*§ 10-1. Метады вывучэння клеткі

Іншыя метады вывучэння клеткі. Для вывучэння будовы малекул ужываецца рэнтгенаструктурны аналіз. З яго дапамогай можна вызначыць даўжыню хімічных сувязей, памер атамаў і іх прасторавае размяшчэнне ў малекулах. З выкарыстаннем гэтага метаду была вызначана структура многіх біялагічных малекул — бялкоў, нуклеінавых кіслот, вітамінаў і г. д.

За даследаванні прасторавай структуры і функцый біямалекул з выкарыстаннем рэнтгенаструктурнага аналізу 19 вучоных былі ўзнагароджаны Нобелеўскай прэміяй. У іх ліку ўжо вядомыя вам Д. Уотсан, Ф. Крык і М. Уілкінс, якія вызначылі структуру ДНК, а таксама Д. Ходжкін за адкрыццё структуры халестэрыну, пеніцыліну і вітаміну В12 (1964 г.), А. Ёнат, Т. Стэйц і У. Рамакрышнан за даследаванні будовы і функцый рыбасом (2009 г.) і інш.

Метад клетачных культур уяўляе сабой вырошчванне клетак на спецыяльных пажыўных асяроддзях у кантралюемых умовах. Для гэтага трэба забяспечыць стэрыльнасць, а пажыўнае асяроддзе павінна змяшчаць усе рэчывы, патрэбныя для забеспячэння жыццядзейнасці клетак, якія вырошчваюцца. Культываванне клетак ажыццяўляецца пры пастаяннай тэмпературы, падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя кіслароду, вуглякіслага газу, пары вады і г. д. Метад клетачных культур выкарыстоўваецца для вывучэння працэсаў дзялення і росту клетак, іх дыферэнцыроўкі, узаемадзеяння з асяроддзем, старэння, злаякаснай трансфармацыі і інш.

Метады мікрахірургіі дазваляюць выдаляць ці перасаджваць структурныя элементы жывых клетак, напрыклад ядры, арганоіды, ажыццяўляць мікраін'екцыі розных рэчываў. Гэтыя метады прымяняюць для вывучэння ролі ядра і розных арганэл у жыцці клетак, даследавання змяненняў, якія адбываюцца ў бяз'ядзерных клетках і інш.