§33–4. Ужыванне часціц НЕ і НІ
Практыкаванне 13
Прачытайце вершы. Якой асноўнай думкай яны аб’яднаны?
Нішто не заменіць
Мора,
Нішто не заменіць
Горы...
Але ж і гэтыя дзівы
Нам не заменяць
Радзімы.
У. Мазго.
Парог
Куды б цябе ні завяла далёкая дарога,
Не забывай ніколі ты бацькоўскага парога.
Ён нас заўсёды сустракаў і раніцой і ўпрыцем,
Успомні, як пераступаў яго малым ты дзіцем.
І як калісьці, паўзунку, табе не ўраз скарыўся,
Калі ж асіліў ты яго, бы новы свет адкрыўся.
Яго сасновую спіну не кожны і прыкмеціць,
Мне ж пазразаныя сучкі', як быццам вочы, свецяць.
І помніцца, хоць многа год з таго ўжо адшугала,
Як з-за парога мы гасцей прыветліва віталі:
— Ды, калі ласка!.. Просім вас!..
Хутчэй за стол сядайце!..
А вось каб выгнаць за парог, я рэдка чуў у хаце.
Дык ведай жа, што свой парог і ў горы дапаможа,
Ніколі не пераступай парог чужы, варожы.
Куды б цябе ні завяла далёкая дарога,
Не забывай ніколі ты бацькоўскага парога!
П. Броўка.
Вызначце, калі часціца не надае адмоўнае значэнне асобным словам, а калі – усяму сказу.
Раскрыйце значэнне слова асіліць.