* «Кветка пажоўклая»
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | * «Кветка пажоўклая» |
Printed by: | Guest user |
Date: | Monday, 21 April 2025, 5:35 AM |
«Кветка пажоўклая
У апавяданні «Кветка пажоўклая» мы зноў сустракаемся з рэаліямі новага ладу і бачым дзіцячы прытулак.
Тэматычна твор набліжаны да апавядання «Дзіўная»: тут распрацавана тэма бацькоў і дзяцей, а таксама лінія хуткага, агністага, парывістага кахання. Пры гэтым «Кветка пажоўклая» мае істотнае адрозненне: яна прысвечана тэме «былых», «учарашніх» — тых, хто прыняў рэвалюцыю, як Марына Гарнова, і тых, хто застаўся на старых пазіцыях, як смешнаваты і няўклюдны Абшарскі.
У тэксце яшчэ ярчэй, чым у «Дзіўнай», праступаюць праблемы духоўнага адчужэння, распаду сям’і і па кантрасце — адданай безумоўнай любові «былога», «бесперспектыўнага» Абшарскага. Марына выракаецца бацькоў, брата, а сям’я выракаецца яе. У выніку нішто ў жыцці герояў не засталося надзейным, трывалым, акрамя бадай што хваравітай «застарэлай» неўзаемнай любові мясцовага «дзівака» да Марыны.
У тэксце неаднаразова абыгрываецца назва твора. У фінале чытаем: «Нямала было такіх кветак, што прыцягнуліся к сонцу Кастрычніка, што закрасавалі ў ім цветам жывым, пышна-дзейным. ˂…˃ І не вытрымалі палкага сонца. Пажоўклі...» У трэцім раздзеле аўтар згадвае Марыну Гарнову, яна «здавалася восеньскай кветкай, якая жоўкне сярод сухога былля».
Цікава, што, апісваючы Абшарскага, галоўны герой ужывае слова «цвіце»: «Ці ёсць у каханні маім хоць палавіна таго, што цвіце ў грудзях гэтага недалужнага чалавека!..»
Такім чынам, Зарэцкі ацэньвае людзей не па тым, да якога класа яны належаць, а па тым, ці жывая ў іх душа, ці здольная да любові, ці не пажоўкла. У сувязі з гэтым ключом да вельмі многіх твораў Міхася Зарэцкага можна назваць развагі Блонскага пра любоў у творы «Дзіўная»: «Усё — любоў...». Бо любоў ва ўсіх яе праявах вызначае канцэпцыю свету пісьменніка.
Такім чынам, Міхась Зарэцкі супрацьпастаўляе ў творах фальш, дэмагогію, утылітарны практыцызм, цынізм, «вольнае каханне», разбурэнне асобы — і індывідуальнасць, адказнае стаўленне да чысціні сваёй душы, самакаштоўнасць сямейных сувязей і любоў як адзіна правільную мерку маральнасці.
Пытанні
1. Якія абставіны змянілі жыццё Марыны Гарновай? Паміж чым вымушана была выбіраць гераіня ў пераломны момант жыцця? Як паўплываў зроблены выбар на яе асобу? |
|
2. Параўнайце лінію кахання ў апавяданнях «Дзіўная» і «Кветка пажоўклая». Знайдзіце агульныя рысы. |
|
3. Як адрэагаваў каханы Гарновай на яе апошні ўчынак? Яго рэакцыя абумоўлена асабістымі якасцямі або павевамі часу? Як адрэагаваў Абшарскі? Чаму на яго не дзейнічаюць новыя павевы? |
|
![]() |
4. Праз якія вобразы, эпізоды ў апавяданні паказана праблема канфлікту пакаленняў? У чым аўтар бачыць прычыны гэтага канфлікту? |
![]() |
5. Прааналізуйце мову твора. Якія словы вы залічылі б сёння да русізмаў? Якія не адпавядаюць сучасным літаратурным нормам? Чаму яны сустракаюцца ў такога выдатнага майстра слова, як Міхась Зарэцкі? |
![]() |
6. Падрыхтуйце паведамленне (на выбар): - «Жаночыя вобразы ў апавяданнях Міхася Зарэцкага», - «Час і асоба ў апавяданнях Міхася Зарэцкага», - «“Новыя” і “ўчарашнія” людзі ў апавяданнях “Дзіўная” і “Кветка пажоўклая”», - «Абшарскі і Туляга (Кандрат Крапіва “Хто смяецца апошнім”): слабыя ці моцныя людзі?». |
![]() |
7. Змяніце і перакажыце сюжэт апавядання «Кветка пажоўклая» так, каб падзеі разгортваліся ў адпаведнасці з ідэаламі Міхася Зарэцкага адносна грамадскіх адносін, сям’і і кахання. |