§ 6. Шрыфты чарцёжныя

Шрыфты

Вы ўжо звярнулі ўвагу, што відарысы на чарцяжах заўсёды суправаджаюць надпісамі. Усе надпісы на чарцяжах павінны быць выкананы чарцёжным шрыфтам.
Літары і лічбы чарцёжнага шрыфта адрозніваюцца ад тых, якімі вы звычайна пішаце.

Шрыфт (ад ням. Schrift) — гэта рысунак, абрыс літар якога-небудзь алфавіта, лічбаў і знакаў. Шрыфты чарцёжныя прызначаны для выканання надпісаў, напісання ўмоўных знакаў і размерных лікаў на чарцяжах.

Параўнайце шрыфты на рысунку 24. У чым іх адрозненне? Як вы лічыце, які шрыфт зручней выкарыстоўваць для надпісаў чарцяжа?

Правілы выканання чарцёжных шрыфтоў вызначаюцца стандартам ДАСТ 2.304-81 АСКД. Шрыфты чарцёжныя. Стандарт вызначае напісанне, памеры двух відаў літар рускага, лацінскага і грэчаскага алфавіта — вялікіх і маленькіх, а таксама арабскіх і рымскіх лічбаў і некаторых знакаў для ўмоўных абазначэнняў на чарцяжы. 

Шрыфт можа быць выкананы з нахілам 75° і без нахілу. Вугал нахілу літар і лічбаў можна пабудаваць з дапамогай двух вугольнікаў. У сшытку ў клетку патрэбны вугал можна атрымаць, правёўшы дыяганаль прамавугольніка, утворанага чатырма клеткамі (рыс. 25).