§ 51. Фарміраванне ўяўленняў пра эвалюцыю чалавека. Месца чалавека ў заалагічнай сістэме
Пытанне пра паходжанне стала хваляваць чалавецтва, верагодна, з тых далёкіх часоў, калі людзі толькі пачалі асэнсоўваць навакольны свет, усведамляць сябе і сваё месца ў ім. Працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця чалавека называецца антрапагенезам.
Фарміраванне ўяўленняў пра антрапагенез. У многіх старажытных плямёнах людзі верылі ў сваё паходжанне ад пэўных жывёл, напрыклад кракадзілаў, мядзведзяў, кажаноў ці малп. Кожнае племя з пашанай ставілася да свайго «продка», яго ахоўвалі, яму пакланяліся. У эпоху Антычнасці некаторыя філосафы таксама выказвалі ідэі прыроднага паходжання чалавека. Аднак далей у сувязі з усталяваннем панавання царквы ў свядомасці большасці людзей зацвердзіліся пазіцыі крэацыянізму: чалавека стварыў Бог па сваім вобразе і падабенстве.
Стваральнік навуковай сістэматыкі К. Ліней у сярэдзіне XVIII ст. уключыў чалавека ў атрад Прыматы. Пры гэтым ён засноўваўся толькі на падабенстве людзей з малпамі і адмаўляў роднасць паміж імі. У пачатку XIX ст. аўтар першага эвалюцыйнага вучэння Ж.-Б. Ламарк распаўсюдзіў свае погляды пра гістарычнае развіццё жывой прыроды, у тым ліку і на чалавека. Ён выказаў меркаванне пра паходжанне людзей ад малпападобных продкаў, пра роднасць арангутана і чалавека.
Важную ролю ў стварэнні вучэння пра антрапагенез адыграў Ч. Дарвін. У 1871 г. была выдадзена яго кніга «Паходжанне чалавека і палавы адбор». У гэтай працы Дарвін прывёў важкія аргументы на карысць натуральнага паходжання людзей. Ён паказаў значнасць у эвалюцыі чалавека такіх біялагічных фактараў, як спадчынная зменлівасць, барацьба за існаванне і натуральны адбор, абгрунтаваў іх ролю ў працэсе антрапагенезу. На аснове параўнальна-анатамічных і эмбрыялагічных даных, якія паказваюць на дзівоснае падабенства чалавека і чалавекападобных малп, Ч. Дарвін прывёў доказы іх роднасці і агульнасці паходжання ад старажытнага зыходнага продка.
Пасля Дарвіна вучэнне пра антрапагенез атрымала далейшае развіццё. У Экватарыяльнай Афрыцы (меркаванай радзіме чалавецтва) і іншых рэгіёнах планеты праводзіліся шматлікія раскопкі. Гэта прывяло да адкрыцця выкапнёвых рэшткаў старажытных малп і людзей. Былі распрацаваны надзейныя метады вызначэння іх узросту, якія паказалі, што чалавецтва ўзнікла нашмат раней, чым меркавалася да гэтага. Для вывучэння эвалюцыйнага развіцця чалавека сталі выкарыстоўвацца метады малекулярнай біялогіі, генетыкі, біяхіміі і іншых навук. Знаходкі прадметаў, зробленых старажытнымі людзьмі (прылад працы, пасуды, скульптур і інш.), далі магчымасць аналізаваць развіццё культуры чалавека.