Печатать книгуПечатать книгу

§ 51. Фарміраванне ўяўленняў пра эвалюцыю чалавека. Месца чалавека ў заалагічнай сістэме

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас
Книга: § 51. Фарміраванне ўяўленняў пра эвалюцыю чалавека. Месца чалавека ў заалагічнай сістэме
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 02:05

Пытанне пра паходжанне стала хваляваць чалавецтва, верагодна, з тых далёкіх часоў, калі людзі толькі пачалі асэнсоўваць навакольны свет, усведамляць сябе і сваё месца ў ім. Працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця чалавека называецца антрапагенезам.

Фарміраванне ўяўленняў пра антрапагенез. У многіх старажытных плямёнах людзі верылі ў сваё паходжанне ад пэўных жывёл, напрыклад кракадзілаў, мядзведзяў, кажаноў ці малп. Кожнае племя з пашанай ставілася да свайго «продка», яго ахоўвалі, яму пакланяліся. У эпоху Антычнасці некаторыя філосафы таксама выказвалі ідэі прыроднага паходжання чалавека. Аднак далей у сувязі з усталяваннем панавання царквы ў свядомасці большасці людзей зацвердзіліся пазіцыі крэацыянізму: чалавека стварыў Бог па сваім вобразе і падабенстве. 

Стваральнік навуковай сістэматыкі К. Ліней у сярэдзіне XVIII ст. уключыў чалавека ў атрад Прыматы. Пры гэтым ён засноўваўся толькі на падабенстве людзей з малпамі і адмаўляў роднасць паміж імі. У пачатку XIX ст. аўтар першага эвалюцыйнага вучэння Ж.-Б. Ламарк распаўсюдзіў свае погляды пра гістарычнае развіццё жывой прыроды, у тым ліку і на чалавека. Ён выказаў меркаванне пра паходжанне людзей ад малпападобных продкаў, пра роднасць арангутана і чалавека.

Важную ролю ў стварэнні вучэння пра антрапагенез адыграў Ч. Дарвін. У 1871 г. была выдадзена яго кніга «Паходжанне чалавека і палавы адбор». У гэтай працы Дарвін прывёў важкія аргументы на карысць натуральнага паходжання людзей. Ён паказаў значнасць у эвалюцыі чалавека такіх біялагічных фактараў, як спадчынная зменлівасць, барацьба за існаванне і натуральны адбор, абгрунтаваў іх ролю ў працэсе антрапагенезу. На аснове параўнальна-анатамічных і эмбрыялагічных даных, якія паказваюць на дзівоснае падабенства чалавека і чалавекападобных малп, Ч. Дарвін прывёў доказы іх роднасці і агульнасці паходжання ад старажытнага зыходнага продка.

Пасля Дарвіна вучэнне пра антрапагенез атрымала далейшае развіццё. У Экватарыяльнай Афрыцы (меркаванай радзіме чалавецтва) і іншых рэгіёнах планеты праводзіліся шматлікія раскопкі. Гэта прывяло да адкрыцця выкапнёвых рэшткаў старажытных малп і людзей. Былі распрацаваны надзейныя метады вызначэння іх узросту, якія паказалі, што чалавецтва ўзнікла нашмат раней, чым меркавалася да гэтага. Для вывучэння эвалюцыйнага развіцця чалавека сталі выкарыстоў­вацца метады малекулярнай біялогіі, генетыкі, біяхіміі і іншых навук. Знаходкі прадметаў, зробленых старажытнымі людзьмі (прылад працы, пасуды, скульптур і інш.), далі магчымасць аналізаваць развіццё культуры чалавека.

Месца чалавека ў заалагічнай сістэме. Палажэнне Чалавека разумнага як біялагічнага віду ў сістэме жывой прыроды паказана ў табліцы 51.1.

Табліца 51.1. Месца чалавека ў заалагічнай сістэме

Таксон

Прыметы, на аснове якіх від Чалавек разумны належыць да дадзенага таксона

Царства
Жывёлы

Гетэратрофнае харчаванне; актыўнае перамяшчэнне; рэзервовы вуглявод — глікаген; адсутнасць у клетках клетачнай сценкі і пластыд; абмежаваны рост і інш.

Тып
Хордавыя

Двухбаковая сіметрыя цела; наяўнасць у зародка хорды, жабравых шчылін, нервовай трубкі на спінным баку цела і стрававальнай трубкі на брушным баку цела; замкнутая крывяносная сістэма і інш.

Падтып
Пазваночныя

Ёсць пазваночнік, чэрап, галаўны і спінны мозг; сэрца, размешчанае на брушным баку цела, і інш.

Клас
Млекакормячыя
(Звяры)

Выкормліванне патомства малаком (наяўнасць малочных залоз); развітая кара вялікіх паўшар’яў з барознамі і звілінамі; чатырохкамернае сэрца; цеплакроўнасць; *бяз'ядзерныя эрытрацыты;* альвеалярныя лёгкія; ёсць дыяфрагма; скура мае валасяное покрыва, змяшчае потавыя і сальныя залозы; дыферэнцыраваныя зубы; ёсць вушная ракавіна; у сярэднім вуху тры слыхавыя костачкі і інш.

Падклас
Сапраўдныя звяры
(Жываро­дзячыя)

Наяўнасць маткі (унутрывантробнае выношванне); харчаванне зародка праз плацэнту і інш.

Атрад
Прыматы

Верхнія канечнасці пяціпальцыя, хапальнага тыпу, вялікі палец супрацьпастаўлены чатыром астатнім; *дэрматагліфічныя ўзоры на пальцах, далонях і падэшвах ступняў;* наяўнасць пазногцяў (а не кіпцюроў); добра развітыя ключыцы дазваляюць здзяйсняць разнастайныя і складаныя рухі верхніх канечнасцей; *поўнае раздзяленне прамянёвай і локцевай касцей забяспечвае магчымасць вярчэння кісці; *адна змена зубоў (малочных на пастаянныя) у антагенезе;* бінакулярны зрок і інш.

*Надсям'я

Чалавекападобныя

Адсутнасць хваста; рэдкае валасяное покрыва; плоскія пазногці; вялікая колькасць баразён і звілін у кары вялікіх паўшар'яў; чатыры групы крыві і інш.*

Сямейства Гамініды
Род Чалавек (Homo)
Від Чалавек разумны (Homo sapiens)

Якасныя адрозненні чалавека. Эвалюцыйную роднасць людзей і жывёл даказваюць многія прыметы, напрыклад падабенства эмбрыянальнага развіцця, будовы цела, наяўнасць рудыментаў, з’яўленне атавізмаў. Аднак від Чалавек разумны мае шэраг важных асаблівасцей, якія адрозніваюць яго ад іншых млекакормячых, у тым ліку і ад астатніх чалавекападобных прыматаў (арангутана, гарылы, шымпанзэ і інш.). Гэтыя адрозненні звязаны, перш за ўсё, з прамахаджэннем, развіццём мыслення і маўлення, працоўнай дзейнасцю.

Прамахаджэнне чалавека абумовіла шэраг асаблівасцей у будове апорна-рухальнага апарату. Так, вялікая патылічная адтуліна размешчана ў людзей унізе чэрапа, у цэнтры яго асновы, а не ззаду, як у астатніх млекакормячых (мал. 51.1). Гэта забяспечвае ўстойлівасць чэрапа. Пазваночнік у чалавека, у параўнанні з другімі млекакормячымі, скарочаны, што спрыяе падтрыманню вертыкальнага становішча цела. Ён мае S-падобную форму з прычыны наяўнасці чатырох выгібаў (успомніце, як яны называюцца). Выгібы пазваночніка змякчаюць штуршкі і ўдары пры руху, забяспечваюць захаванне раўнавагі цела. У большасці млекакормячых пазваночнік мае форму дугі (мал. 51.2). Як вы ведаеце з курса біялогіі 9-га класа, у людзей памеры пазванкоў паслядоўна павялічваюцца ад шыйнага аддзела да крыжа ў сувязі з узрастаннем нагрузкі на іх. У іншых чалавекападобных прыматаў паз­ванкі прыкладна аднолькавыя па памеры.

У сувязі з прамахаджэннем грудная клетка чалавека шырокая і адносна плоская, а ў другіх млекакормячых яна мае выгляд конуса. Таз у людзей пашы­раны і мае форму чашы, якая падтрымлівае знізу ўнутраныя органы. Таз у большасці млекакормячых вузкі, выцягнуты ў даўжыню (гл. мал. 51.1). Ніжнія канечнасці чалавека даўжэйшыя за верхнія. Мацней, чым у астатніх прыматаў, развіты мышцы ног і спіны, якія забяспечваюць падтры­манне вертыкальнага становішча цела. Ступня чалавека страціла хапальную функцыю — вялікі палец не адведзены ўбок, як у іншых прыматаў, а размешчаны паралельна астатнім. Акрамя таго, ступня чалавека ў ходзе эвалюцыі набыла звод, які забяспечвае амартызацыю пры руху (гл. мал. 51.2).

Паралельна з развіццём мыслення і маўлення павялічваўся аб’ём галаўнога мозгу чалавека. У сучасных людзей ён звычайна складае 1200 —1600 см3, а ў іншых прыматаў не перавышае 600 см3. Галаўны мозг чалавека адрозніваецца высокай ступенню развіцця кары вялікіх паўшар’яў, дзе знаходзяцца цэнтры маўлення, лагічнага мыслення, канструктыўнай дзейнасці і многія іншыя. Толькі для людзей характэрна наяўнасць другой сігнальнай сістэмы, якая забяспечвае маўленне і абстрактнае мысленне. Слова дазваляе абагульняць назапашаныя факты і перадаваць інфармацыю ад аднаго чалавека да другога. Такім чынам, дзякуючы маўленню чалавек выкарыстоўвае ў жыцці не толькі свой асабісты вопыт, але і вопыт іншых людзей.

У сувязі з павелічэннем аб’ёму галаўнога мозгу ў чалавека мазгавы аддзел чэрапа пераважае над аддзелам твару ў суадносінах 4 : 1. У большасці прыматаў гэтыя суадносіны блізкія да 1 : 1, а ў іншых млекакормячых істотна пераважае аддзел твару.

Выразнаму і хуткаму вымаўленню гукаў спрыяе тое, што ніжняя сківіца чалавека мае форму падковы з падбародачным выступам. Гэта звязана з развіццём мускулатуры языка. Акрамя таго, у людзей невялікія іклы, якія не выступаюць за лінію іншых зубоў, зубны рад роўны, без прамежкаў, складана пабудавана гартань. У чалавекападобных малп ніжняя сківіца мае форму дугі, іклы буйныя, выступаюць наперад, гартань пабудавана параўнальна проста.

*Вялікія іклы патрэбны прыматам, якія кормяцца ў асноўным расліннай ежай, не для палявання, а для дэманстрацыі агрэсіі драпежнікам і, калі гэта неабходна, родзічам. Яны маюць важнае камунікацыйнае прызначэнне. Так, з дапамогай выскалу рэгулююцца адносіны ў групах малпаў, прычым да кантактавай агрэсіі справа амаль ніколі не даходзіць. Напрыклад, у павіянаў найбольш буйны самец звычайна сядзіць на самым высокім і прыметным месцы і перыядычна дэманструе іклы. Іншыя малпы бачаць гэта і не «скандаляць» паміж сабой.

Памяншэнне памеру іклоў у продкаў чалавека, напэўна, звязана са змяненнем харчовага рацыёну. Аднак з прычыны гэтага павінна была ўзнікнуць праблема недастатковага разумення, бо дэманстрацыя маленькіх іклоў зусім не так уражвае. Мабыць, у гэтым заключаецца адна з прычын развіцця іншых спосабаў зносін — мімікі, жэстыкуляцыі і у далейшым, зараджэння маўлення.*

Верхнія канечнасці чалавека страцілі функцыю апоры і выкарыстоўваюцца для працоўнай дзейнасці. У сувязі з гэтым рука чалавека ў параўнанні з астатнімі прыматамі адрозніваецца невялікім памерам, але большай рухомасцю (мал. 51.3). Доўгія тонкія пальцы і наяўнасць мноства дробных мышцаў даюць магчымасць маніпуліраваць нават вельмі маленькімі прадметамі. Высокая ступень супрацьпастаўлення вялікага пальца забяспечвае сілу і дакладнасць захоплівання розных аб’ектаў.

Найважнейшым якасным адрозненнем чалавека ад другіх жывёл таксама з’яўляецца здольнасць да ўсвядомленага і мэтанакіраванага вырабу прылад працы.

Антрапагенез — гэта працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця чалавека. Важную ролю ў стварэнні вучэння пра антрапагенез адыграў Ч. Дарвін. Ён прывёў доказы роднасці чалавека і малп, агульнасці іх паходжання ад старажытнага зыходнага продка, абгрунтаваў ролю ў антрапагенезе такіх фактараў, як спадчынная зменлівасць, барацьба за існаванне і натуральны адбор. Чалавек разумны займае пэўнае становішча ў сістэме жывой прыроды. Шматлікія прыметы даказваюць эвалюцыйную роднасць людзей і жывёл. Аднак шэраг асаблівасцей адрознівае чалавека ад астатніх прадстаўнікоў царства Жывёлы, у тым ліку і ад іншых прыматаў. Гэтыя адрозненні звязаны з прамахаджэннем, развіццём мыслення і маўлення, працоўнай дзейнасцю.

1. Якія погляды на паходжанне чалавека існавалі ў розныя эпохі? Які ўклад у развіццё ўяўленняў пра антрапагенез унёс Ж.-Б. Ламарк? Ч. Дарвін?

2. Ахарактарызуйце месца віду Чалавек разумны ў сістэме жывой прыроды. Пералічыце прыметы, на аснове якіх Чалавек разумны належыць да адпаведных таксонаў.

3. Якія прыметы даказваюць эвалюцыйную роднасць чалавека з іншымі прыматамі?

4. Назавіце якасныя адрозненні чалавека ад другіх млекакормячых, звязаныя з прамахаджэннем.

5. Якія асаблівасці чалавека звязаны з развіццём мыслення і маўлення? З працоўнай дзейнасцю?

6*. Як вы думаеце, якія станоўчыя і адмоўныя наступствы для чалавека выклікаў пераход яго эвалюцыйных продкаў ад перамяшчэння з выкарыстаннем чатырох канечнасцей да прамахаджэння? Адказ абгрунтуйце.