ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры. Гістарычны раман

Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры

Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры. Гістарычны раман

Рамантычнае адлюстраванне жыцця вызначаецца асаблівай цікавасцю пісьменніка да ўнутранага свету асобы, засяроджанасцю на ўвасабленні высокіх адносін, прыгожых пачуццяў, душэўных пераўтварэнняў, імкненнем да ідэальнага, справядлівага светаўладкавання.

Не прымаючы трагічную недасканаласць свету, рамантычны герой лічыць, што ў жыцці пануе наканаванасць, змагацца з якой няма сэнсу. Герой-рамантык — яркая асоба, якая перажывае моцныя пачуцці, супрацьстаіць бездухоўнаму. Мастак-рамантык не ставіць перад сабой мэты дакладна ўзнавіць жыццё — гэта задача пісьменніка-рэаліста. Рамантыку важней выказаць свае адносіны да свету, стварыць малюнак жыцця і праз яго данесці да чытача свой ідэал. Пісьменнікі-рамантыкі выяўляюць павышаную ўвагу да фальклору і міфалогіі.

Рэалістычнае адлюстраванне жыцця характарызуецца глыбокім раскрыццём чалавечых характараў, абумоўленых сацыяльна-бытавымі і гістарычнымі абставінамі.

Пісьменнік-рэаліст імкнецца да праўдзівага адлюстравання жыцця. У творах пісьменнікаў-рэалістаў захоўваюцца аб’ектыўнасць, дакладнасць, праўдзівасць. Герой рэалістычнага твора — гэта тыповы прадстаўнік канкрэтнай гістарычнай эпохі, пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Ён надзелены індывідуальным характарам, раскрытым з псіхалагічнай дакладнасцю. Гэта дзейсная асоба, здольная ўплываць на свой лёс і перамагаць абставіны.