Развіццё беларускай літаратуры ў 60 — пачатку 90-х гг. Агляд

Паэзія

Паэзія заўсёды гаворыць са сваім чытачом эмацыянальнавобразнай метафарычнай мовай. У перыяд 1960­х — пачатку 1990­х гадоў пачынала дамінаваць агульная тэндэнцыя да стварэння філасофска­інтэлектуальнай паэтыкі. У гэты час працягвалі сваю плённую літаратурную дзейнасць вядучыя майстры старэйшага пакалення: Максім Танк (кнігі паэзіі «Ключ жураўліны», «Прайсці праз вернасць», «Дарога і хлеб»), П. Панчанка (кнігі паэзіі «Снежань», «Млечны Шлях», «Горкі жолуд»), А. Куляшоў (зборнікі паэзіі «Новая кніга», «Мая Бесядзь», «Крылы», «Маналог»).

Верлібр, або свабодны верш (ад фр. vers libre — ‘вольны верш’) — дысметрычны верш, у аснове рытму якога — чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна­сэнсавых адзінстваў.

Значны набытак у паэзіі гэтага перыяду — роздумны, багаты на асацыяцыі верлібр Максіма Танка. Паэт працягваў пісаць вершы, дзе адсутнічаюць традыцыйная рытміка і рыфма, ствараў вершыпрыпавесці, звяртаўся да глыбінь чалавечай душы. У вершы «І я знаў тых...» Максім Танк абагульненаасацыятыўна супрацьпастаўляў лёс тых, хто жыве матэрыяльнымі стандартамі, і тых, хто даказваў веліч чалавека, жыве «агнём» і «крыламі», самастойна вызначае свой лёс: «І я знаў тых, // Якім замала было // Нарадзіцца і памерці. // Гэта дзякуючы ім // У багоў мы адабралі // Агонь, свой лёс і крылы...»

Філасафізмам, жанравымі пошукамі і адкрыццямі вызначаецца паэзія А. Куляшова гэтага часу. У яго творчасці з’явіўся жанр балады, які дазволіў аўтару паглыблена асэнсоўваць духоўны свет асобы, вялікія магчымасці чалавека ў змаганні за гуманістычныя ідэалы. Паэт напісаў арыгінальную нізку вершаў, аб’яднаных агульнай назвай «Снапы». Гэтыя творы не маюць загалоўкаў, усе яны складаюцца з шаснаццаці радкоў (шаснаццацірадковікі) і маюць глыбокі лірыка-філасофскі змест. Наватарствам А. Куляшова ў 1970-я гады стаў творчы зварот да праблемы віны і пакаяння. Падобныя матывы ўжо былі заяўлены ў паэме «Маналог» (1965), якая прысвечана памяці рэпрэсіраваных сяброў юнацтва — паэтаў Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна. Адметнымі з’явамі беларускай літаратуры сталі кнігі паэзіі А. Куляшова: «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976).

Працягвала сваю актыўную творчую дзейнасць і пакаленне  паэтаў, якое вылучылася ў літаратуры яшчэ ў пачатку 1960­х гадоў. Гэта прадстаўнікі філалагічнага пакалення Анатоль Вярцінскі (кнігі паэзіі «З’яўленне», «Ветрана», «Святло зямное»), Пятрусь Макаль (кнігі паэзіі «Заручыны», «Калыска долі», «Азбука любві») і інш. Гэтыя паэты разам з вышэйназванымі вярталі ў літаратуру вечныя тэмы, паэтызавалі родны край і яго гісторыю, разважалі аб прызначэнні творчасці і мастацтва, звярталіся да вусна­паэтычнай творчасці, што садзейнічала далейшаму ўзбагачэнню светабачання беларускіх творцаў.

У паэзіі А. Вярцінскага гэтага часу набываюць новае жыццё класічныя формы і жанры малітвы, элегіі, оды, якія паэт напаўняе актуальнай праблематыкай. Лірычны герой яго твораў — максімаліст, патрабавальны да сябе і да іншых. Некаторыя вершы А. Вярцінскага на тэму кахання даследчыкі называюць міні-раманамі. 

У 1960-я гады акрэслілася творчая індывідуальнасць Васіля Зуёнка. Яго першая кніга лірыкі «Крэсіва» (1966) прадставіла духоўна багатага паэта і яго лірычнага героя, іх роздум пра жыццё і лёс роднай зямлі, іх непарыўную сувязь з гістарычным мінулым Бацькаўшчыны. Наступныя кнігі паэзіі — «Крутаяр», «Сяліба», «Нача», «Маўчанне травы», «Світальныя птушкі», «Вызначэнне», «Лета трывожных дажджоў» — выразна даносілі да чытача ўзрушаныя пачуцці аўтара-патрыёта, яго заклапочанасць захаваннем прыроды, заклік да сучаснікаў-суайчыннікаў берагчы і памнажаць духоўныя скарбы свайго народа. Паэт унёс вялікі ўклад у развіццё беларускага паэтычнага эпасу. Яго паэмы «Маўчанне травы», «Лукам’е», «Сяліба» перадаюць роздум паэта пра лёс роднай зямлі, яе мінулае і трывожнае будучае.

Маральныя і эстэтычныя крыніцы творчасці В. Зуёнка бачацца ў творча-філасофскім асэнсаванні гісторыі, быцця нашага народа ў ХХ стагоддзі і ў родных вясковых вытоках. Дакладна пісаў пра гэта У. Гніламедаў: «Вёска В. Зуёнка — асяродак сусветных трывог і хваляванняў. Гэта толькі на першы погляд яна глухая і адгароджаная ад жыцця. Не, яна і сапраўды стаіць на скрыжаванні ўсіх дарог-шляхоў, што можна было б адчуць і ў паэмах «Сяліба», «Маўчанне травы», іншых творах. Зуёнкаўская вёска непарыўна звязана з вялікім светам чалавечага быцця як асобнае з агульным. У гэтым, можна сказаць, сутнасць яго творчай канцэпцыі…»

Паэзіі Петруся Макаля, яшчэ аднаго прадстаўніка філалагічнага пакалення ў нашай паэзіі, уласцівы лірычная спавядальнасць, грамадзянскае непрыманне абыякавасці да лёсу і будучыні роднай зямлі. Яго кнігі паэзіі «Першы след», «Вятрам насустрач», «Вечны агонь», «Круглы стол», «Акно», «Дотык да зямлі» і іншыя перадаюць абвостранае ўспрыманне паэтам жыцця, яго трывогу за лёс планеты і духоўнае аблічча сучасніка. Філасофскі роздум аўтара спалучаецца ў яго вершах з лірычнай спавядальнасцю, што часта перадаецца праз метафарычна-асацыятыўную вобразнасць. Пра роздум П. Макаля над важнейшымі пытаннямі быцця сведчаць радкі верша «У пафасным уступе» з кнігі «Акно» (1967):

Няўжо мы толькі камяні ў фундамент,
Каб іншыя дабудавалі гмах,
Каб здолелі вышынны дах пакласці?..
Але ж і мне
                 не потым, а цяпер,
Таварыш бог,
Адрэж акраец шчасця
І долю чалавечую адмер!

 Даследчык беларускай паэзіі У. Гніламедаў звяртаў увагу на арыгінальны талент П. Макаля як паэта-філосафа, у якога эмацыянальнае пачуццё, «уменне думаць вобразамі» дапоўнены «сталасцю светапогляду», што эстэтычна-ўзрушана выяўляецца ў творах, напісаных і ад імя пакалення дзяцей вайны:

— Вы адкуль? / — Мы — ад куль. / Мы — з вайны. / Мы — званы. / Мы — дамы. / Мы — дымы. / Каміны. / Камяні.

У творчасці паэтаў гэтага перыяду выразна выявіліся жанравастылёвыя пошукі, узбагачэнне вершаванай вобразнасці, стылістыкі, мовы, майстэрства рытмічнай арганізацыі верша. Творчыя галасы маладой генерацыі паэтаў, якія з’явіліся ў 1970­я гады, Я. Янішчыц, А. Разанава, Г. Пашкова, К. Камейшы, Н. Мацяш і іншых, стваралі свой адметны паэтычны свет, фарміравалі новую культуру прыгожага пісьменства, мастацкіх каштоўнасцей пасляваеннага пакалення. Гэтыя паэты ў сваёй творчасці таксама звярталіся да трагічных і гераічных падзей ваеннага ліхалецця.

У гэты перыяд выйшлі кнігі паэзіі «Восеньскія позвы», «Мембрана», «Плёс» Казіміра КамейшыЛірычны герой успамінае вайну, пройдзеную і перажытую бацькам, якая подыхам страшэнных выпрабаванняў закранула ўсіх нашчадкаў. У вершы «Сорак трэці» паэт дакладна назваў год свайго нараджэння і ўсхвалявана, з ліра­публіцыстычнымі інтанацыямі стварыў абагульненую карціну горкага дзяцінства, апаленага вайной: 

Я прыкметам не занадта веру,
Але ж іх прыдумаў сам народ.
Боты сорак трэцяга памеру
Выдаў мне мой сорак трэці год.

Быццам ён, і праўда, нечым меціў,
Як зімова нарадзіў мяне,
Год мой партызанскі сорак трэці,
Найсірочы самы на вайне...

Яшчэ адна традыцыйная для айчыннай літаратуры тэма — тэма любові да роднай зямлі і мілых сэрцу краявідаў — займае ў творчасці гэтага пакалення таксама значнае месца, ствараючы адметную пейзажна­патрыятычную зместава­стылёвую плынь. Пра любоў да Радзімы як духоўна­філасофскую катэгорыю вельмі трапна сказаў К. Камейша: «Нас не раз’яднаць нічым з прыродай, // Са святлом, // з Радзімаю, // сялом».

У кнігах паэзіі Генадзя Пашкова («Кляновік», «Дыстанцыя небяспекі», «Крокі») выявіўся глыбокі гуманістычны пафас. Лірычны герой імкнецца ў віхуры жыцця застацца верным голасу сэрца, сцвярджае чалавечнасць, акрыленасць ідэалаў. Г. Пашкоў апяваў прыгажосць Радзімы, прызнаваўся ў вернасці духоўным здабыткам свайго народа: «Да кожнай тканачкі // я твой. // Твой боль — мой боль, // сухмень ці лівень. // Прашу цябе, зямля, // дазволь // быць каласком // у роднай ніве».

У гэты перыяд ідэйную і мастацка­эстэтычную адметнасць набыла і беларуская жаночая паэзія, таленавітымі прадстаўніцамі якой сталі Н. Мацяш, Я. Янішчыц, Р. Баравікова і інш. Пошукі гармоніі з жыццём, суладнасці са светам і людзьмі, пераадоленне трагічнага лёсу — гэтыя пачуцці знаходзіліся ў цэнтры перажыванняў лірычнай гераіні Ніны Мацяш (кнігі паэзіі «Агонь», «Удзячнасць», «Поўны келіх», «Паміж усмешкай і слязой»).

Эмацыянальна­сэнсавым ядром творчасці гэтай паэтэсы становіцца пачуццё кахання. Вядома, што кахання не бывае без расчараванняў і страт, але ў лірычнай гераіні Н. Мацяш хапае «жаноцкай мужнасці», каб прыняць сваю долю, працягваць з годнасцю, без залішняга драматызму і скаргаў на лёс спасцігаць свет інтымных пачуццяў: «На лёс ці варта наракаць? // Ныццём нягоды не адужаць. // Жыццё заўжды — іспыт на мужнасць. // Яе ж не возьмеш напракат...»

Н. Мацяш стварала мастацкі свет, у якім галоўную ролю адыгрывалі высакароднае імкненне да ідэалу, прыгажосці, пошукі маральнафіласофскіх асноў быцця, спагада да чалавека: 

Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай,
Згублю з­пад ног збалелых цвёрды грунт,
Я так хацела б, каб і мне здагадліва
Агеньчык нечае душы спагадлівай
Выратавальна ў вочы зазірнуў.

 Рамантычная пачуццёвасць, мяккасць, шчырасць турбот за чалавека і чалавечнасць гучалі і ў паэзіі Раісы Баравіковай (кнігі паэзіі «Рамонкавы бераг», «Слухаю сэрца», «Каханне»). 

Паэтэсе і яе лірычнай гераіні, па назіраннях У. Гніламедава, «уласціва глыбінная духоўна-псіхалагічная родавая ўстойлівасць» — быць ахоўніцай народных традыцый, роду, сям’і, гармоніі ў жыцці: 

Дзе жніво маё? — Поле не зжата,
томіць вочы зялёны загон.
Скажа восень, чым буду багата, 
мне б хапіла і жменькі з яго…

Каб было прад людзьмі не ганебна,
моцна веру ў жыцці аднаму:
мне дажаць сваё поле патрэбна,
каб было з чаго сеяць яму…
(«За жнівом надыходзяць дажынкі…»)

 Тэма ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны, сустрэч і развітанняў, паглыбленне ва ўнутраны стан лірычнай гераіні, схільнасць да філасофскіх падагульненняў вылучаюць лірыку гэтай паэтэсы:

Гляджу на ўсё вачамі маладымі,
і гнеўнымі, і добрымі ўдвая...
Каханне і прынізіць, і... узніме,
пакуль у ім жыве душа мая.

Паэтычнае жыццё ў 1960­я — пачатку 1990­х гадоў адметнае значнай разнастайнасцю тэндэнцый, тэматычнай і стылёвай шматфарбнасцю. Мастацкія пошукі беларускіх паэтаў гэтага перыяду выявіліся і ў стварэнні грамадзянскіх, публіцыстычных вершаў, насычаных спавядальнасцю, гарачым пачуццём любові і пашаны да Радзімы і чалавека.

Далейшае развіццё нацыянальнай паэзіі адбывалася і ў напрамку распрацоўкі маральна­этычнай праблематыкі, якая абумоўлена цікавасцю да духоўнага свету асобы, складаных пытанняў чалавечага жыцця. Разгортваліся арыгінальныя пошукі новых паэтычных форм, тэм і праблем, сугучных новым сацыякультурным умовам, паглыбляўся філасафізм паэтычнага выказвання, паэты, найперш прадстаўнікі маладзейшага пакалення, ішлі на эксперымент са словам, яго гучаннем і сэнсавым напаўненнем. Сведчаннем творчага наватарства сталі паэтычныя тэксты А. Разанава — самага яркага прадстаўніка філалагічнага пакалення.