, што яны чынілі гвалт над цяжарнай жанчынай.
Я г а й л а. Усіх, хто з сённяшняга ранку будзе заўважаны ў рабунках, гвалтах ці забойствах, — імем вялікага князя Ягайлы вешаць! П’яных ратнікаў секчы бізуном! Усім, хто прысягаў Кейстуту, — дараваць! Нарабаванае — вярнуць. Хто там напаскудзіў з цяжарнай?
Л ю ц е н ь. Адзін з сотнікаў.
Я г а й л а. Імя!
Л ю ц е н ь. Рабыд. З ім яшчэ некалькі ратнікаў…
Я г а й л а. Самому сотніку і дваім ратнікам галовы адсекчы і прыбіць над варотамі.
Ягайла зайздросціць Вітаўту, бо шчыра верыць, што стрыечнаму брату заўсёды шчасціць, спрыяе ўдача, а яму самому ўвесь час не шанцуе. Паводзіны героя, трагізм яго становішча можна растлумачыць тым, што Кейстут не даваў Ягайлу магчымасці рэалізаваць сваё права на княжацкі прастол, і тым, што яму служыць занадта дагодлівы Люцень. Люцень учыняе злачынствы — забівае баярына Янука Дамаша і Кейстута, імкнучыся дагадзіць свайму гаспадару, выконваючы неіснуючыя загады.
Менавіта зайздрасць становіцца прычынай здрады Ягайлы і вераломства, калі ён хавае ненавіснага брата Вітаўта ў склепе. Нават смерць роднага дзядзькі Кейстута не хвалюе ўладалюбца Ягайлу. Ён прамаўляе: «Я б сам па мужным Кейстуту заплакаў, // Няма калі, мяне чакае Кракаў». Дзеля ўлады Ягайла пераходзіць у каталіцкую веру і бярэ шлюб з польскай каралевай Ядвігай, каб самому стаць польскім каралём. Але Ягайла ў сваіх паводзінах, як і Вітаўт, кіруецца хрысціянскімі законамі. Ён таксама складае зброю, каб не забіваць свайго брата.
Я г а й л а.
Вось мой бяры, хай твой зямля трымае, |
(Аддае меч. Вітаўт прымае).
У палітыцы Ягайла праяўляе сябе разважлівым, хітрым, калі падпісвае пагадненне з Тэўтонскім ордэнам. Такім чынам, вобраз Ягайлы супярэчлівы, псіхалагічна глыбокі, але не пазбаўлены сапраўднай чалавечнасці, высакародства.
Маральна-этычнае завастрэнне канфлікту
У аснове п’есы ляжыць напружаны канфлікт паміж Вітаўтам і Ягайлам, які з часам узбуйняецца, ускладняецца і пераходзіць у канфлікт паміж дабром і злом. Два браты змагаюцца за ўладу, за княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Увесь трагізм сітуацыі заключаецца ў тым, што ў вайны няма Айчыны, што дзяржаве пагражае небяспека: замест магутнага цэнтра яна можа ператварыцца ў правінцыю, страціць сваю незалежнасць.
Вітаўт усведамляе ўсю складанасць палітычнай сітуацыі, змагаецца за палітычныя правы ВКЛ, адстойвае незалежнасць сваіх зямель. Ягайла таксама прагне княжання ў Вялікім Княстве Літоўскім, палітычнай улады, якой яго пазбаўляе Кейстут. Ягайлу княжацкі прастол не даецца лёгка, як роднаму сыну Кейстута Вітаўту. Таму ён вымушаны здабываць уладу ў жорсткай барацьбе з родным дзядзькам Кейстутам і стрыечным братам Вітаўтам. Менавіта гэтымі прычынамі і абумоўлена маральна-этычнае завастрэнне канфлікту.
Ахвярнасць, вернасць і здрада, халодны разлік, угодлівасць
Вялікае сэнсавае значэнне ў творы нясуць вобразы пакаёўкі Алёны і стражніка Люценя. Алёна ў п’есе ўвасабляе сабой высокую ахвярнасць і вернасць. Яна, таемна і безнадзейна закаханая ў князя, ахвяруе сваім жыццём дзеля выратавання князя Вітаўта, калі пераапранаецца ў яго адзенне, дапамагае яму ўцячы з вязніцы. Ратуючы Вітаўта, яна дакладна ведае, што не патрапіць у яго абдымкі, а будзе спалена ў агні. Такім бязлітасным было пакаранне за чараўніцтва. Менавіта чараўніцтвам, вядзьмарствам Алёны, якая аддала сваю вопратку князю і апранула яго адзенне, тлумачаць стражнікі незвычайнае вызваленне Вітаўта з палону.
Антыподам Алёны з’яўляецца стражнік Люцень, які сімвалізуе здраду, халодны разлік і ўгодлівасць. Каб слепа дагадзіць свайму князю, Люцень выконвае неіснуючыя загады, ідзе на подласць і здраду — забівае Янука Дамаша і Кейстута. На ліхія ўчынкі Люценя штурхае выпрацаваны комплекс слугі, які бяздумна падпарадкоўваецца волі гаспадара. Комплекс гэты настолькі моцны, што дэфармуе свядомасць персанажа. Люцень прачытвае патаемныя думкі Ягайлы, якіх не было, і выконвае неіснуючыя загады.
Л ю ц е н ь.
Даўно твае загады Люцень слухаў |
Праблема асабістага шчасця ў п’есе
Вырашаецца яна на вобразах князёў Вітаўта, Ягайлы і на жаночых вобразах Ядвігі, пакаёўкі Алёны. І Ягайла, і Вітаўт найперш думаюць пра дзяржаву, а асабістыя інтарэсы ставяць на другі план. Яны бяруць шлюб не з тымі жанчынамі, якіх кахаюць, а з тымі, якія выгадны для ўмацавання дзяржавы. Польская каралева Ядвіга таксама адмаўляецца ад свайго кахання да прынца аўстрыйскага Вільгельма і дзеля інтарэсаў Польшчы згаджаецца на шлюб з Ягайлам. А пакаёўка Алёна ўвогуле ахвяруе сваім жыццём дзеля выратавання князя Вітаўта.
Сцвярджэнне ў творы галоўных каштоўнасцей на зямлі: любові, еднасці, згоды і міру
У драме «Князь Вітаўт» сцвярджаюцца гуманістычныя каштоўнасці. Любоў, на думку аўтара, павінна яднаць як асобных людзей, так і цэлыя народы. Гэту ідэю пацвярджаюць і міфалагічныя вобразы Купалы і беражніц. Яны хоць і з’яўляюцца паганскімі бажаствамі, але зусім не супярэчаць хрысціянскім нормам паводзін.
Купала — князёўна Жыцця — уплывае на свядомасць, пачуцці герояў, вяртае іх да сапраўдных вытокаў жыцця. Яна нагадвае людзям пра непрадказальнасць жыцця і пра важнейшыя каштоўнасці на зямлі: любоў, еднасць, згоду і мір.
К у п а л а.
І будзе тое, што калісь было, |
Да філасофскіх разваг пра дабрыню, літасць і міласэрнасць А. Дудараў далучыў анталагічныя высновы пра вяртанне да архаічных вытокаў жыцця, непрадказальнасць жыццёвай плыні, напрамак і канчатковая мэта якой схаваны ад людзей. Пры гэтым, як адзначае П. Васючэнка, выразна вызначаецца мяжа пошуку, якая пагражае апошняму безвыніковасцю і вымушае вярнуцца да раней адкрытых, але занядбаных каштоўнасцей.
У п’есе выразна гучыць ідэя адвечнага кругавароту, бачыцца мадэль цыклічнага развіцця гісторыі, што не пазбаўлена моманту непрадбачанасці.
Паводле п’есы «Князь Вітаўт» А. Дударава ў 1997 годзе пастаўлены спектакль Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы (рэжысёр Валерый Раеўскі, мастак Барыс Герлаван), а ў 2013 годзе — балет у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь (кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, харэаграфія і пастаноўка Юрыя Траяна).
Пытанні
1. У чым выявілася наватарства А. Дударава ў асэнсаванні гістарычных падзей мінулага? | |
2. Параўнайце інтэрпрэтацыю падзей у «Пахвале вялікаму князю Вітаўту» з «Беларуска-літоўскага летапісу (1446)» і драме «Князь Вітаўт» А. Дударава. | |
3. Вызначце жанравую спецыфіку драмы «Князь Вітаўт». У чым асаблівасць яе кампазіцыі? Назавіце канфлікт у творы і прасачыце за яго развіццём. | |
4. Хто з герояў п’есы і чаму выклікае вашы сімпатыі і спагаду? | |
5. Ахарактарызуйце сістэму вобразаў драмы А. Дударава. Паразважайце, у чым выяўляецца яе адметнасць.. | |
6. Зрабіце параўнальную характарыстыку вобразаў Вітаўта і Ягайлы. | |
7. Якую мастацкую ролю адыгрываюць другарадныя вобразы ў п’есе? | |
8. У чым выявіліся самаахвярнасць і вернасць пакаёўкі Алёны і халодны разлік і ўгодлівасць стражніка Люценя? | |
9. Падумайце, як вырашаецца ў драме праблема асабістага шчасця. Чаму героі ахвяруюць ім дзеля дзяржавы? Якія агульначалавечыя каштоўнасці сцвярджаюцца ў творы? | |
10. Сфармулюйце ідэю п’есы. Што хацеў сказаць аўтар фіналам твора? | |
10-1. Паглядзіце спектакль па п’есе «Князь Вітаўт» (рэжысёр В. Раеўскі) і выкажыцеся аб спосабах сцэнічнага ўвасаблення твора А. Дударава. Ацаніце акцёрскае і рэжысёрскае майстэрства. | |
11. У ІХ класе вы спрабавалі стварыць макет помніка вялікаму князю Вітаўту. Драма А. Дударава «Князь Вітаўт» — таксама помнік князю ў мастацкім слове. Параўнайце сваё ўяўленне пра Вітаўта, якое склалася ў вас на аснове вывучэння «Пахвалы вялікаму князю Вітаўту », з вобразам вялікага князя ў п’есе А.Дударава. | |
12. Лiтapaтypaзнaвец П. Bacючэнкa адзначаў, штo «ў твopax пpa мiнyлae А. Дyдapaў выглядae нe як пpaдcтaўнiк гicтapычнaгa жaнpy, a, xyтчэй, як дpaмaтypг, якi ў мeжax гicтapычнaгa кaнтэкcтy выпpaбoўвae cвae твopчыя мaгчымacцi, пepaдyciм — пoшyк яpкix xapaктapaў, пaкaз мoцныx пaчyццяў, cтвapэннe эфeктнaгa тэaтpaльнaгa вiдoвiшчa». Ці згодны вы з такім сцвярджэннем даследчыка? Свае меркаванні аргументуйце прыкладамі. |