Апавяданне «Дзіўная»

* Майстэрства мастацкай дэталі. Псіхалагізм

Партрэт (фр. portrait) —
апісанне знешняга выгляду, адзення, рухаў, позы літаратурнага персанажа. Асаблівасці партрэтнага апісання залежаць ад стылю пісьменніка.

Адрозніваюць некалькі відаў мастацкай дэталі: партрэтную (дэталі знешнасці), славесную (лексіка персанажа), прадметную (апісанне фрагментаў навакольнага свету), пейзажную (дэталізацыя карцін прыроды), псіхалагічную (апісанне перажыванняў, унутранага стану).

Варта параўнаць партрэтныя дэталі, якія падае Міхась Зарэцкі на працягу твора. На першых старонках у Шумавай «вочы — яркія, вострыя, са шчырым вясёлым агеньчыкам»,  затым паказваецца, як яны «атуліліся цьмянай, сталёвай глыбінёй». Яна то раптам рассыпаецца «задорным іскрыстым смехам», то ўжо «праглынула смех, затурбавалася». У фінале зноў падкрэсліваецца кантраст паміж словамі і станам Шумавай: яе «твар разгарэўся, зардзеўся гарачай чырванню», і тут жа на ім з’явіўся «адбітак глыбокай агнёвай мукі, журбы».

Гэтыя кантрасныя характарыстыкі працуюць на стварэнне «дзіўнага», супярэчлівага характару персанажа. Апісвае празаік і голас гераіні: «…пад гэтым сухім, троху мітынговым тонам ёсць нешта схаванае, палахліва затоенае». Тут дакладна выяўляецца псіхалагічная характарыстыка маладой асобы, дэталізуецца ўспрыманне яе Блонскім.

У апавяданні багата дыялогаў, дзе праступае ўнікальнасць таленту Міхася Зарэцкага — уменне ў неразвітым, няпоўным сказе шмат выразіць. Такая мова персанажаў знешне выглядае як прымета дзелавых якасцей, рашучасці, знарочыстага практыцызму ў адносінах да жыцця. Ярка паказана бура, якая разыгрываецца ў душах Блонскага і Шумавай. Яна выяўляецца праз супярэчнасць паміж знешняй лёгкасцю, з якой яны кідаюць словы, і цяжкім унутраным станам, напружанасцю ад усведамлення іх сэнсу. Дарэчы, аўтар называе сваіх герояў толькі па прозвішчы, як гэта было прынята ў 1920-я гады, а адно аднаго яны ўвогуле не завуць па імені. Гэта дэталь указвае на перавагу ў грамадстве вытворчых адносін над асабістымі.

Прадметны свет прадстаўлены ў творы даволі лаканічна (гадзіннік, старасвецкае крэсла ў кабінеце Блонскага), а вось пейзажныя фрагменты ў дэталях паказваюць унутраны стан герояў. Паназіраем, як завіравала пачуццё паміж героямі і як «адгукаецца» гэта ў апісанні наваколля: «Вецер з шалёным выццём віўся па вуліцах. Падцікаўся з-за рога і ўраз налятаў, шкуматаў, сцёбаў па твары жменямі калючага снегу. Хацелася барзджэй перабегчы і схавацца ў цёмным прытульным пакоі. Блонскі і Шумава ішлі шыбка-шыбка, часам застраваючы да кален у сумётах, спатыкаючыся. <...> Горача стала і весела».

Вельмі дакладна адпавядае неадназначнаму стану і характару гераіні паказ вясны ў частцы, дзе Шумава чакае сустрэчы з сынам: «Усміхнулася вясна гулліва, сонечна. Так усміхнулася, што сівавалосая бабулька-зямля зусім растала, захлібнулася з радасці. <...> А потым зарумзала. Ды так зарумзала, так загаласіла, што ўвесь горад шумам напоўніла, патокай слёз заліла». Мова гэтага ўрыўка амаль паэтычная, яна мае пэўны рытм. Увогуле, калі прыслухацца да гучання твора, можна заўважыць, як ён ярка выяўляе зместавыя акцэнты. Можна параўнаць згаданы ўрывак пра вясну з яго хвалепадобным, плаўным рытмам, поўнагалоссем, з тым момантам, дзе Блонскі ўпершыню бачыць Шумаву. Там, якраз наадварот, заўважаюцца рваны рытм, кансанантызм.

Паказваючы знаёмства герояў, аўтар падае дэталі паводзін Шумавай: «У кабінет, не папытаўшыся, увайшла жанчына. Ля парога спынілася, азірнула ўважна пакой. Угледзела Блонскага і падышла да яго рэзкім крокам. <...> На стол бесцырымонна партфель кінула». Падавалася б, гаспадара кабінета павінна раздражняць такая вольнасць, але Блонскаму раптам становіцца «пуста ў пакоі», калі Шумава сыходзіць — і чытач здагадваецца, што паміж людзьмі ўзнікла пачуццё.  І сапраўды, далей увесь твор будзе асветлены каханнем: ужо «назаўтрага Блонскаму мінуты здаваліся за гадзіны, а гадзіны — за вечнасць», бо ён чакаў новай сустрэчы.

Асяроддзе, стан прыроды, нежывыя прадметы псіхалагічна ўздзейнічаюць на чытача не менш, чым учынкі. Зарэцкі выбірае найперш пачуццёвае ўздзеянне (на слых, дотык, смак, рух, адчуванне, эмоцыю): «шэра-ваўняныя згусткі змроку», «мяккія цені змроку», «аксамітная мякаць», «ціхая нерухомасць», «марудныя хвіліны». Тое ж можам сказаць пра метафарычнасць: «акунуў погляд», «варушыліся думкі», «гарэзна спляталіся», «балюча ўдарыў яркі свет». Яшчэ адна цікавая рыса светаадчування і светаапісання Зарэцкага — перадача супрацьлегласцей маруднага цяжкага руху і статыкі нерухомасці, парывістага, палётнага дзеяння і непаваротлівага бяздзеяння, гарачага, палкага чакання, жадання і застылай халоднай тугі.

Літаратурныя сувязі. Даволі рэдка ў беларускай прозе можна сустрэць вобраз маладой жанчыны, якая не была б ахвярай абставін, а сама «рабіла сваё жыццё». Да падобных можна найперш аднесці рамантычна абмаляваныя купалаўскія вобразы Паўлінкі з камедыі «Паўлінка», а таксама Бандароўны з аднайменнай паэмы, Зоські з драмы «Раскіданае гняздо», магчыма, і караткевічаўскіх Майку Раўбіч (раман «Каласы пад сярпом тваім»), жонку Грынкевіча з «Парома на бурнай рацэ». Калі казаць пра час, апісаны ў апавяданні «Дзіўная» Міхася Зарэцкага, дык «папярэднічаць» вобразу Шумавай будзе настаўніца пані Мар’я з аповесці Янкі Брыля «Сірочы хлеб», а «наследаваць» — гераіня апавядання Кузьмы Чорнага «Макаркавых Волька».