*§ 10-1. Метады вывучэння клеткі

Электронная мікраскапія. Многія клетачныя структуры, напрыклад рыбасомы, дыяметр якіх складае каля 20—30 нм, немагчыма ўбачыць з дапамогай светлавога мікраскопа з прычыны нізкай распазнавальнасці. Гэта праблема была рэшана пасля стварэння электроннага мікраскопа ў 1930-х гг. Замест святла ў ім выкарыстоўваецца струмень электронаў, а замест лінз — электрамагніты. Сучасныя электронныя мікраскопы (мал. 10-1.1) маюць распазнавальную здольнасць, меншую за 1 нм і павелічэнне да 106 разоў. Гэтага дастаткова для вывучэння найдрабнейшых арганоідаў і нават буйных малекул. Выкарыстанне электроннай мікраскапіі ў біялогіі дазволіла даследаваць ультратонкую будову клетачных структур — мембран, рыбасом, элементаў цыташкілета і інш.

Адрозніваюць два асноўныя тыпы электроннай мікраскапіі: прасвечвальную (трансмісійную) і сканіруючую. У прасвечвальным электронным мікраскопе электроны праходзяць праз узор, гэтак жа як светлавыя прамені ў светлавым мікраскопе. Таму для вывучэння можна выкарыстоўваць толькі вельмі тонкія зрэзы, каб праз іх маглі праходзіць электроны. Акрамя таго, у такім мікраскопе падтрымліваецца вакуум, а біялагічныя ўзоры для павелічэння кантраснасці апрацоўваюць злучэннямі ўрану ці свінцу, якія з'яўляюцца таксічнымі для клетак. З гэтым звязана тое, што з дапамогай прасвечвальнага электроннага мікраскопа можна вывучаць толькі мёртвыя клеткі.

Сканіруючы электронны мікраскоп вынайдзены ў 1950-х гг. Відарыс у ім ствараецца адбітымі ад паверхні вывучанага аб'екта электронамі, пры гэтым можна выкарыстоўваць узоры большай таўшчыні. Распазнавальная здольнасць сканіруючы электроннай мікраскапіі ніжэйшая, чым прасвечвальнай. Але гэты метад дазваляе атрымліваць трохмерныя відарысы. З яго дапамогай даследуюцца, напрыклад, мембраны клетак і ўключаныя ў іх бялкі.