*§ 10-1. Метады вывучэння клеткі
1. Ахарактарызуйце метады светлавой і электроннай мікраскапіі. Што яны дазваляюць вывучыць? 2. На чым заснаваны метады цыта- і гістахіміі? Для чаго яны ўжываюцца? Што ўяўляе сабой аўтарадыяграфія? 3. Ахарактарызуйце метад дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання. У чым заключаецца асаблівасць цэнтрыфугавання ў градыенце шчыльнасці? 4. У якіх адзінках выражаюць хуткасць асаджэння часціц пры цэнтрыфугаванні? Ці можна падзяліць кампаненты суспензіі, якія маюць аднолькавыя памеры, з дапамогай цэнтрыфугі? 5. Для чаго выкарыстоўваецца метад рэнтгенаструктурнага аналізу? 6. На чым заснаваны і для чаго выкарыстоўваюцца метады клетачных культур і мікрахірургіі? 7*. Падбярыце метады, якія падыходзяць для кожнага цыталагічнага даследавання. Растлумачце свой выбар. а) Вызначэнне таўшчыні цытаплазматычнай мембраны клеткі; б) выдзяленне з нейронаў ядзер і іх збор у асобную прабірку для далейшага вывучэння; в) падлік колькасці лейкапластаў (бясколерных пластыд) у клетках клубня бульбы; г) вызначэнне формы малекулы бялку і пабудова яе аб'ёмнага відарыса; д) размнажэнне ў лабараторыі лейкацытаў чалавека і вызначэнне, ці змогуць яны выконваць свае функцыі без ядра; е) падлік колькасці эрытрацытаў у 1 мм3 крыві чалавека. 8*. У цяпершні час метад клетачных культур знаходзіць прымяненне не толькі ў цыталагічных даследаваннях. Прапануйце іншыя магчымыя галіны яго практычнага выкарыстання. |