§33–4. Ужыванне часціц НЕ і НІ

Правіла

Часціца не надае адмоўнае значэнне ўсяму выказванню (калі стаіць перад дзеясловам-выказнікам) або асобным яго членам: Запас бяды не чыніць (Прыказка); Напрамак не зменіш (Ю. Голуб); Я сустракаю Цярэшку не ўпершыню (Т. Хадкевіч); Альберт Сцяпанавіч адказаў не адразу (Г. Аўласенка);  Але на Пычаў бераг трапіў не я першы (І. Чыгрынаў).

Паўтарэнне часціцы не ў сказе надае выказванню сцвярджальны сэнс (адна часціца не стаіць перад дзеясловам магчы, другая – перад інфінітывам): На свята ў гонар Дня Перамогі мы не маглі не прыйсці.

Сцвярджальны сэнс мае часціца не і ў сказах пытальна-клічнага тыпу: Дзе мы толькі не былі! Чаго толькі не бачылі!