ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры. Гістарычны раман

Гістарычны раман

Заснавальнікам гістарычнага рамана з’яўляецца англійскі пісьменнік Вальтэр Скот (раманы «Айвенга», «Квенцін Дорвард», «Талісман»). Узорам гістарычнага рамана ў беларускай літаратуры з’яўляецца раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», які набліжаецца да рамана-эпапеі.

«Каласы пад сярпом тваім» — гістарычны раман, які адпавядае патрабаванням, што ставяцца да твораў такога тыпу: дыстанцыя ў часе, адлюстраванне ўжо завершанага перыяду эпохі, дакументальнасць жыццёвай першаасновы, наяўнасць сапраўдных падзей і асоб. На думку Г. Кісялёва, У. Караткевіч перадаў у рамане ўсю складанасць сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцей адлюстраванай эпохі, выявіў добрае веданне дакументальных гістарычных матэрыялаў. Разам з тым у час з’яўлення рамана даследчыкі адзначалі, што У. Караткевіч выбраў для сябе спецыфічную разнавіднасць гістарычнага жанру. «У момант, калі беларуская проза ў асобе лепшых сваіх прадстаўнікоў, — пісаў В. Каваленка, — дасягнула значнай рэалістычна-аналітычнай глыбіні і строга жыццёвых меж вобразатворчасці, ён (Караткевіч. — Аўт.) у сваіх творах быццам насуперак гэтай галоўнай традыцыі нацыянальнай літаратуры зрабіў круты паварот да адкрыта рамантызаваных уяўленняў пра мінулае беларускага краю, дапускаючы пры яго адлюстраванні тую ступень адвольнай умоўнасці, якая мяжуе з непрыкрытай белетрызацыяй». «Каласы пад сярпом тваім» не ўкладваліся ў межы традыцыйнага гістарычнага рамана. Арыентацыя на гістарычную рэальнасць пакідала сціплыя мажлівасці для волевыяўлення задумы мастака, які прызнаваўся, што для яго важна было не толькі «перадаць дух эпохі. Але і каб за ёй адчуваўся сённяшні дзень. Каб чалавек рабіў вывады…» Відавочна, што для выканання гэтай мэты патрэбна была максімальна дапушчальная ў гістарычнай прозе свабода ў адборы матэрыялу для твора, які (як сведчыць прызнанне У. Караткевіча) павінен быў супадаць з яго аўтарскай пазіцыяй, развіваць і ўзбагачаць яе, стаць яе вобразным доказам. Дзеля паглыбленага гісторыяй разумення сучаснасці, яе праблем і супярэчнасцей і распачаў свой гісторыка-мастацкі эксперымент У. Караткевіч. Мэты абумовілі і сродкі іх дасягнення.