§ 4. Лініі чарцяжа

Лініі чарцяжа

Асноўнымі элементамі любога чарцяжа з’яўляюцца лініі. Каб чарцёж быў больш выразным і зразумелым для чытання, яго выконваюць рознымі лініямі, абрысы і асноўныя прызначэнні якіх вызначаны стандартам ДАСТ 2.303-68 АСКД. Лініі. Таўшчыня ліній абазначаецца літарай s. Таўшчыня іншых ліній выбіраецца ў залежнасці ад s. Кожнаму тыпу лініі адпавядае сваё прызначэнне на чарцяжы (табл. 1). 

На ўроках чарчэння часцей за ўсё вы будзеце выкарыстоўваць чатыры асноўныя тыпы ліній: суцэльная тоўстая асноўная, суцэльная тонкая, штрыхавая і штрыхпункцірная (рыс. 20)

Правілы адлюстравання ліній

  • Кожны чарцёж рэкамендуецца папярэдне выконваць суцэльнымі тонкімі лініямі.
  • Вычэрчванне чарцяжа пачынаюць з правядзення восевых і цэнтравых ліній, ад якіх вядуцца наступныя пабудовы. 
  • Таўшчыня ліній аднаго тыпу на чарцяжы павінна быць аднолькавай. 
  • Пры напісанні штрыхавой і штрыхпункцірнай ліній штрыхі і прамежкі паміж штрыхамі павінны быць аднолькавай даўжыні.
  • Штрыхавая і штрыхпункцірная лініі перасякаюцца і заканчваюцца толькі штрыхамі.
  • Штрыхпункцірная лінія выводзіцца за контур рысунка на 2 мм.

Памятайце! Цэнтр акружнасці адлюстроўваецца не пунктам, а перасячэннем штрыхоў. Штрыхі выступаюць за контур акружнасці на 2 мм. Калі дыяметр акружнасці меншы за 12 мм, цэнтравыя штрыхі адлюстроўваюць суцэльнай тонкай лініяй (рыс. 21)