Печатать книгуПечатать книгу

§ 52. Этапы і напрамкі эвалюцыі чалавека

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас
Книга: § 52. Этапы і напрамкі эвалюцыі чалавека
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 17:50

Паводле ацэнак вучоных, першыя прыматы з’явіліся на Зямлі больш за 60 млн гадоў таму. Яны вялі дрэвавы спосаб жыцця. Дзякуючы нату­ральнаму адбору ў прыматаў падтрымліваліся такія спадчынныя змяненні, якія спрыялі лажанню і скаканню па галінах дрэў з дапамогай хапаль­ных рухаў. Так, вялікія пальцы кісцей і ступняў сталі супрацьпастаўляцца астатнім, развіццё плечавога пояса з доўгімі ключыцамі забяспечыла магчымасць здзяйсняць разнастайныя рухі пярэдніх канечнасцей. Развіццё бінакулярнага зроку спрыяла дакладнаму вызначэнню адлегласцей пры скачках.

Лічыцца, што найбліжэйшымі агульнымі продкамі шымпанзэ, гарыл і чалавека былі дрыяпітэкі (ад грэч. дрыяс — дрэва і пітэкас — малпа). Гэтыя чалавекападобныя малпы жылі на дрэвах, харчаваліся расліннай ежай, валодалі добра развітымі ха­пальнымі канечнасцямі. Аднак пахаладанне клімату, якое прывяло да скарачэння плошчы трапічных лясоў, вымусіла дрыяпітэкаў перайсці да засваення адкрытых прастораў.

Папярэднікамі першых людзей, верагодна, былі аўстралапітэкі (ад лац. аustralis — паўднёвы), першыя выкапнёвыя астанкі якіх былі знойдзены ў Паўднёвай Афрыцы. Даследчыкі мяркуюць, што аўстралапітэкі з’явіліся больш за 5 млн гадоў таму *і цалкам вымерлі каля 1 млн гадоў таму*. Яны спалучалі ў сабе прыметы чалавека і малпаў (мал. 52.1). Рост аўстралапітэкаў складаў 100—150 см, *маса цела — да 60 кг.* Чэрап аўстралапітэкаў быў падобны да чэрапа шымпанзэ, з суцэльнымі надброўнымі дугамі, моцна выступаючымі сківіцамі і буйнымі зубамі. Аб’ём галаўнога мозгу дасягаў 600 см3, як у сучасных гарыл і шымпанзэ. У параўнанні з другімі малпамі валасяное покры­ва цела аўстралапітэкаў было больш рэдкім. Будова таза і шкілета свабодных ніжніх канечнасцей аўстралапітэкаў сведчыць пра прамаха­джэнне (мал. 52.2), але хадзілі яны павольна і нязграбна.

 

Аўстралапітэкі жылі, напэўна, статкамі на адкрытых прасторах, былі ўсёеднымі, але аснову іх ра­цыё­ну складала раслінная ежа. У сувязі з перамяшчэннем на дзвюх нагах вызваліліся пярэднія канечнасці, якія ўжо былі падобныя да чалавечых. Вучоныя лічаць, што аўстралапітэкі маглі браць рукамі камяні, палкі ці косці жывёл і выкарыстоўваць гэтыя прадметы для абароны ад драпежнікаў і здабывання ежы. Аднак сапраўдных прылад працы яны не выраблялі. Як мяркуецца, ад адной з груп аўстралапітэкаў і пайшлі першыя людзі.

Старажытнейшыя людзі. Па меркаванні многіх даследчыкаў, першым прадстаўніком роду Чалавек быў Чалавек умелы  *(Homo habilis)*, які існаваў каля 2,3—1,5 млн гадоў таму (мал. 52.3). Фрагменты шкілета Чалавека ўмелага ўпершыню былі знойдзены ў Цэнтральнай Афры­цы. Рост першых людзей не перавышаў 150 см, *а маса цела — 45 кг*. Чэрап Чалавека ўмелага шмат у чым быў падобны да чэрапа аўстралапітэка. Аднак у су­вязі з узрастаннем аб’ёму галаўнога моз­гу да 800 см3 мазгавы аддзел чэрапа павялічыўся, лоб стаў больш выпуклым. Акрамя таго, у параўнанні з аўстралапітэкам чэрап стаў лягчэйшым, асабліва аддзел твару, паменшыўся памер сківіц і зубоў. Тлумачыцца гэта, хутчэй за ўсё, тым, што ў рацыёне Чалавека ўмелага стала больш жывёльнай ежы. Для яе гатавання, верагодна, выкарыстоўваўся агонь — такая ежа лягчэй засвойвалася арганізмам, а для яе перажоўвання не патрабаваліся магутныя мышцы твару. Ніжняя сківіца Чалавека ўмелага мела характэрную крывізну, што паказвае на ўзнікненне зачаткаў маўлення, якое, відаць, уяўляла сабой асобныя выкрыкі галосных гукаў. 

Ступня Чалавека ўмелага не мела прыметнага зводу, але вялікі палец ужо быў накіраваны паралельна астатнім і не адводзіўся ўбок. Гэта сведчыць пра прагрэсіўнае развіццё прамахаджэння.

Чалавек умелы быў першым з нашых продкаў, які стаў рэгулярна і мэтанакіравана вырабляць прылады працы. Гэта былі прымітыўныя прылады з расколатай галькі, з дапамогай якіх можна было, напрыклад, абстругаць і завастрыць драўляную дзіду ці адрэзаць кавалак мяса. У сувязі з працоўнай дзейнасцю ў Чалавека ўмелага былі дастаткова добра развіты рукі, апошнія фалангі пальцаў сталі плоскімі і шырокімі.

Наступная ступень эвалюцыі старажытнейшых людзей — від Чалавек прамахадзячы *(Homo erectus)*. Упершыню яго закамянелыя косткі былі знойдзены на востраве Ява (Інданэзія). Вучоныя мяркуюць, што дадзены від узнік прыкладна 1,5 млн гадоў таму, а каля 500 тыс. гадоў таму пачаў выцясняцца больш пра­грэсіўнымі нашчадкамі. Чалавек прамахадзячы быў буйнейшым за сваіх продкаў, яго рост дасягаў 170 см, *а маса цела — 70 кг* (мал. 52.4).

Далейшае ўдасканаленне прамахаджэння прывяло да прагрэсіўных змяненняў шкілета. Так, у Чалавека прамахадзячага з’явіліся выгібы пазваночніка — ён набыў S-падобную форму, сфарміраваўся звод ступні. Аб’ём галаўнога мозгу дасягнуў 1000 см3, але чэрап захоўваў рысы прымітыўнасці, такія як нізкі лоб, развітыя надброўныя дугі, масіўная ніжняя сківіца без падбародачнага выступу.

Людзі, якія належаць да віду Чалавек прамахадзячы, гэтак жа як і іх продкі, вялі статкавы спосаб жыцця. Яны займаліся збіральніцтвам і паляваннем, прычым нават на такіх буйных жывёл, як насарогі і сланы. Прылады працы сталі больш дасканалымі і набылі стандартную форму (мал. 52.5). Чалавек прамахадзячы, як і Чалавек умелы, валодаў зачаткамі маўлення. Для абагравання, адпужвання драпежнікаў і гатавання ежы шырока выкарыстоўваўся агонь, хоць здабываць яго людзі, верагодна, яшчэ не ўмелі. Яны маглі атрымліваць агонь, напрыклад, ад лясных пажараў, а затым захоўвалі і падтрымлівалі яго доўгія гады. Палеанталагічныя знаходкі сведчаць пра тое, што Чалавек прамахадзячы шырока рассяліўся па Афрыцы, Еўропе і Азіі.

Да старажытных людзей адносяць неандэртальцаў, якія, па меркаванні многіх вучоных, былі першымі прадстаўнікамі віду Чалавек разумны *(падвід Homo sapiens neanderthalensis)*. Адна з першых знаходак фрагментаў шкілета неандэртальцаў была зроблена ў пячоры, размешчанай у даліне ракі Неандэр (Германія), адсюль і пайшла іх назва. Старажытныя людзі жылі прыкладна ад 300 да 35 тыс. гадоў таму на тэрыторыі Еўропы і Азіі. Рост неандэртальцаў складаў каля 160 см, яны валодалі магутным шкілетам і вельмі развітой мускулатурай. Гэта былі моцныя людзі, адаптаваныя да вялікіх фізічных нагрузак. Для іх характэрны параўнальна кароткія канечнасці, развітая грудная клетка, шырокія плечы (мал. 52.6). Верагодна, гэтыя асаблівасці неандэртальцаў сфарміраваліся пад уплывам вельмі цяжкіх умоў ледніковага перыяду.

Аб’ём галаўнога мозгу старажытных людзей мог дасягаць 1700 см3, у кары вялікіх паўшар’яў развіліся цэнтры лагічнага мыслення. Аднак чэрап усё яшчэ быў прымітыўным. Пра гэта сведчаць такія прыметы, як наяўнасць надброўных дуг, адсутнасць падбародачнага выступу, нізкі лоб.

Неандэртальцы жылі групамі, сяліліся ў пячорах ці будавалі прымітыўныя хаціны, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Адзеннем старажытным лю­дзям служылі шкуры забітых жывёл. Неандэртальцы ўмелі не толькі падтрымліваць, але і здабываць агонь. Яны выраблялі і выкарыстоўвалі некалькі дзясяткаў відаў разнастайных прылад працы. Мяркуюць, што маўленне неандэртальцаў, у адрозненне ад старажытнейшых людзей, стала членараздзельным. У старажытных людзей узніклі такія элементы культуры, як паляўнічая магія, пахавальныя абрады і догляд за хворымі.

*Важным сведчаннем высокага ўзроўню развіцця псіхікі неандэртальцаў з'яўляецца пахаванне памерлых. У свеце вядома каля 60 неандэртальскіх пахаванняў. У некаторых выпадках яны дастаткова складана зроблены і маюць сляды праведзеных рытуалаў. Так, у пячоры Тэшык-Таш ва Узбекістане дзіця неандэртальца было пахавана ў коле з рагоў горных казлоў. Верагодна, у старажытных людзей з'явіліся першыя ўяўленні пра замагільны свет, хоць пра гэта можна толькі меркаваць.

Сацыяльныя ўзаемаадносіны неандэртальцаў у параўнанні з старажытнейшымі людзьмі прыметна ўскладніліся. Акрамя пахавання памерлых, пра гэта сведчыць клопат пра хворых. Напрыклад, у пячоры Шанідар у Іраку быў знойдзены шкілет старога, які пакутаваў на цэлы шэраг цяжкіх хвароб. Гэты чалавек не мог самастойна перамяшчацца і здабываць сабе ежу, аднак дасягнуў глыбокай старасці па мерках неандэртальцаў: яго ўзрост ацэньваецца як 40 гадоў. Відавочна, што родзічы кармілі і даглядалі яго. Улічваючы высокі ўзровень траўматызму, звязаны з паляваннем, і сведчанні папраўлення, неандэртальцы, відаць, умелі аказваць дапамогу хворым. Так, тыя пераломы на многіх касцях, якія добра зажылі, паказваюць на ўстаноўку шын. Папраўляліся неандэртальцы і пасля такіх сур'ёзных пашкоджанняў, якія павінны былі прыводзіць да масіўнай страты крыві. Гэта, відаць, гаворыць пра тое, што яны ўмелі перавязваць буйныя раны.

Неандэртальцаў лічаць тупіковай галіной эвалюцыі чалавека. З нагоды іх знікнення існуюць розныя пункты гледжання. Яно магло быць абумоўлена кліматычнымі змяненнямі, распаўсюджаннем хвароб, выцясненнем людзьмі сучаснага тыпу. У цяпершні час многія даследчыкі мяркуюць, што неандэртальцы маглі скрыжоўвацца з людзьмі сучаснага тыпу. На карысць гэтага сведчыць той факт, што геномы сучасных жыхароў  Еўразіі змяшчаюць каля 2,5 % неандэртальскіх генаў.*

Выкапнёвымі людзьмі сучаснага тыпу з’яўляюцца краманьёнцы *(Homo sapiens sapiens)*. Гэта назва паходзіць ад французскага грота Кра-Маньён, у якім былі знойдзены іх шкілеты, прылады працы і ўпрыгажэнні. Па знешнім выглядзе краманьёнцы амаль не адрозніваліся ад сучаснага чалавека — іх рост дасягаў 180 см, лоб быў высокім і прамым (без надброўных дуг), з’явіўся падбародачны выступ. Лічыцца, што першыя людзі сучаснага тыпу з’явіліся ў Афрыцы больш за 100 тыс. гадоў таму. У далейшым іх арэал значна пашырыўся, людзі засялілі ўсе кантыненты, акрамя Антарктыды.

Мозг краманьёнцаў быў супастаўны па аб’ёме з мозгам неандэртальцаў, аднак павялічыліся памеры лобных долей вялікіх паўшар’яў. Краманьёнцы валодалі членараздзельным маўленнем. Больш дасканалымі сталі спосабы вырабу прылад працы, іх асартымент значна пашырыўся. *Для вырабу прылад, акрамя каменю і драўніны, сталі шырока выкарыстоўвацца косць і рог. Краманьёнцы навучыліся розным спосабам апрацоўкі матэрыялаў: яны ўмелі шліфаваць, пілаваць, свідраваць і г. д.*

Людзі сучаснага тыпу жылі родавымі абшчынамі, асвоілі ганчарную справу, земляробства і жывёлагадоўлю (краманьёнцы першымі пачалі прыручаць жывёл). Яны ўмелі шыць адзенне і будаваць жыллё са ствалоў дрэў, костак і шкур жывёл, каменных пліт.

Важнай падзеяй у жыцці людзей было ўзнікненне мастацтва. Краманьёнцы выраблялі ўпрыгажэнні (каралі, кольцы, бранзалеты і інш.), рабілі малюнкі людзей і жывёл, статуэткі (мал. 52.7), прымітыўныя музычныя інструменты. Значную ролю ў жыцці краманьёнцаў адыгрывалі розныя рытуалы і абрады. Так, напрыклад, пры пахаванні памерлых краманьёнцы клалі ў магілы дзіды, каменныя нажы і шматлікія ўпрыгажэнні.

Мяркуецца, што першыя музычныя інструменты з’явіліся каля 40 тыс. гадоў таму. У пячорах Германіі і Францыі былі знойдзены рэшткі старажытных флейт, зробленых краманьёнцамі з костак птушак і млекакормячых. На стаянцы Мезін (Украіна) выяўлены цэлы ансамбль ударных музычных інструментаў, створаных з костак маманта.

*Мастацтва, верагодна, мела ў той час магічнае значэнне. Краманьёнцы нярэдка суправаджалі выявы жывёл малюнкамі зброі (коп'яў, дроцікаў і інш.), а сляды падлеткаў у гліне перад пячорнымі роспісамі, відаць, сведчаць аб правядзенні там абрадаў пасвячэння ў паляўнічыя.*

Папярэднікамі людзей былі аўстралапітэкі, якія жылі на адкрытых прасторах Афрыкі. Першым прадстаўніком роду Чалавек быў Чалавек умелы. Ён упершыню стаў мэтанакіравана вырабляць прылады працы, валодаў зачаткамі маўлення і, верагодна, выкарыстоўваў агонь. Наступнай ступенню эвалюцыі людзей з’яўляецца Чалавек прамахадзячы. Для яго характэрна фарміраванне шэрага адаптацый да прамахаджэння і выкарыстанне больш дасканалых прылад працы. Першымі прадстаўнікамі віду Чалавек разумны лічаць неандэртальцаў. Яны навучыліся здабываць агонь, выконвалі пахавальныя абрады, даглядалі хворых, валодалі членараздзель­ным маўленнем. Краманьёнцы (выкапнёвыя людзі сучаснага тыпу) па знешнім выглядзе амаль не адрозніваліся ад сучаснага чалавека. Яны асвоілі земляробства, жывёлагадоўлю, ганчарную справу і інш. Важнай падзеяй стала зараджэнне ў краманьёнцаў мастацтва.

1. Размясціце пералічаных ніжэй людзей і іх папярэднікаў у парадку эвалюцыйнага ўзнікнення.

Чалавек прамахадзячы, краманьёнец, аўстралапітэк, неандэрталец, Чалавек умелы.

2. Назавіце асаблівасці дрыяпітэкаў і аўстралапітэкаў. У чым заключаюцца важнейшыя адрозненні паміж імі?

3. Каго адносяць да старажытнейшых людзей? Ахарактарызуйце асаблівасці іх будовы і спосабу жыцця.

4. Якія асаблівасці неандэртальцаў сведчаць пра больш высокі ўзровень іх развіцця ў параўнанні са старажытнейшымі людзьмі?

5*. Параўнайце неандэртальцаў і краманьёнцаў, выявіце рысы падабенства і адрозненні паміж імі.

6*. Як вы думаеце, на аснове якіх прынцыповых адрозненняў першым прадстаўніком роду Чалавек лічаць Чалавека ўмелага, а не аўстралапітэка ці Чалавека прамахадзячага?