«Знак бяды»

Глыбокі псіхалагізм аповесці

Аналітычнае даследаванне В. Быкавым духоўнага свету і маральнага аблічча герояў дазваляе гаварыць пра псіхалагізм як важную рысу яго пісьменніцкага стылю. Аўтарскі псіхалагізм у аповесці «Знак бяды» раскрыўся ў поўным і падрабязным выяўленні пачуццяў, думак, перажыванняў многіх герояў твора, але найперш Петрака і Сцепаніды.

Так, напрыклад, стрыманы, міралюбны характар Петрака пісьменнік ужо ў пачатку твора паказаў праз яго размову са Сцепанідай, у якой гучала няўпэўненае спадзяванне героя, што, можа, удасца ім на хутары спакойна перачакаць вайну і нашэсце чужынцаў: «Нічога, як-небудзь... Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны... Не з’ядуць, можа...»

Ён казаў так, падбадзёрваючы сябе і супакойваючы жонку, хоць сам не менш за яе сумняваўся: а ці так гэта? Ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. «Не век жа быць гэтай вайне». Аўтар перадаў кволыя спадзяванні Петрака, што ўдасца пазбегнуць бяды ў ваеннае ліхалецце, калі «паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. <…> Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жаднай прычыны будуць да яго прыдзірацца? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы яўрэй з мястэчка? Слава богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік — такі самы, як і ўсе навакол».

Стрыманы, засяроджаны характар гэтага героя падкрэсліваецца ўказаннем аўтара, што Пятрок любіў заставацца «сам-насам з думкамі ў цішы». Пра глыбіню і адоранасць ад прыроды сведчыць яго талент музы´кі — скрыпача-самавучкі, які ў лепшыя часы іграў на вясковых святах. На працягу твора аўтар з вялікай псіхалагічнай перакананасцю паказваў, як даводзіцца Петраку мяняць свае адносіны да падзей, акупантаў і мясцовых здраднікаў-паліцаяў. Іх гвалт і вераломства ператвараюць гэтага ўжо немаладога мірнага жыхара ў барацьбіта за свой дом, сваю зямлю, у рашучага, смелага і ахвярнага героя. І гэта падкрэсліў аўтар-псіхолаг, апісваючы апошнія эпізоды жыцця героя: Пятрок «усё болей рашуча ішоў насустрач паліцаям. <…>

— Гады вы, нямецкія запраданцы... <…> Застрэліце? Дык страляйце, чорт вас бяры! — з нечаканай рашучасцю, ад якой сам спалохаўся, закрычаў Пятрок і патрос у паветры сцятымі ў кулакі рукамі. — Страляйце!!! <…> Я вас не баюся! І Гітлера вашага не баюся! <…> Сын мой прыйдзе... Ён вам пакажа... <…> Федзька прыйдзе!..»

Асабліва ўважліва, шматпланава і дэталёва пісьменнік даследаваў ўнутранае аблічча, душэўнае жыццё Сцепаніды, паказваў то драматычныя сумненні гераіні, то рашучыя дзеянні ў розных абставінах. Аўтар на працягу твора падкрэсліваў бескампраміснасць, прынцыповасць характару гераіні. Яшчэ з даваеннага часу высялкоўцы, аднавяскоўцы Сцепаніды, памятаюць яе сумленнасць і смеласць: некалі на калгасным сходзе яна ў прысутнасці прадстаўніка раёна «збэсціла» кладаўшчыка, злодзея і п’яніцу, і таго знялі з працы і нават хацелі судзіць.

Сцепаніда абараніла жанчын-калгасніц, на якіх зласліўцы ўзвялі марны паклёп, што яны крадуць лён. Яна намагалася знайсці паратунак ад несправядлівай гвалтоўнай калектывізацыі ў Выселках і ваколіцах, беспадстаўных раскулачванняў сваіх працавітых землякоў. Але гэта адважная і сумленная жанчына была бездапаможнай у тых абставінах. Васіль Быкаў псіхалагічна дакладна апісаў балючыя перажыванні Сцепаніды, звярнуў увагу на яе смеласць выказвацца, горача і эмацыянальна пратэставаць супраць несправядлівасці — адкрыта, перад усімі, на сходзе.

З псіхалагічнай дакладнасцю майстар слова перадаў Сцепанідзіны гнеў і абурэнне гвалтам, што чынілі партыйныя актывісты над працавітымі вяскоўцамі, сярод якіх не было багацеяў, «класавых ворагаў», «прыгнятальнікаў»: «Голас яе напяўся ў нервовай узрушанасці, і гэта ўсе адчулі. Яе ўсю хапіла нейкая ўнутраная гарачка, плечы адразу спатнелі, вочы заслала невідушчым туманам, хвіліну яна не ведала, што сказаць ім і што падумаць самой. А яны ўсе тут — мужчына за сталом, Касмачоў ля яго, аднавокі Лявон і нават Ганчарык — з нейкай напружанай увагай знямелі і толькі чакалі, што скажа яна. І яна дужа не ў лад са сваімі пачуццямі зарагатала нядобрым нервовым рогатам, якога аж сама спалохалася, бо адчула, што гэты яе смех вось-вось абарвецца нечым жахлівым.

— Дурні вы! — раптоўна прыцяўшы смех, выпаліла яна. — Ёлупы! Каго раскулачваеце? Тады ўсіх раскулачвайце! Усіх да аднаго! І калгаса не трэба будзе. І ніякага клопату. Давайце ўсіх! І мяне таксама — парабчанку пана Яхімоўскага. І яго вунь — беззямельнага Ганчарыка! Усіх!»

Пісьменнік падкрэсліваў важнейшыя рысы характару гераіні — шчырасць, спагаду ў адносінах да людзей і імкненне да справядлівасці: яна была абурана намерам беспадстаўнага раскулачвання вяскоўцаў-працаўнікоў, гэтай «відавочнай несправядлівасцю». Сцепаніда звяртаецца да кіраўнікоў сходу, якія, па трапнай ацэначнай характарыстыцы аўтара, «спакойна сабе сядзелі, як пні, — нязрушна, упэўнена».

Пісьменнік паказаў, як гэта жанчына абараняе сваіх людзей: «А справядлівасць не трэба? Калі ўжо да беднякоў дайшло! Дык хіба справядліва? Вы, разумныя людзі, хіба вы не бачыце! <…> Нельга, каб свае — сваіх! <…> Гэта ж усе людзі навокал бачаць, а вы...»

Рашучасць гераіні змагацца з несправядлівасцю аўтар перадаў і пры дапамозе экспрэсіўна напоўненых дзеясловаў, якія падкрэсліваюць яе псіхалагічны стан: «Яна шыбанула ў дзверы, размашыста бразнула імі знадворку. <…> Яна бегла ўтаптанай дарогай... слёзы цяклі па яе зяблых шчоках, а ўнутры ў яе ўсё галасіла, і яна не ведала, што рабіць. Яна толькі адчувала... што трэба нешта зрабіць, некуды бегчы, звяртацца да некага. Але куды бегчы і да каго звяртацца? <…> Сцепаніда прыбегла на хутар... <…> Яна забегла ў хату... ухапіла кошычак...»

Веліч, стойкасць характару Сцепаніды выявіліся і ў час вайны. Яна з трывогай думала, што «з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна», папракала Петрака за яго чалавечую мяккасць: «Няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў быў пагадзіцца». Сцепаніда ведала, што нахабнікам, ілгунам трэба даваць адпор, каб «не ўзбіліся на карак». Калі ўзброеныя паліцаі Гуж і Каландзёнак, дэманструючы сваю вялікую ўладу над людзьмі, з’явіліся на хутары, Сцепаніда, у адрозненне ад Петрака, паводзіць сябе годна і незалежна.

Гэта трапна падкрэсліваў пісьменнік-псіхолаг: «Яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго — яна іх ненавідзела. Зрэшты ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы».

Для ўвасаблення характару, псіхалогіі герояў пісьменнік карыстаўся рознымі мастацка-выяўленчымі сродкамі, але часцей за ўсё прыёмам перадачы думак герояў, іх унутраных маналогаў, а таксама ўжываў эмацыянальна напоўненыя выказванні, апісанні жэстаў, мімікі, рухаў.

З трапнай псіхалагічнай матывацыяй аўтар ствараў і вобразы іншых герояў твора, асабліва пана Яхімоўскага, паліцаяў Каландзёнка, Гужа, Недасекі, а таксама Васіля і Янкі Ганчарыкаў, Карнілы, Анюты Багацька. З псіхалагічнай дакладнасцю праз асабістыя трагічныя лёсы герояў пісьменнік-гуманіст узнаўляў трагічныя часы ў жыцці беларусаў у ХХ стагоддзі.