Лірыка

«Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор — мова» (1975)

Монастрафа (ад грэч. monostrophos — ‘аднастрофны’; monos — ‘адзін’; strophe — ‘страфа’) — малая вершаваная форма, кампазіцыйна замкнёная ў межах адной страфы..

Монастрафа была надрукавана ў раздзеле «Зномы» зборніка «Паляванне ў краіне райскай птушкі», які выйшаў у 1995 годзе. Зном — адметны аўтарскі літаратурны жанр, які бярэ свой пачатак у нататках і філасафемах. Структурна зномы нагадваюць прыказкі і афарызмы, у якіх у сціснутай, скандэнсаванай форме аўтар дэманструе ўласныя погляды на навакольны свет.

У артыкулах, нататках думкі разгортваюцца, развіваюцца, пашыраюцца, у зномах яны сціскаюцца да выслоўя, у якім кожнае слова, кожны гук змяшчаюць у сабе важкі складнік цэльнай структуры твора. У разглядаемым зноме дамінуюць тры вобразы: народ, твор, мова. Народы не канкрэтызуюцца, не вылучаюцца, не супрацьпастаўляюцца, наадварот, аднолькава ўзвышаюцца сваімі геніяльнымі тварэннямі — мовамі. Адметнасць разанаўскага назірання ў тым, што ён безапеляцыйна акрэсліў мову як геніяльнае тварэнне, якое мае кожны народ. Такая выснова — вынік папярэдніх пазатэкставых аўтарскіх разважанняў, якія ўвасобіліся ў зноме.