§ 52. Этапы і напрамкі эвалюцыі чалавека
Паводле ацэнак вучоных, першыя прыматы з’явіліся на Зямлі больш за 60 млн гадоў таму. Яны вялі дрэвавы спосаб жыцця. Дзякуючы натуральнаму адбору ў прыматаў падтрымліваліся такія спадчынныя змяненні, якія спрыялі лажанню і скаканню па галінах дрэў з дапамогай хапальных рухаў. Так, вялікія пальцы кісцей і ступняў сталі супрацьпастаўляцца астатнім, развіццё плечавога пояса з доўгімі ключыцамі забяспечыла магчымасць здзяйсняць разнастайныя рухі пярэдніх канечнасцей. Развіццё бінакулярнага зроку спрыяла дакладнаму вызначэнню адлегласцей пры скачках.
Лічыцца, што найбліжэйшымі агульнымі продкамі шымпанзэ, гарыл і чалавека былі дрыяпітэкі (ад грэч. дрыяс — дрэва і пітэкас — малпа). Гэтыя чалавекападобныя малпы жылі на дрэвах, харчаваліся расліннай ежай, валодалі добра развітымі хапальнымі канечнасцямі. Аднак пахаладанне клімату, якое прывяло да скарачэння плошчы трапічных лясоў, вымусіла дрыяпітэкаў перайсці да засваення адкрытых прастораў.
Папярэднікамі першых людзей, верагодна, былі аўстралапітэкі (ад лац. аustralis — паўднёвы), першыя выкапнёвыя астанкі якіх былі знойдзены ў Паўднёвай Афрыцы. Даследчыкі мяркуюць, што аўстралапітэкі з’явіліся больш за 5 млн гадоў таму *і цалкам вымерлі каля 1 млн гадоў таму*. Яны спалучалі ў сабе прыметы чалавека і малпаў (мал. 52.1). Рост аўстралапітэкаў складаў 100—150 см, *маса цела — да 60 кг.* Чэрап аўстралапітэкаў быў падобны да чэрапа шымпанзэ, з суцэльнымі надброўнымі дугамі, моцна выступаючымі сківіцамі і буйнымі зубамі. Аб’ём галаўнога мозгу дасягаў 600 см3, як у сучасных гарыл і шымпанзэ. У параўнанні з другімі малпамі валасяное покрыва цела аўстралапітэкаў было больш рэдкім. Будова таза і шкілета свабодных ніжніх канечнасцей аўстралапітэкаў сведчыць пра прамахаджэнне (мал. 52.2), але хадзілі яны павольна і нязграбна.
Аўстралапітэкі жылі, напэўна, статкамі на адкрытых прасторах, былі ўсёеднымі, але аснову іх рацыёну складала раслінная ежа. У сувязі з перамяшчэннем на дзвюх нагах вызваліліся пярэднія канечнасці, якія ўжо былі падобныя да чалавечых. Вучоныя лічаць, што аўстралапітэкі маглі браць рукамі камяні, палкі ці косці жывёл і выкарыстоўваць гэтыя прадметы для абароны ад драпежнікаў і здабывання ежы. Аднак сапраўдных прылад працы яны не выраблялі. Як мяркуецца, ад адной з груп аўстралапітэкаў і пайшлі першыя людзі.