§ 6. Шрыфты чарцёжныя
Якімі літарамі — вялікімі ці друкаванымі — падпісваецца чарцёж? На ваш погляд, ці існуюць правілы ДАСТ на подпісы чарцяжа?
- Вы даведаецеся: для чаго патрэбны шрыфты, якія яны бываюць.
- Вы навучыцеся: выконваць чарцёжным шрыфтам простыя надпісы і размерныя лікі на відарысах прадмета.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Чарчэнне. 10 клас |
Книга: | § 6. Шрыфты чарцёжныя |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 18 Апрель 2025, 15:57 |
Шрыфты
Вы ўжо звярнулі ўвагу, што відарысы на чарцяжах заўсёды суправаджаюць надпісамі. Усе надпісы на чарцяжах павінны быць выкананы чарцёжным шрыфтам.
Літары і лічбы чарцёжнага шрыфта адрозніваюцца ад тых, якімі вы звычайна пішаце.
Шрыфт (ад ням. Schrift) — гэта рысунак, абрыс літар якога-небудзь алфавіта, лічбаў і знакаў. Шрыфты чарцёжныя прызначаны для выканання надпісаў, напісання ўмоўных знакаў і размерных лікаў на чарцяжах.
Параўнайце шрыфты на рысунку 24. У чым іх адрозненне? Як вы лічыце, які шрыфт зручней выкарыстоўваць для надпісаў чарцяжа?
Правілы выканання чарцёжных шрыфтоў вызначаюцца стандартам ДАСТ 2.304-81 АСКД. Шрыфты чарцёжныя. Стандарт вызначае напісанне, памеры двух відаў літар рускага, лацінскага і грэчаскага алфавіта — вялікіх і маленькіх, а таксама арабскіх і рымскіх лічбаў і некаторых знакаў для ўмоўных абазначэнняў на чарцяжы.
Шрыфт можа быць выкананы з нахілам 75° і без нахілу. Вугал нахілу літар і лічбаў можна пабудаваць з дапамогай двух вугольнікаў. У сшытку ў клетку патрэбны вугал можна атрымаць, правёўшы дыяганаль прамавугольніка, утворанага чатырма клеткамі (рыс. 25).
Параметры чарцёжнага шрыфту.
Пры напісанні літар і лічбаў чарцёжнага шрыфту выкарыстоўваюцца наступныя параметры.
- Памер шрыфту вызначаецца вышынёй (h) вялікіх літар у міліметрах па вертыкалі (рыс. 26). Надпісы на чарцяжах выконваюць шрыфтамі наступных памераў: 2,5; 3,5; 5; 7; 10; 14; 20; 28; 40 мм.
- Таўшчыня ліній шрыфту вызначаецца ў залежнасці ад вышыні шрыфту. Яна роўна 0,1 h і абазначаецца d.
- Шырыня (g) літар у асноўным роўна 0,6 h або 6d. Літары бываюць шырокія і вузкія.
- Элементы літар, якія выступаюць з радка (вялікая Д, малыя б, в, д, р, у, ц, ф), выконваюцца за кошт адлегласцей паміж радкамі.
- Вышыня лічбаў роўна вышыні вялікіх літар h. Шырыня лічбаў роўна h/2 (выключэнне —лічбы 1 і 4).
- Адлегласць паміж літарамі і лічбамі (а) у словах 0,2 h, або 2d, паміж словамі і лічбамі (e) — 0,6 h, або 6d.
Для зручнасці вызначэння параметраў шрыфту можна выкарыстаць табліцы 2 і 3.
Вышыня малых літар адпавядае вышыні вялікіх літар папярэдняга памеру шрыфту (табл. 2). Вызначыце вышыню малых літар для шрыфту памеру 7.
Літары і лічбы не вычэрчваюць з дапамогай чарцёжных інструментаў, а пішуць ад рукі алоўкам ТМ (НВ), М (В). Каб надпісы былі акуратнымі, выкарыстоўваюць дапаможныя сеткі, якія абмяжоўваюць літары і лічбы па вышыні, сярэднюю лінію і лінію нахілу (рыс. 27).
Афармляючы чарцёж, пры запаўненні асноўнага надпісу графу «Назва работы» выконваюць памерам шрыфта 7 (рыс. 28). Усе астатнія графы асноўнага надпісу запаўняюць памерам шрыфту 5.
Памеры на чарцяжы таксама выконваюць памерам шрыфту 5.
Лічыцца, што ўпершыню алфавіт вынайшлі фінікійцы ў XI ст. да н. э. Ён складаўся з 22 знакаў. Грэчаскі алфавіт з’яўляецца прамым наследнікам фінікійскага. Шрыфт, які выкарыстоўваецца для напісання яго знакаў, быў вельмі просты і выразны. Яго пабудова ажыццяўлялася з дапамогай элементарных геаметрычных форм — квадратаў, кругоў і трохвугольнікаў. Існуе меркаванне, што менавіта ад грэчаскага алфавіта адбылася лацінка, якая сёння з’яўляецца міжнароднай сістэмай пісьма. |
Замацуем веды
1. Чым вызначаецца памер чарцёжнага шрыфту?
2. Чаму роўны вугал нахілу літар і лічбаў чарцёжнага шрыфту?
3. Вызначыце памер шрыфту, калі вышыня малых літар роўна 2,5 мм. Якая ў гэтым выпадку шырыня вузкіх і шырокіх малых літар?
4. Выкарыстоўваючы табліцу 2, вызначыце, шрыфтам якога памеру напісаны словы «фармат», «аловак».
Графічная работа № 2. Шрыфт чарцёжны, тыпы ліній
На фармаце А4 выканайце заданне па напісанні чарцёжнага шрыфту і выкананні ліній чарцяжа. Карыстайцеся Памяткай 2.
Памятка 2. Алгарытм напісання літар і лічбаў беларускага алфавіта чарцёжнага шрыфту
Стрэлка паказвае кірунак руху рук. Напісанне літар выконвайце па частках. Рух рукі пры выкананні прамалінейных элементаў літар зверху ўніз або злева направа, закругленых - уніз і налева ці ўніз і направа