«Знак бяды»

Мастацкая сімволіка твора

Аповесць «Знак бяды» арыгінальная тым, што свае маральна-філасофскія ацэнкі падзей В. Быкаў увасобіў не толькі праз вобразы галоўных герояў — Петрака і Сцепаніды, але і пры дапамозе шэрагу вобразаў-сімвалаў, быкаўскіх знакаў бяды: мёртвы жаваранак, Галгофа, крыж, неўзарваная бомба і інш. Гэта сведчыць пра тое, што творча-эстэтычная сістэма пісьменніка ўскладняецца і ўзбагачаецца за кошт умоўна-міфатворчых сродкаў і набыткаў духоўнай культуры беларускага народа і агульначалавечых традыцый.

Абноўлена-сімвалічнае значэнне набывае і само месца дзеяння — хутар, які ў літаратуры з 1920-х гадоў і да нядаўняга часу ўспрымаўся як сімвал уласніцтва. У творы В. Быкава менавіта на хутары адбываецца сутыкненне дабра і зла, разгортваецца смяротны паядынак людскага з нялюдскім. Сімвалічна, што твор пачынаецца з апісання зруйнаванага, здзічэлага месца, дзе некалі быў хутар і жыццё ішло па спрадвечных законах. Сюды не вярнуліся чаканыя дзеці Багацькаў, каб адрадзіць жыццё.

І гэта невыпадкова ў творы. У пасляваенным савецкім жыцці хутарскі ўклад не меў перспекты­вы. Але пісьменнік паказаў, што менавіта хутаране Пятрок і Сцепаніда выявілі высокую маральнасць, сцвердзілі вялікую духоўную моц чалавека.

Мёртвую птушку — жаваранка — Пятрок і Сцепаніда знайшлі па дарозе ў царкву на маладой руні ўпершыню засеянага свайго поля. Было гэта якраз у Вербную нядзелю перад Вялікаднем. І гэтыя акалічнасці па аўтарскай задуме не выпадковыя, а маюць глыбокі сэнс. Маладыя на той час гаспадары ўстрывожыліся гэтым знакам, які нёс дрэнныя прадчуванні. Поле належала пану Яхімоўскаму, у якога яны да савецкай улады служылі парабкамі. Новая ўлада адабрала ў старога пана зямлю і аддала парабкам. Самагубства Яхімоўскага ў Вербную нядзелю, мёртвы жаваранак у жытнёвай руні маладых гаспадароў сталі знакамі бяды іх будучага жыцця.

Неўрадлівае поле Багацькаў і крыж, устаноўлены Петраком на ім, вяскоўцы называлі Петраковай Галгофай. Ад цяжкай працы на гэтым полі сканаў конь, знясіліўся сам Пятрок. Набожны чалавек, ён ставіў на гэтым полі крыж са словамі «Памажы, Божа, не адступіся ад рабоў тваіх», спадзяваўся, што Усявышні адвядзе бяду ад гэтай зямлі і ад іх, людзей, якія тут працуюць. Сама назва — «Галгофа» — сімвалізуе слёзы, працу і людскія пакуты. Хутар стаў сапраўднай Галгофай, дзе Пятрок і Сцепаніда гінуць, баронячыся ад чужынцаў.

Вялікі драўляны крыж, які ставяць на неўрадлівым полі Багацькі, просячы гэтым дапамогі і спагады ва Усявышняга, а пасля спілаваны камсамольцамі, увасабляе драматызм жыцця чалавека. Пры дапамозе гэтага сімвалічнага вобраза аўтар падказаў чытачу, што яго героям давядзецца прайсці праз вялікія выпрабаванні і пакуты. Лёсы Петрака і Сцепаніды, іх пакутніцкая гібель нагадваюць лёс і пакуты Ісуса Хрыста. Несумненна, што гэтыя вобразы-сімвалы, матывы выпрабаванняў волі, маралі, духоўных якасцей герояў маюць біблейскае паходжанне.

Ёмісты і глыбокі філасофскі падтэкст нададзены старонкам твора, дзе В. Быкаў праводзіў думку пра яднанне чалавека і прыроды, селяніна і зямлі. Нават валун бялее для Сцепаніды ўкормленым парсюком. Заўважыўшы гэта, А. Адамовіч пісаў: «Чалавек і прырода, аблашчаная катаржнай працай зямля, жывёльны свет (карова, парсючок, куры гаспадарлівай Сцепаніды) — усё гэта ў аповесці Быкава нароўні з самым галоўным». Сапраўды, у аснове паняццяў пра дабро і зло, сапраўдную культуру ляжаць земляробскія па прыродзе сваёй, а значыць вясковыя, уяўленні.