*§ 10-1. Метады вывучэння клеткі

Адкрыццё клетак звязана з выкарыстаннем светлавой мікраскапіі. Гэты метад дазваляе вывучыць самыя буйныя клетачныя кампаненты. Ужыванне электроннай мікраскапіі зрабіла магчымым даследаванне ультратонкай будовы клетачных структур. Метады цыта- і гістахіміі выкарыстоўваюцца для вывучэння лакалізацыі хімічных злучэнняў і аналізу працэсаў абмену рэчываў у клетках і тканках. Вызначыць прасторавую структуру біямалекул дазваляе рэнтгенаструктурны аналіз. Метады дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання і цэнтрыфугавання ў градыенце шчыльнасці ўжываюць для раздзялення кампанентаў клетак. Пры вывучэнні працэсаў дзялення і росту, дыферэнцыяцыі, ролі ядра і арганоідаў у жыццядзейнасці клетак выкарыстоўваюць метады клетачных культур і мікрахірургіі.