*§ 10-1. Метады вывучэння клеткі
Светлавая мікраскапія. Першым метадам, выкарыстаным для адкрыцця і вывучэння клетак, была светлавая мікраскапія. Павелічэнне аб'екта ў светлавым мікраскопе дасягаецца з дапамогай лінз, праз якія праходзіць святло. Пры гэтым максімальнае павелічэнне складае каля 1500 разоў. Аднак галоўнай характарыстыкай мікраскопа з'яўляецца распазнавальная здольнасць — мінімальная адлегласць паміж двума аб'ектамі, якія можна распазнаць асобна. Асобная часціца будзе бачна толькі ў тым выпадку, калі па памеры яна не меншая за распазнавальнасць мікраскопа. Напрыклад, распазнавальная здольнасць чалавечага вока складае каля 0,1 мм.
Распазнавальнасць характарызуе выразнасць відарыса. Без павышэння распазнавальнай здольнасці няма сэнсу ў большым павелічэнні. Калі лінзы не даюць магчымасці адрозніваць дэталі аб'екта, то відарыс будзе размытым, і пры большым павелічэнні будзе атрыманы проста больш буйны, але такі ж невыразны відарыс.
Распазнавальнасць светлавога мікраскопа абмяжоўваецца даўжынёй светлавой хвалі. Нават пры выкарыстанні самага караткахвалевага бачнага святла — фіялетавага — можна дасягнуць распазнавальнасці толькі каля 200 нм. Пры такой распазнавальнай здольнасці можна ўбачыць самыя буйныя кампаненты клетак — ядро, пластыды, вакуолі, мітахондрыі, клетачныя сценкі. Больш дробныя клетачныя структуры ці не бачны ўвогуле, ці іх дэталі распазнаюцца з цяжкасцю.
Другая складанасць ужывання светлавой мікраскапіі выяўляецца ў тым, што большасць клетачных кампанентаў празрыстая. Для павелічэння кантраснасці часта выкарыстоўваюць розныя метады афарбоўкі клетак. Пры гэтым клетачныя структуры афарбоўваюцца спецыяльнымі фарбавальнікамі ў розныя колеры. Некаторыя фарбавальнікі — іх называюць прыжыццёвымі — не таксічныя і выкарыстоўваюцца для афарбоўвання жывых клетак. Аднак большасць фарбавальнікаў таксічныя для клетак і выклікаюць іх гібель.