* «Кветка пажоўклая»

«Кветка пажоўклая

У апавяданні «Кветка пажоўклая» мы зноў сустракаемся з рэаліямі новага ладу і бачым дзіцячы прытулак.

Тэматычна твор набліжаны да апавядання «Дзіўная»: тут распрацавана тэма бацькоў і дзяцей, а таксама лінія хуткага, агністага, парывістага кахання. Пры гэтым «Кветка пажоўклая» мае істотнае адрозненне: яна прысвечана тэме «былых», «учарашніх» — тых, хто прыняў рэвалюцыю, як Марына Гарнова, і тых, хто застаўся на старых пазіцыях, як смешнаваты і няўклюдны Абшарскі.

У тэксце яшчэ ярчэй, чым у «Дзіўнай», праступаюць праблемы духоўнага адчужэння, распаду сям’і і па кантрасце — адданай безумоўнай любові «былога», «бесперспектыўнага» Абшарскага. Марына выракаецца бацькоў, брата, а сям’я выракаецца яе. У выніку нішто ў жыцці герояў не засталося надзейным, трывалым, акрамя бадай што хваравітай «застарэлай» неўзаемнай любові мясцовага «дзівака» да Марыны.

У тэксце неаднаразова абыгрываецца назва твора. У фінале чытаем: «Нямала было такіх кветак, што прыцягнуліся к сонцу Кастрычніка, што закрасавалі ў ім цветам жывым, пышна-дзейным. ˂…˃ І не вытрымалі палкага сонца. Пажоўклі...» У трэцім раздзеле аўтар згадвае Марыну Гарнову, яна «здавалася восеньскай кветкай, якая жоўкне сярод сухога былля».

Цікава, што, апісваючы Абшарскага, галоўны герой ужывае слова «цвіце»: «Ці ёсць у каханні маім хоць палавіна таго, што цвіце ў грудзях гэтага недалужнага чалавека!..»

Такім чынам, Зарэцкі ацэньвае людзей не па тым, да якога класа яны належаць, а па тым, ці жывая ў іх душа, ці здольная да любові, ці не пажоўкла. У сувязі з гэтым ключом да вельмі многіх твораў Міхася Зарэцкага можна назваць развагі Блонскага пра любоў у творы «Дзіўная»: «Усё — любоў...». Бо любоў ва ўсіх яе праявах вызначае канцэпцыю свету пісьменніка.

Такім чынам, Міхась Зарэцкі супрацьпастаўляе ў творах фальш, дэмагогію, утылітарны практыцызм, цынізм, «вольнае каханне», разбурэнне асобы — і індывідуальнасць, адказнае стаўленне да чысціні сваёй душы, самакаштоўнасць сямейных сувязей і любоў як адзіна правільную мерку маральнасці.