§ 51. Фарміраванне ўяўленняў пра эвалюцыю чалавека. Месца чалавека ў заалагічнай сістэме

Якасныя адрозненні чалавека. Эвалюцыйную роднасць людзей і жывёл даказваюць многія прыметы, напрыклад падабенства эмбрыянальнага развіцця, будовы цела, наяўнасць рудыментаў, з’яўленне атавізмаў. Аднак від Чалавек разумны мае шэраг важных асаблівасцей, якія адрозніваюць яго ад іншых млекакормячых, у тым ліку і ад астатніх чалавекападобных прыматаў (арангутана, гарылы, шымпанзэ і інш.). Гэтыя адрозненні звязаны, перш за ўсё, з прамахаджэннем, развіццём мыслення і маўлення, працоўнай дзейнасцю.

Прамахаджэнне чалавека абумовіла шэраг асаблівасцей у будове апорна-рухальнага апарату. Так, вялікая патылічная адтуліна размешчана ў людзей унізе чэрапа, у цэнтры яго асновы, а не ззаду, як у астатніх млекакормячых (мал. 51.1). Гэта забяспечвае ўстойлівасць чэрапа. Пазваночнік у чалавека, у параўнанні з другімі млекакормячымі, скарочаны, што спрыяе падтрыманню вертыкальнага становішча цела. Ён мае S-падобную форму з прычыны наяўнасці чатырох выгібаў (успомніце, як яны называюцца). Выгібы пазваночніка змякчаюць штуршкі і ўдары пры руху, забяспечваюць захаванне раўнавагі цела. У большасці млекакормячых пазваночнік мае форму дугі (мал. 51.2). Як вы ведаеце з курса біялогіі 9-га класа, у людзей памеры пазванкоў паслядоўна павялічваюцца ад шыйнага аддзела да крыжа ў сувязі з узрастаннем нагрузкі на іх. У іншых чалавекападобных прыматаў паз­ванкі прыкладна аднолькавыя па памеры.

У сувязі з прамахаджэннем грудная клетка чалавека шырокая і адносна плоская, а ў другіх млекакормячых яна мае выгляд конуса. Таз у людзей пашы­раны і мае форму чашы, якая падтрымлівае знізу ўнутраныя органы. Таз у большасці млекакормячых вузкі, выцягнуты ў даўжыню (гл. мал. 51.1). Ніжнія канечнасці чалавека даўжэйшыя за верхнія. Мацней, чым у астатніх прыматаў, развіты мышцы ног і спіны, якія забяспечваюць падтры­манне вертыкальнага становішча цела. Ступня чалавека страціла хапальную функцыю — вялікі палец не адведзены ўбок, як у іншых прыматаў, а размешчаны паралельна астатнім. Акрамя таго, ступня чалавека ў ходзе эвалюцыі набыла звод, які забяспечвае амартызацыю пры руху (гл. мал. 51.2).

Паралельна з развіццём мыслення і маўлення павялічваўся аб’ём галаўнога мозгу чалавека. У сучасных людзей ён звычайна складае 1200 —1600 см3, а ў іншых прыматаў не перавышае 600 см3. Галаўны мозг чалавека адрозніваецца высокай ступенню развіцця кары вялікіх паўшар’яў, дзе знаходзяцца цэнтры маўлення, лагічнага мыслення, канструктыўнай дзейнасці і многія іншыя. Толькі для людзей характэрна наяўнасць другой сігнальнай сістэмы, якая забяспечвае маўленне і абстрактнае мысленне. Слова дазваляе абагульняць назапашаныя факты і перадаваць інфармацыю ад аднаго чалавека да другога. Такім чынам, дзякуючы маўленню чалавек выкарыстоўвае ў жыцці не толькі свой асабісты вопыт, але і вопыт іншых людзей.

У сувязі з павелічэннем аб’ёму галаўнога мозгу ў чалавека мазгавы аддзел чэрапа пераважае над аддзелам твару ў суадносінах 4 : 1. У большасці прыматаў гэтыя суадносіны блізкія да 1 : 1, а ў іншых млекакормячых істотна пераважае аддзел твару.

Выразнаму і хуткаму вымаўленню гукаў спрыяе тое, што ніжняя сківіца чалавека мае форму падковы з падбародачным выступам. Гэта звязана з развіццём мускулатуры языка. Акрамя таго, у людзей невялікія іклы, якія не выступаюць за лінію іншых зубоў, зубны рад роўны, без прамежкаў, складана пабудавана гартань. У чалавекападобных малп ніжняя сківіца мае форму дугі, іклы буйныя, выступаюць наперад, гартань пабудавана параўнальна проста.

*Вялікія іклы патрэбны прыматам, якія кормяцца ў асноўным расліннай ежай, не для палявання, а для дэманстрацыі агрэсіі драпежнікам і, калі гэта неабходна, родзічам. Яны маюць важнае камунікацыйнае прызначэнне. Так, з дапамогай выскалу рэгулююцца адносіны ў групах малпаў, прычым да кантактавай агрэсіі справа амаль ніколі не даходзіць. Напрыклад, у павіянаў найбольш буйны самец звычайна сядзіць на самым высокім і прыметным месцы і перыядычна дэманструе іклы. Іншыя малпы бачаць гэта і не «скандаляць» паміж сабой.

Памяншэнне памеру іклоў у продкаў чалавека, напэўна, звязана са змяненнем харчовага рацыёну. Аднак з прычыны гэтага павінна была ўзнікнуць праблема недастатковага разумення, бо дэманстрацыя маленькіх іклоў зусім не так уражвае. Мабыць, у гэтым заключаецца адна з прычын развіцця іншых спосабаў зносін — мімікі, жэстыкуляцыі і у далейшым, зараджэння маўлення.*

Верхнія канечнасці чалавека страцілі функцыю апоры і выкарыстоўваюцца для працоўнай дзейнасці. У сувязі з гэтым рука чалавека ў параўнанні з астатнімі прыматамі адрозніваецца невялікім памерам, але большай рухомасцю (мал. 51.3). Доўгія тонкія пальцы і наяўнасць мноства дробных мышцаў даюць магчымасць маніпуліраваць нават вельмі маленькімі прадметамі. Высокая ступень супрацьпастаўлення вялікага пальца забяспечвае сілу і дакладнасць захоплівання розных аб’ектаў.

Найважнейшым якасным адрозненнем чалавека ад другіх жывёл таксама з’яўляецца здольнасць да ўсвядомленага і мэтанакіраванага вырабу прылад працы.