*§ 10-1. Метады вывучэння клеткі

З дапамогай метадаў цытахіміі і гістахіміі вывучаюць хімічную прыроду розных структур клетак і тканак, размеркаванне хімічных злучэнняў, іх лакалізацыю і ператварэнні. Гэтыя метады заснаваны на выкарыстанні колеравых рэакцый для вызначэння ў клетках розных рэчываў. Пад дзеяннем спецыяльна падабраных рэактываў адбываецца афарбоўванне пэўных злучэнняў у клетцы. Па ступені і характары афарбоўкі з дапамогай мікраскапіі мяркуюць пра колькасць ці актыўнасць вывучаемых рэчываў.

Метады цыта- і гістахіміі павінны забяспечваць звязванне фарбавальніку толькі з доследным злучэннем, захаванне структуры клеткі і лакалізацыі рэчыва ў ёй. Дзякуючы гэтым метадам выяўляюць бялкі і амінакіслоты, нуклеінавыя кіслоты, вугляводы, ліпіды, неарганічныя рэчывы і інш.

Пры цытахімічным вызначэнні бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў і ліпідаў, як правіла, выяўляюцца пэўныя структурныя часткі іх малекул. Напрыклад, у нуклеінавых кіслотах — азоцістыя асновы, астаткі фосфарнай кіслаты ці пентоз. Вызначэнне ферментаў заснавана на выяўленні прадуктаў каталізуемых імі рэакцый. Пры гэтым клеткі змяшчаюцца ў асяроддзе, якое, утрымлівае субстрат доследнага ферменту, а прадукт, што ўтвараецца, вызначаецца з дапамогай колеравай рэакцыі. Афарбаваны прадукт не павінен валодаць высокай растваральнасцю, каб змяшчацца менавіта ў тых частках клеткі, дзе ён быў сінтэзаваны. Па інтэнсіўнасці афарбоўкі можна вызначыць узровень актыўнасці ферменту. У цяпершні час метады цытахіміі дазваляюць выяўляць мноства розных ферментаў.

Важную ролю ў цытахімічных даследаваннях адыгрывае аўтарадыяграфія. Гэты метад заснаваны на ўвядзенні ў клеткі рэчываў, якія змяшчаюць радыеактыўныя меткі (3H, 14C, 15N, 32P, 131I і інш.). Па хімічных уласцівасцях мечаныя злучэнні, напрыклад амінакіслоты ці вугляводы, не адрозніваюцца ад звычайных і ўключаюцца ў працэсы абмену рэчываў. Устанавіць лакалізацыю і канцэнтрацыю мечаных рэчываў можна дзякуючы пацямненню адчувальнай да радыеактыўных выпраменьванняў фатаграфічнай эмульсіі, накладзенай на ўзор. Метад аўтарадыяграфіі выкарыстоўваецца для вывучэння працэсаў абмену рэчываў у клетцы, вызначэння лакалізацыі асобных рэчываў і перамяшчэння іх унутры клеткі, даследавання пранікальнасці клетачных мембран.