Лірыка

«Спадчына» (1988)

Верш «Спадчына» (1988) — таксама версэт, і яго структура мала чым адрозніваецца ад іншых твораў гэтага жанру. Твор складаецца з чатырох кампазіцыйных частак. У першай, уступнай, гаворыцца пра значнасць спадчыны для чалавека: пры пэўнай умове яна набывае адпаведную ўласцівасць і аказвае на чалавека пазітыўнае ўздзеянне:

Калі яна цяжар — тады яна крылы,
калі яна вярэдзіць — тады яна гоіць,
калі яна знясільвае — тады дае сілу...

Для разумення ідэйнага зместу гэтага верша вельмі важным з’яўляецца першы радок, у якім увага аўтара акцэнтуецца на тоеснасці паняццяў: «спадчына», «цяжар», «крылы». Логіка першапачатковых разважанняў не дазваляе чытачу пагадзіцца са сцвярджэннем паэта, бо, як вядома, цяжар цягне да зямлі, а крылы атаясамліваюцца з палётам, адрывам ад зямлі. Алесь Разанаў як мастак слова змадэляваў іншую сітуацыю, рамантычна-ўзнёслую. Далучанасць да ўласнай спадчыны акрыляе чалавека духоўна, бо ў паняцце «спадчына» ўкладваюцца не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, якія ўзважваюцца ў тым ліку і ў фізічным сэнсе. «Спадчына, — пісаў А. Разанаў у аднайменных аналітычных нататках, — спалучана з рэчамі, але ніколі не зводзіцца да сумы рэчаў».

Другая частка версэта змяшчае звернутыя да лірычнага героя перасцерагальныя рэплікі:

Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба...
А без яе зноў упадзеш у мінулае...

Лірычны герой не спрачаецца з анёламі — ён іх «разумее». Як паступіць — выбар за ім. Ён змагаецца з самім сабой, і змаганне гэта доўжыцца ў часе, бо на целе відаць «пісягі» (загоеныя шрамы ад былых ран) і «апёкі». На барацьбу героя клічуць «віхуры» — сімвалы свабоднага палёту, валадары паднябеснай прасторы, маніць і «зямля» — частка чалавека, з якой ён створаны.

Паэт не раскрываў вынік барацьбы: толькі ў апошнім сказе верша акцэнтаваў увагу чытача на агністых мячах, скіраваных на «душу» лірычнага героя. У адной са сваіх філасафем творца пісаў: «У спадчыны дзве ўстойлівыя ардынаты: яна пастаянна мінулая і пастаянна сучасная. Сваёю існасцю яна знаходзіцца ў гісторыі, але сваёю істотнасцю — у чалавечых душах». У версэце «Спадчына» аўтар запрасіў чытача далучыцца да яго разважанняў і прыйсці да ўласнай высновы.