«Знак бяды»

Зварот аўтара да эпізодаў даваеннага жыцця

Васіль Быкаў адным з першых у нашай літаратуры пачаў асэнсоўваць і адлюстроўваць трагедыю беларускага народа ў гады калектывізацыі. Зварот да памяці пра мінулае герояў, перажытае — важны творчы прыём, якім карыстаўся В. Быкаў у большасці твораў. Упершыню ў аповесці «Знак бяды» мінулае герояў — іх даваеннае жыццё — набывае раўнапраўнае мастацкае адлюстраванне з жыццём у акупацыі. Пісьменнік выявіў сувязь мінулага з сучасным, абгрунтоўваючы матывы паводзін і ўчынкаў герояў у час вайны. Гэта датычыцца вобразаў як Петрака і Сцепаніды, так і здраднікаў-паліцаяў.

У аповесці «Знак бяды» падзеі таго часу мы бачым праз успаміны галоўных герояў, пераважна Сцепаніды. Шчырая і сумленная, яна імкнулася жыць па справядлівасці, верыла ў новае сацыялістычнае жыццё. Але гэта вера не зрабіла яе, як і многіх, жорсткай, бяздушнай выканаўцай рэзалюцый раённага начальства. З уласцівым ёй пачуццём справядлівасці Сцепаніда пратэстуе супраць раскулачвання і высылкі сумленных гаспадароў-працаўнікоў, якімі былі сем’і Ладзімера Багацькі, Лявона Багацькі, Івана Гужова.

У новым савецкім жыцці, да якога пацягнулася Сцепаніда, яе многае здзіўляла, многае было незразумелым. Яна на пэўны час акрыяла душой, бы памаладзела, хадзіла на лікбез, стала членам камітэта беднаты. Затым, хоць з насцярожанасцю, перасварыўшыся з Петраком, уступіла ў калгас. Іншыя ж высялкоўцы ставіліся да калгаса з недаверам, назіралі за справамі першых калгаснікаў і сумняваліся. Але зверху, з раёна, нават з вобласці, усё ездзілі і ездзілі «разумныя людзі», прымушалі недаверлівых уступаць у калгас, спачатку пагражалі, а потым і раскулачвалі гаспадароў.

Найбольш выразна пра суровы і бязлітасны час калектывізацыі сведчаць эпізоды-малюнкі сходаў і пасяджэння камітэта беднаты ў Выселках. На іх адбываліся спрэчкі мясцовых актывістаў, раённых упаўнаважаных з сялянамі, якія не верылі ў поспех калгасаў, не хацелі пазбаўляцца нажытай цяжкай працай уласнай гаспадаркі. Агітуюць за калгас упаўнаважаныя Касмачоў і Новік, старэйшы сын мясцовага селяніна Недасекі. Касмачоў, як адзначыў аўтар, былы настаўнік гісторыі.

На сходах ён падбіраў разумныя словы, яму людзі верылі, «націскаў на сазнацельнасць серадняка». Вясковы хлопец Недасека, стаўшы пры савецкай уладзе начальнікам, змяніў бацькава прозвішча — стаў Новікам. «Спрытны быў і ў дзяцінстве, няблага вучыўся ў школе, а пасля — на настаўніка ў Віцебску, але настаўнікам рабіць не схацеў, падаўся ў кіраўнікі».

Сцепаніда заўважае, што Новік не саромеецца сваіх людзей, трымаецца па-начальніцку, «дзелавы, кажуць, дужа парцейны». Ён патрабуе правесці раскулачванне ў роднай вёсцы, хоць добра ведае: яго аднавяскоўцы — беднякі. Але такім спосабам хоча запалохаць людзей, якія, баючыся невядомасці, не ідуць у калгас. Новіку асмеліўся запярэчыць толькі старшыня сельсавета Лявон Багацька. Упаўнаважаны тут жа абвінавачвае яго: «Як будзе — партыя сказала. <…> Перш-наперш самім трэба стаць сазнацельнымі. А во вы самі — вы ж заражаны душком укланізму. Я вот гляджу, часнасобственніцкія тэндэнцыі для вас важней, чым рашэнні партыі».

Відавочна, што адным са спосабаў стварэння характару мясцовага кіраўніка з’яўляецца яго маўленне — выказванні, напоўненыя тагачаснымі палітычнаагітацыйнымі выразамі. Гэты ж Новік настойліва прапануе даць «адпор сабатажнікам калгаснага руху» і раскулачыць Гужова Івана «як кулацкага падпявалу і сабатажніка». Новік і сам прызнае, што ў яго суседа Гужова «зямлі небагата», але яго віна ў тым, што ён упарта не хацеў ісці ў калгас. Гэты селянін быў не багацейшы за іншых, а больш руплівы і цягавіты ў працы. Апраўдваючы аднавяскоўца, Сцепаніда разважае: «Меў двух сыноў, работнікаў у самай сіле, а тры мужыкі ў гаспадарцы — гэта табе не тры бабы».

Так праз думкі Сцепаніды паказваецца драматызм падзей калектывізацыі. Яна паспрабавала абараніць Гужа (так яго звалі аднавяскоўцы), сказала, што гэта несправядліва, і тут жа сама выклікала гнеў Новіка і пачула пагрозы: «Якая справядлівасць, цётка? У вас цемрашальства ў галаве, адсталае ўяўленне пра нейкую някласавую справядлівасць! А мы, бальшавікі, кіруемся адно класавай справядлівасцю: ніякай пашчады ворагу! Той, хто стаіць на нашым шляху, нам вораг, і мы яму ламаем хрыбет. Інакш новага жыцця нам не бачыць. У вас капітулянцкія, праваўкланісцкія погляды, якія трэба бязлітасна выкараніць!»

Збянтэжаная, спалоханая, Сцепаніда засумнявалася: можа, так і трэба, Новік жа адукаваны чалавек, лепш ведае... Раскулачванне Гужа, пагрозы Новіка прымусілі сялян пасля васьмі сходаў уступіць у калгас. Тры дні камісія па абагуленні гаспадарак хадзіла па дварах, апісвала, хто што павінен аддаць калгасу: кароў, коней, плугі, насенне... У дварах часта чуўся плач жанчын, якія не хацелі аддаваць набытае з працы сваіх рук у калектыў.

Пісьменнік пераканаўча паказаў, як віхурна-незразумелы новы час даў магчымасць зрабіць кар’еру зайздросным, нікчэмным, амаральным людзям, якія потым выкарыстоўвалі сваё становішча, каб помсціць тым, хто быў лепшы за іх. Такім у аповесці з’яўляецца і Патап Каландзёнак. Ён, зразумеўшы і ацаніўшы магчымасці новага жыцця, пачаў праяўляць «класавую пільнасць»: пісаў паклёпы на аднавяскоўцаў і пасылаў іх у раённую газету. Селькору-даносчыку верылі, яго допісы друкавалі, бо чыноўнікам-кар’ерыстам патрэбны былі высокія паказчыкі і па калектывізацыі, і па раскулачванні. Па паклёпніцкім даносе Каландзёнка чарговай ахвярай раскулачвання стала працавітая сям’я Ладзімера Багацькі.

Сцепаніда спрабавала абараняць праўду і чалавечнасць у гэты складаны час. Па яе перакананні, кожнаму чалавеку «трэба быць памяркоўным, ашчадным, справядлівым і добрым. Бо тваё зло супраць некага можа абрынуцца яшчэ з большай сілай назад, на цябе самога, тады ой як стане балюча». Несумненна, у гэтых радках гучыць і аўтарскі роздум пра меру адказнасці кожнага чалавека за свядомае або міжвольнае зло. Гэты маральны прынцып прымушае Сцепаніду рашуча выступіць супраць гвалтоўнай калектывізацыі.

У творы пісьменнік паказаў шэраг трагедый з жыцця высялкоўцаў, якія былі абумоўлены рэпрэсіямі. Несправядлівага раскулачвання сям’і Ладзімера Багацькі не вытрымлівае малады міліцыянер Васіль Ганчарык. У адчайным кроку разумнага і сумленнага юнака трэба бачыць не толькі яго асабістую драму, але і пратэст супраць несправядлівасці, якую чынілі людзі ў адносінах адзін да аднаго. Нават шчырага прыхільніка калгасаў — старшыню Лявона Багацьку — потым беспадстаўна арыштавалі. Сцепаніда збірала подпісы ў яго абарону і адправіла Петрака ў Мінск да старшыні ЦВК Беларусі Аляксандра Чарвякова, каб ён дапамог выручыць з бяды сумленнага чалавека, названага ворагам савецкай улады.

Упершыню ў аповесці «Знак бяды» В. Быкаў звярнуўся да стварэння вобраза канкрэтнай гістарычнай асобы. У творы выразна паказаны лепшыя якасці чалавека і кіраўніка Аляксандра Чарвякова, яго дэмакратызм, чалавечнасць, разуменне супярэчнасцей тагачаснага жыцця, спагада да чалавека працы. Гэта выявілася ў адносінах Чарвякова да калгаснікаў — Петрака і Сцепаніды. Сёння вядома, што гэты дзяржаўны дзеяч, як і многія іншыя, стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Васіль Быкаў пераканаўча паказаў, што ў перадваенны час Галгофай была ўся Беларусь і тое, што адбывалася, — вялікая нацыянальная трагедыя.