§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі

Адкрыццё клетак. Вывучэнне клетак стала магчымым дзякуючы вынаходству мікраскопа — прыбора, прызначанага для атрымання павялічаных відарысаў. *Першы мікраскоп з'явіўся ў Еўропе ў канцы XVI ст.*

Чалавекам, які ўпершыню ўбачыў клеткі пры дапамозе мікраскопа (мал. 10.1, а), быў англійскі вучоны Р. Гук. У 1665 г. пры разглядзе тонкага зрэзу коркавага слоя драўніннай кары ён выявіў, што корак падзелены на мноства малю­сенькіх ячэек (мал.10.1, б). Гэтыя ячэйкі, падобныя да пчаліных сотаў, Гук назваў клеткамі. Той жа план будовы ён назіраў і пры вывучэнні іншых тканак раслін. З часам тэрмін «клетка» зацвердзіўся ў біялогіі.

*Пра адкрыццё клетак Гук напісаў у сваёй кнізе «Мікраграфія»: «Узяўшы кавалачак чыстага светлага корка, я адразаў ад яго вострым як брытва нажом вельмі тонкую пласцінку. Калі потым я змясціў гэты зрэз на прадметнае шкло і стаў разглядаць яго пад мікраскопам, накіраваўшы святло з дапамогай люстэрка, я вельмі ясна ўбачыў, што ўвесь ён пранізаны адтулінамі і порамі. Гэтыя поры былі не надта глыбокімі, а складаліся з вялікай колькасці  маленькіх ячэек, вычлененых з адной доўгай бесперапыннай поры асаблівымі перагародкамі. Такая будова ўласціва  не аднаму толькі корку. Я разглядаў з дапамогай свайго мікраскопа стрыжань бузіны і розных дрэў, а таксама ўнутраную мякаць сцябла трыснягу, некаторай агародніны і іншых раслін: фенхелю, морквы, лопуху, папараці і г. д. І выявіў у іх усіх той жа план будовы, што і ў корку».*

Праз некалькі гадоў галандскі натураліст А. ван Левенгук зрабіў мікраскоп, які валодаў значна большым павелічэннем. З яго дапамогай даследчык выявіў рухомыя мікраскапічныя арганізмы — інфузорыі, амёбы, бактэрыі. Таксама Левенгук упершыню назіраў клеткі жывёл — эрытрацыты і сперматазоіды.

Мікраскоп Левенгука ўяўляў сабой пласцінку, у цэнтры якой была адна лінза (гл. мал. 10.2). Назіральніку трэба было глядзець праз лінзу на ўзор, замацаваны з другога боку. Нягледзячы на прастату канструкцыі, мікраскоп Левенгука дазваляў атрымаць павелічэнне ў некалькі ра­зоў большае, чым у іншых мікраскопаў таго часу. На працягу жыцця Левенгук зрабіў не менш за 25 мікраскопаў. Дзевяць з іх, якія захаваліся да нашых дзён, здольныя павяліч­ваць відарыс у 275 разоў. Аднак мяркуецца, што Левенгук стварыў мікраскопы, якія маглі даваць павелічэнне да 500 разоў.

*У XVIII ст. было апублікавана шмат новых малюнкаў і апісанняў розных клетак, прычым пераважна раслінных. Справа ў тым, што тканкі жывёл лёгка пашкодзіць, з прычыны чаго вучоным было цяжка вырабляць прэпараты для даследавання. Аднак мікраскоп у той час разглядаўся галоўным чынам як цацка, таму большасць даследчыкаў прыроды не надавала сваім назіранням сур'ёзнага значэння.*