Лірыка

«На гэтай зямлі…»

Твор з’яўляецца версэтам, які быў надрукаваны ў зборніку «Вастрыё стралы». Ён мае пяць структурных частак — своеасаблівых строф, аб’яднаных паміж сабой вобразам героя-апавядальніка, які расказвае пра свой лёс-наканаванне заставацца «на гэтай зямлі, пад гэтым небам» і, нібы раздарожжа, паказваць усім, куды ісці: на ўсход ці на захад. Герой-апавядальнік не ў стане адарвацца ад зямлі — яго наканаванасць у прывязанасці да сваёй зямлі, у яго цэласнасці, паяднанасці з гэтай зямлёй. Герой хоць і нерухомы, але дзейсны: ён хоча наблізіць да сябе і гэтай зямлі ўвесь свет. Для гэтага ён задзейнічае свае рукі: «вось мая левая рука, вось — правая…» Рукі ствараюць цуд — яны кладуць «зерне ў дол — і яно вырастае ў дрэва». Дрэва падымаецца на гэтай зямлі над гэтай зямлёй так высока, што пачынае трымаць на сваіх галінах сонца і месяц. На дрэве «рознагалосыя птушкі з усіх канцоў свету спяваюць… свае песні і ладзяць гнёзды…» Апошні радок верша раскрывае шчаслівае пераўвасабленне героя-апавядальніка ў лірычнага героя, эмацыянальнае прыняцце ім свайго лёсу праз гарманічнае набліжэнне ўсходу і захаду да зямлі, на якой наканавана жыць чалавеку.

Верш нагадвае прыпавесць, якая не мае адназначнага сэнсу: кожны можа спасцігнуць яго па-свойму і зразумець у адпаведнасці з уласным жыццёвым вопытам, інтэлектам. Успрыманню твора спрыяюць здольнасць асацыятыўна мысліць, уменне разгадваць сімволіку вобразаў. За вобразам гэтай зямлі нехта ўбачыць родны кут, а нехта — усю Беларусь, якая стаіць на раздарожжы ўсходу і захаду. Разанаў не даваў канкрэтыкі — ён даваў права чытачу быць сустваральнікам яго паэтычнага твора. Лірычны герой, пазбаўлены магчымасці перамяшчацца ў прасторы, быццам прымушае саму прастору рухацца да яго. Аўтар перадаў прывабнасць жыцця чалавека, жыцця свабоднага, якое можна параўнаць з існаваннем вольных птахаў, якія спяваюць і будуюць гнёзды ў свабоднай прасторы.