«Знак бяды»

Актуальнасць маральна-філасофскай праблематыкі твора. Вастрыня трагедыйнага канфлікту

Аповесць «Знак бяды» не толькі на антываенную тэму, але і пра трагізм нашай гісторыі ў 1920—1930-я гады, які помніўся В. Быкаву з маленства. Асноўныя падзеі твора разгортваюцца ў час фашысцкай акупацыі ў Беларусі, на хутары, дзе жывуць галоўныя героі — Сцепаніда і Пятрок Багацькі. Прататыпамі персанажаў аповесці, па прызнанні пісьменніка, сталі яго бацькі і блізкія родзічы.

Пачатак 1920-х гадоў, час заканчэння Грамадзянскай вайны, аўтар паказаў сцісла і дакладна. У прыватнасці, паведаміў, што ў вёскі і на хутары вярталіся з вайны мужчыны і дзецюкі: «Узнёслыя і ганарыстыя ад перамог над белымі, немцамі, палякамі, у вастраверхіх будзёнаўскіх шлемах... з мяшэчкамі за плячыма, але з вялікай надзеяй пачаць новае, адваяванае ў старога жыццё». У гэты час Пятрок і Сцепаніда ажаніліся, савецкая ўлада дала ім зямлю, і яны адчулі шчасце быць гаспадарамі.

Яны не верылі свайму шчасцю, часам здавалася сном, што яны маюць сваю зямлю. Але гэта радасць азмрочвалася тым, што зямля ўсё ж была не зусім свая: савецкая ўлада забрала яе ў пана Адольфа Яхімоўскага. Ён быў «жывым дакорам» новым гаспадарам, дажываў побач, нагадваючы Багацькам, што на чужым няшчасці шчасця не здабудзеш.

Больш панарамна ў творы адлюстраваліся суровыя рэаліі трагічных 1930-х гадоў, падзеі калектывізацыі, якія помніліся В. Быкаву з маленства: «...Раптам заплача маці. Такога ніколі не было. Калі нешта там здаралася ў іх з бацькам, яна проста маўчала. А тут наўзрыд, давячыся слязьмі, плача. Аказваецца, учора арганізавалі калгас і сёння прыехалі, забралі з засекаў у пуньцы ўсё насенне». Маці плакала, бо самім не засталося чым сеяць, не засталося жыта на хлеб нават дзецям, якіх кожны дзень трэба было карміць...

Пісьменнік прызнаваўся, што дзіцячая памяць захавала шмат драм з таго часу. Ён, напрыклад, не разумеючы трагізму сітуацыі, зайздросціў сябру, які хваліўся, што паедзе ў высылку на цягніку, бо сам будучы пісьменнік у маленстве ніколі не бачыў цягнікоў... Васіль Быкаў памятаў сходы, якія ішлі некалькі дзён запар, каб прымусіць сялян ісці ў калгас. Пісьменнік сведчыў, што з васямнаццаці гаспадароў роднай вёскі шэсць самых працавітых, руплівых, але зусім не кулакоў былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў аповесці «Знак бяды», асабліва праз лёсы старшыні сельсавета Лявона Багацькі, Івана Гужова, Ладзімера Багацькі і іх сем’яў.

Сёння нашым грамадствам прызнана, што гвалтоўнае правядзенне калектывізацыі прывяло ў выніку да разарэння краіны, вынішчыла ў душы селяніна пачуццё гаспадара сваёй зямлі і любоў да працы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны многія зняволеныя ў турмах, высланыя ў Сібір і на Поўнач людзі, у тым ліку і несправядліва пакрыўджаныя савецкай уладай, былі вызвалены. Некаторыя з іх, помсцячы савецкай уладзе, станавіліся калабарантамі — здраднікамі, карнікамі, памагатымі фашысцкіх акупантаў. Менавіта «свае», паліцаі, распраўляюцца са сціплымі і духоўна прыгожымі людзьмі — Петраком і Сцепанідай Багацькамі.

Прыхільнік балючай, бязлітаснай праўды пра трагічную гісторыю нашага народа, В. Быкаў першым у беларускай літаратуры ў «Знаку бяды» паказаў горкую праўду 1930-х гадоў і асудзіў здрадніцтва, нечалавечую жорсткасць фашысцкіх прыслужнікаў. Праблематыка аповесці актуальная ва ўсе часы. Паказваючы змаганне дабра са злом, аўтар сцвярджаў непераможнасць сіл дабра, маральнасць, духоўную нязломнасць нашага народа.