§ 52. Этапы і напрамкі эвалюцыі чалавека

Паводле ацэнак вучоных, першыя прыматы з’явіліся на Зямлі больш за 60 млн гадоў таму. Яны вялі дрэвавы спосаб жыцця. Дзякуючы нату­ральнаму адбору ў прыматаў падтрымліваліся такія спадчынныя змяненні, якія спрыялі лажанню і скаканню па галінах дрэў з дапамогай хапаль­ных рухаў. Так, вялікія пальцы кісцей і ступняў сталі супрацьпастаўляцца астатнім, развіццё плечавога пояса з доўгімі ключыцамі забяспечыла магчымасць здзяйсняць разнастайныя рухі пярэдніх канечнасцей. Развіццё бінакулярнага зроку спрыяла дакладнаму вызначэнню адлегласцей пры скачках.

Лічыцца, што найбліжэйшымі агульнымі продкамі шымпанзэ, гарыл і чалавека былі дрыяпітэкі (ад грэч. дрыяс — дрэва і пітэкас — малпа). Гэтыя чалавекападобныя малпы жылі на дрэвах, харчаваліся расліннай ежай, валодалі добра развітымі ха­пальнымі канечнасцямі. Аднак пахаладанне клімату, якое прывяло да скарачэння плошчы трапічных лясоў, вымусіла дрыяпітэкаў перайсці да засваення адкрытых прастораў.

Папярэднікамі першых людзей, верагодна, былі аўстралапітэкі (ад лац. аustralis — паўднёвы), першыя выкапнёвыя астанкі якіх былі знойдзены ў Паўднёвай Афрыцы. Даследчыкі мяркуюць, што аўстралапітэкі з’явіліся больш за 5 млн гадоў таму *і цалкам вымерлі каля 1 млн гадоў таму*. Яны спалучалі ў сабе прыметы чалавека і малпаў (мал. 52.1). Рост аўстралапітэкаў складаў 100—150 см, *маса цела — да 60 кг.* Чэрап аўстралапітэкаў быў падобны да чэрапа шымпанзэ, з суцэльнымі надброўнымі дугамі, моцна выступаючымі сківіцамі і буйнымі зубамі. Аб’ём галаўнога мозгу дасягаў 600 см3, як у сучасных гарыл і шымпанзэ. У параўнанні з другімі малпамі валасяное покры­ва цела аўстралапітэкаў было больш рэдкім. Будова таза і шкілета свабодных ніжніх канечнасцей аўстралапітэкаў сведчыць пра прамаха­джэнне (мал. 52.2), але хадзілі яны павольна і нязграбна.

 

Аўстралапітэкі жылі, напэўна, статкамі на адкрытых прасторах, былі ўсёеднымі, але аснову іх ра­цыё­ну складала раслінная ежа. У сувязі з перамяшчэннем на дзвюх нагах вызваліліся пярэднія канечнасці, якія ўжо былі падобныя да чалавечых. Вучоныя лічаць, што аўстралапітэкі маглі браць рукамі камяні, палкі ці косці жывёл і выкарыстоўваць гэтыя прадметы для абароны ад драпежнікаў і здабывання ежы. Аднак сапраўдных прылад працы яны не выраблялі. Як мяркуецца, ад адной з груп аўстралапітэкаў і пайшлі першыя людзі.