«Знак бяды»

Сцепаніда і Пятрок Багацькі: маштабнасць характараў

Праз вобразы галоўных герояў, мужа і жонкі Багацькаў, пісьменнік паказаў трагізм і бесчалавечнасць вайны. Пятрок і Сцепаніда — моцныя духам людзі, і гэта моц выяўляецца ў адказныя, трагічныя моманты іх жыцця. Яны носьбіты высокіх духоўных каштоўнасцей, уласцівых беларускаму народнаму характару. Гэтыя людзі маюць гонар і сумленнасць. Пра даваеннае жыццё герояў мы даведваемся з іх успамінаў. Вытокі духоўнасці, маральнасць герояў фарміраваліся ў іх маладосці.

Яшчэ дзяўчынай некалі Сцепаніда прыйшла наймацца на жніво да гаспадара Адольфа Яхімоўскага. Ён паходзіў са знакамітага шляхецкага роду, але ад былога багацця і славы засталіся толькі хутар і прыроджаны гонар пана Адольфа. Сцепаніда старанна працавала і паважала свайго гаспадара. I ён цаніў руплівую, увішную, сумленную парабчанку і згадзіўся, калі яна выйшла замуж за Петрака, пусціць маладую сям’ю жыць у істопку. Пятрок да гэтага часу батрачыў на фальваркоўцаў, шукаў іншыя заробкі.

Савецкая ўлада забрала зямлю ў пана Яхімоўскага і надзяліла ёй парабкаў. Як працаўнікі-земляробы Пятрок і Сцепаніда былі рады атрыманым дзвюм дзесяцінам зямлі. Сцепаніда, як пісаў пісьменнік, «проста гатова была скакаць ад радасці — гэта ж падумаць: яны займеюць сваю зямлю, і без грошай, без сваркі, без судоў і прашэнняў — атрымаюць і ўсё».

Аднак сумленне не давала спакою: ці справядліва гэта — узяць чужую зямлю і раздаць яе іншым? Сцепаніда шкадавала нямоглага гаспадара, які ціха і адзінока дажываў век. З крыўдай пан Яхімоўскі сказаў былым парабкам: «Бярыце, цяпер усё ваша. <…> Быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне вас шкада». Словы пана Яхімоўскага аказаліся прарочымі...

     Пакуты сумлення доўга не пакідалі Сцепаніду і Петрака. Былі бяссонныя ночы, поўныя трывожных прадчуванняў. Апісваючы гэта, В. Быкаў падкрэсліваў высокую маральнасць сваіх герояў, галоўным суддзёй якім было ўласнае сумленне. Але так склалася жыццё. Пісьменнік дакладна перадаў трапяткую любоў і святую пашану Петрака і Сцепаніды да карміцелькі-зямлі. Ідучы з мужам на агледзіны ўжо сваёй зямлі, «Сцепаніда дастала з палічкі свянцоныя галінкі вярбы, завязала ў хусцінку кавалак прыхаванага з Вялікадня куліча. Чысцей апрануўшыся, яны ўдваіх пайшлі на агледзіны поля».

Галоўныя героі імкнуліся будаваць сваё жыццё па працоўных і этычных традыцыях продкаў. Савецкая ўлада спачатку выклікала ў іх давер і надзею на магчымасць справядлівых адносін паміж людзьмі. У характарах галоўных герояў шмат таго, што адвеку было ў душы беларуса: жаданне жыць сумленна, ісці да людзей з дабром, жыць з працы сваіх рук, потам і мазалямі здабываць кавалак хлеба.

Але жыццё быццам папярэджвала герояў, што не ўсё складзецца шчасліва. Жыццё Петрака і Сцепаніды суправаджалі знакі бяды, і ў гэтым прачытваецца глыбокі маральна-філасофскі сэнс твора. У пачатку іх сумеснага сямейнага жыцця бяду прадказвалі словы пана Яхімоўскага пра марнасць спадзяванняў на чужой бядзе будаваць шчасце. Ды і сама нехрысціянская смерць пана Адольфа, мёртвы жаваранак у жытнёвай руні Багацькаў таксама былі знакам няшчасця. «Бедавала Сцепаніда сама не свая ад гэтага яўнага знака бяды.

Нейкі час яны не ведалі, што рабіць, ашаломленыя, стаялі на мяжы над маленькай мёртвай птушачкай... Сцепаніда нават заплакала, і Пятрок не суцяшаў яе: мусіць, самому было не лепей...» Каб адвесці ўсе нягоды ад зямлі і гаспадаркі, Пятрок зрабіў вялікі крыж і ўстанавіў яго на ўзгорку. У творы назва «Галгофа» і вобраз крыжа сімвалізуюць лёс Петрака і Сцепаніды, іх ахвярную хлебаробскую працу, бясконцую святую веру ў карміцельку-зямлю, у вышэйшую справядлівасць і пакутніцкую смерць герояў.

Пятрок па характары вельмі цярплівы, трывалы. Памяркоўнасць паводзін свайго героя падкрэсліваў аўтар: «Ціхі і мяккі — гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны». Калі Сцепаніда адразу супраціўляецца з’яўленню на іх хутары паліцаяў і немцаў, дык Пятрок спачатку спрабуе неяк прыстасавацца да нечалавечых умоў акупацыі. Сцепаніду то злуе, то цешыць стрыманасць характару мужа.

Асаблівасці яго натуры вельмі дакладна перададзены праз думкі Сцепаніды: «Колькі яна натузалася за жыццё з гэтым Петраком ды і насварылася... <…> Быў аж залішне добры па цяперашнім часе, ды і па ранейшым так-сама. Гэткая ўжо натура: хутчэй аддасць, чым возьме. Лягчэй саступіць, чымсьці даб’ецца. Не любіў сварыцца, яму ўсё каб ціха».

Аднак у цяжкі і няпэўны ваенны час Сцепаніда вельмі баіцца страціць Петрака. Душэўна далікатны, стрыманы, ён спадзяецца задобрыць паліцаяў, адкупіцца ад іх гарэлкай, каб пакінулі хутар і іх, сталых мірных людзей. З болем і роспаччу думае Пятрок пра акупацыйныя парадкі, калі жыццё чалавека залежыць ад паліцаяў, якія «людзей страляюць, нібы сабак». Упэўніўшыся, што прыстасавацца да нечалавечых умоў нельга, гэты цярплівы і трывалы селянін выказвае паліцаям агіду і нянавісць да іх.

Так у бязвыхадных абставінах выяўляюцца адвага і мужнасць, духоўная нязломнасць героя. За чалавечую годнасць, лепшае жыццё, якое некалі наступіць, плаціць сціплы гаспадар хутара самай вялікай цаной — жыццём. Пятрок не апусціўся да ўслужэння паліцаям і акупантам. У яго высакародным бунце бачыцца гераізм. I гіне ён не як ахвяра, а як герой, з перакананнем, што вернецца яго сын Федзька і здзейсніць святую помсту.

Сцепаніда па характары шчырая, рашучая, у пэўным сэнсе праўдашукальніца. Яшчэ да вайны, у час калектывізацыі, яна намагалася адстойваць справядлівасць, але гэта ёй удавалася не заўсёды. З прыходам акупантаў яна цвёрда вырашыла не ісці на кампраміс. Сцепаніда адразу пачынае ім супрацьстаяць, хоць добра разумее слабасць свайго пратэсту. Баявітасцю характару яна дапаўняе стрыманага і ціхмянага Петрака.

Пісьменнік паказаў, як у душы і свядомасці Сцепаніды выспявае рашучасць не ісці на ўступкі, нават дробязныя, ні немцам, ні паліцаям. Яна іх лічыць нелюдзямі і прагне помсты. Вырашыўшы не даць малака немцам, Сцепаніда ахвяруе вельмі дарагім у час вайны — каровай. Потым крадзе ў ворагаў вінтоўку і кідае яе ў калодзеж, за апошняга парсючка купляе бомбу ў сквапнага аднавяскоўца Карнілы. Пасля гібелі Петрака, збітая паліцаямі да паўсмерці, яна здзяйсняе гераічны ўчынак, помсцячы за ўсе здзекі, баронячы свой двор і сваю зямлю. Акружаная паліцаямі, жанчына зачыняецца ў істопцы, аблівае хату і сябе газай і падпальвае. Палаючае сялянскае жыллё ператвараецца ў непрыступную крэпасць, дзе Сцепаніда ўжо непераможная і недасягальная для ворагаў.

Такі ўчынак галоўнай гераіні — сведчанне яе нязломнасці, роўнай вялікаму подзвігу.

Эпізоды гібелі Петрака і Сцепаніды глыбока сімвалічныя. Гэтай сімвалічнасцю прасякнуты ўвесь твор, на што ўказвае яго назва. Надзвычай шматзначнае тое, што Пятрок і Сцепаніда гінуць не ад рук фашыстаў, а ад рук сваіх аднавяскоўцаў-паліцаяў. Гібеллю Петрака і Сцепаніды аўтар адначасова перасцерагаў, што разбурэнне духоўнасці, векавой народнай маралі, жорсткасць адносін грамадства да чалавечай асобы намнога страшнейшыя за акупацыю.