Print bookPrint book

Апавяданне «Дзіўная»

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: Апавяданне «Дзіўная»
Printed by: Госць
Date: Sunday, 19 May 2024, 8:24 PM

* Адлюстраванне псіхалогіі людзей з новым светапоглядам

Знешняе падабенства тэматыкі апавяданняў пісьменніка да твораў іншых прадстаўнікоў літаратуры 1920—1930-х гадоў часта абмежавана агульнасцю тэмы. Уласцівая творам гэтага перыяду тэндэнцыйнасць не закранае глыбінных пластоў творчасці Міхася Зарэцкага. Выхаваны на хрысціянскіх маральных прынцыпах, пісьменнік назаўжды пакінуў след у душы чытачоў, увасобіў у кнігах прыязнасць, спагаду да чалавека, незалежна ад яго паходжання і перакананняў.

Як пісьменнік рамантычнага напрамку, Міхась Зарэцкі шмат увагі надаваў барацьбе пачуццяў, эмоцыям. Рэвалюцыя ва ўяўленні маладнякоўцаў, з якімі аўтар пачынаў шлях у літаратуру, — гэта шторм, здаровае паветра, вецер, навальніца, што адбываецца ў грамадскай свядомасці. Гэта «бура», натуральна, адбівалася і на сямейным, інтымным жыцці.

Пазнаць апавяданні Міхася Зарэцкага можна па наступных уласцівасцях:

1) праўдзівы паказ паслякастрычніцкай рэчаіснасці, сутыкненне вобразаў «учарашніх», «былых» (прадстаўнікоў зрынутага класа) і «новых» (будаўнікоў савецкай краіны); пераход герояў з катэгорыі ў катэгорыю;

2) сітуацыя складанага маральна-этычнага выбару для герояў; тэма ўнутранай ломкі асобы падчас стварэння новага грамадства; псіхалагічная заглыбленасць у матывы і наступствы ўчынкаў (гэта рыса потым найярчэй праявіцца ў беларускай літаратуры ў прозе Кузьмы Чорнага);

3) выразная гуманістычная скіраванасць, цвёрдае следаванне аўтара агульначалавечым, а не класавым каштоўнасцям, падзел герояў паводле ўмення і няўмення любіць, а не па прыналежнасці да пэўнага класа;

4) наяўнасць у творах любоўнай інтрыгі, складаных жаночых вобразаў; вострае ўспрыняцце праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей;

5) адлюстраванне падзей праз асабіста перажытае і ўбачанае;

6) структураванасць сюжэта.

Апавяданням Міхася Зарэцкага характэрна і яшчэ адна якасць — яны падобныя да эскізаў, кароткіх нераспрацаваных накідаў, дзе аўтар не раскрывае думку глыбока, а, хутчэй, выразна кропкава намякае на яе. З аднаго боку, гэта ўскладняе асэнсаванне канкрэтна-гістарычнах рэалій, паказаных у творы, рассейвае бачанне цэласнай карціны. З другога — робіць творы абагульненымі, прытчавымі, умоўнымі, такімі, што можна іх разглядаць як люстра, злепак эпохі.

Міхась Зарэцкі вядомы не толькі як празаік, аўтар апавяданняў («Бель», «Ворагі», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая»), аповесці («Голы звер») і раманаў («Вязьмо», «Сцежкі-дарожкі»), але і як выдатны нарысіст, літаратурны і кінакрытык, публіцыст і драматург, перакладчык.

Драматызм лёсу Шумавай

Апавяданне «Дзіўная» напісана ў 1920-я гады і прысвечана праблемам папулярнага на той час руху пазбаўлення жанок ад «іржавых пут сям’і», калі прапагандавалася адкрыццё дзіцячых дамоў, каб малыя змаглі стаць «новымі людзьмі» без «шкоднай» прывязанасці да бацькоў, а іх матулі — цалкам прысвяціць сябе працы.

У выніку самаразбуральнай дзейнасці галоўная гераіня апавядання Шумава аказваецца, як яна кажа, «без лішніх прывязанасцей» — гэта значыць пазбаўленай кахання Блонскага і любові ўласнага дзіцяці. Жыццё ў грамадскіх клопатах, у новых планах і пастаўленых партыяй задачах не здольна замяніць у ёй жанчыну на «маленькі шрубчык», а самі гэтыя планы і задачы выглядаюць злачыннымі.

Прапагандысцкая дзейнасць Шумавай у жанаддзеле накіравана на адчужэнне дзяцей ад маці. І ў гэтай працы паступова, як шкодная праява «старога», у яе душы выпальваецца чалавечнасць. Празаік усё называе сваімі імёнамі ў рытарычных пытаннях — праз разважанні Блонскага аб Шумавай: «Што ж гэта, нарэшце? Фанатызм, вар’яцтва?»

Вобраз дзетдома прароча звязаны з лёсам сям’і Зарэцкага. Пасля арышту, каб адвесці небяспеку ад жонкі Марыі, ён узяў неіснуючую віну на сябе. І ўсё ж Марыя Іванаўна была асуджана — у выніку сын пісьменніка Слава і дачка Радаміра апынуліся на некалькі гадоў у дзіцячым прытулку.

Маральная праблематыка. Асэнсаванне вечнага і часовага ў творы

Агітатарская работа Шумавай дзівіць закаханага ў яе Блонскага. Магчыма, таму што Блонскі чуе нейкі «фальш у гэтых цвёрдых энергічных словах аб вызваленні жанчыны». 

Каханне самой «дзіўнай» або каханне да яе — складанае, небяспечнае пачуццё. Міхась Зарэцкі ў многіх апавяданнях паказальна называе яго «хваравітай слабасцю», «назойлівым успамінам», «шалёнай страсцю», «ліпучымі путамі», «зеллем», «дрыгвянай багнай». Але ўважлівы чытач па роздуме бачыць абсалютна адваротнае — трапяткое і прынцыпова станоўчае стаўленне аўтара да любых праяў кахання і духоўнай блізкасці.

Душэўны канфлікт паміж любоўю да свайго дзіцяці і перакананнем у аджыласці, састарэласці інстытута мацярынства робіць Шумаву непаслядоўнай, эмацыянальна нестабільнай, а яе твар — «поўным вострай мукі, матчынай тугі».

Можна прасачыць, як зрэагавалі на заклікі Шумавай пазбавіцца ад сям’і жанчыны-дэлегаткі, перад якімі выступала галоўная гераіня, — яны «агнём загарэліся» супраць. Вачамі Блонскага аўтар глядзіць на твары дэлегатак, «змораныя, сумныя». Так пісьменнік без адкрытага маралізатарства даводзіць думку пра неадназначнасць дзеянняў маладых актывістак 1920-х гадоў, «дзівацтва» новага свету. 

У творы расказваецца не толькі пра так званыя перагібы ў партыйным кіраўніцтве — яго ідэя шырэйшая. Гэта тэкст пра разбурэнне міжасабовых сувязей, заснаваных на агульначалавечых каштоўнасцях: любові, павазе, каханні, сімпатыі, прывязанасці, прычым у імя ілюзорнай ідэі сусветнага братэрства, абстрактнай свабоды. Парадокс у тым, што братэрства і свабода не могуць грунтавацца на раз’яднанні, падазронасці і абыякавасці да душэўных перажыванняў іншых.

* Майстэрства мастацкай дэталі. Псіхалагізм

Партрэт (фр. portrait) —
апісанне знешняга выгляду, адзення, рухаў, позы літаратурнага персанажа. Асаблівасці партрэтнага апісання залежаць ад стылю пісьменніка.

Адрозніваюць некалькі відаў мастацкай дэталі: партрэтную (дэталі знешнасці), славесную (лексіка персанажа), прадметную (апісанне фрагментаў навакольнага свету), пейзажную (дэталізацыя карцін прыроды), псіхалагічную (апісанне перажыванняў, унутранага стану).

Варта параўнаць партрэтныя дэталі, якія падае Міхась Зарэцкі на працягу твора. На першых старонках у Шумавай «вочы — яркія, вострыя, са шчырым вясёлым агеньчыкам»,  затым паказваецца, як яны «атуліліся цьмянай, сталёвай глыбінёй». Яна то раптам рассыпаецца «задорным іскрыстым смехам», то ўжо «праглынула смех, затурбавалася». У фінале зноў падкрэсліваецца кантраст паміж словамі і станам Шумавай: яе «твар разгарэўся, зардзеўся гарачай чырванню», і тут жа на ім з’явіўся «адбітак глыбокай агнёвай мукі, журбы».

Гэтыя кантрасныя характарыстыкі працуюць на стварэнне «дзіўнага», супярэчлівага характару персанажа. Апісвае празаік і голас гераіні: «…пад гэтым сухім, троху мітынговым тонам ёсць нешта схаванае, палахліва затоенае». Тут дакладна выяўляецца псіхалагічная характарыстыка маладой асобы, дэталізуецца ўспрыманне яе Блонскім.

У апавяданні багата дыялогаў, дзе праступае ўнікальнасць таленту Міхася Зарэцкага — уменне ў неразвітым, няпоўным сказе шмат выразіць. Такая мова персанажаў знешне выглядае як прымета дзелавых якасцей, рашучасці, знарочыстага практыцызму ў адносінах да жыцця. Ярка паказана бура, якая разыгрываецца ў душах Блонскага і Шумавай. Яна выяўляецца праз супярэчнасць паміж знешняй лёгкасцю, з якой яны кідаюць словы, і цяжкім унутраным станам, напружанасцю ад усведамлення іх сэнсу. Дарэчы, аўтар называе сваіх герояў толькі па прозвішчы, як гэта было прынята ў 1920-я гады, а адно аднаго яны ўвогуле не завуць па імені. Гэта дэталь указвае на перавагу ў грамадстве вытворчых адносін над асабістымі.

Прадметны свет прадстаўлены ў творы даволі лаканічна (гадзіннік, старасвецкае крэсла ў кабінеце Блонскага), а вось пейзажныя фрагменты ў дэталях паказваюць унутраны стан герояў. Паназіраем, як завіравала пачуццё паміж героямі і як «адгукаецца» гэта ў апісанні наваколля: «Вецер з шалёным выццём віўся па вуліцах. Падцікаўся з-за рога і ўраз налятаў, шкуматаў, сцёбаў па твары жменямі калючага снегу. Хацелася барзджэй перабегчы і схавацца ў цёмным прытульным пакоі. Блонскі і Шумава ішлі шыбка-шыбка, часам застраваючы да кален у сумётах, спатыкаючыся. <...> Горача стала і весела».

Вельмі дакладна адпавядае неадназначнаму стану і характару гераіні паказ вясны ў частцы, дзе Шумава чакае сустрэчы з сынам: «Усміхнулася вясна гулліва, сонечна. Так усміхнулася, што сівавалосая бабулька-зямля зусім растала, захлібнулася з радасці. <...> А потым зарумзала. Ды так зарумзала, так загаласіла, што ўвесь горад шумам напоўніла, патокай слёз заліла». Мова гэтага ўрыўка амаль паэтычная, яна мае пэўны рытм. Увогуле, калі прыслухацца да гучання твора, можна заўважыць, як ён ярка выяўляе зместавыя акцэнты. Можна параўнаць згаданы ўрывак пра вясну з яго хвалепадобным, плаўным рытмам, поўнагалоссем, з тым момантам, дзе Блонскі ўпершыню бачыць Шумаву. Там, якраз наадварот, заўважаюцца рваны рытм, кансанантызм.

Паказваючы знаёмства герояў, аўтар падае дэталі паводзін Шумавай: «У кабінет, не папытаўшыся, увайшла жанчына. Ля парога спынілася, азірнула ўважна пакой. Угледзела Блонскага і падышла да яго рэзкім крокам. <...> На стол бесцырымонна партфель кінула». Падавалася б, гаспадара кабінета павінна раздражняць такая вольнасць, але Блонскаму раптам становіцца «пуста ў пакоі», калі Шумава сыходзіць — і чытач здагадваецца, што паміж людзьмі ўзнікла пачуццё.  І сапраўды, далей увесь твор будзе асветлены каханнем: ужо «назаўтрага Блонскаму мінуты здаваліся за гадзіны, а гадзіны — за вечнасць», бо ён чакаў новай сустрэчы.

Асяроддзе, стан прыроды, нежывыя прадметы псіхалагічна ўздзейнічаюць на чытача не менш, чым учынкі. Зарэцкі выбірае найперш пачуццёвае ўздзеянне (на слых, дотык, смак, рух, адчуванне, эмоцыю): «шэра-ваўняныя згусткі змроку», «мяккія цені змроку», «аксамітная мякаць», «ціхая нерухомасць», «марудныя хвіліны». Тое ж можам сказаць пра метафарычнасць: «акунуў погляд», «варушыліся думкі», «гарэзна спляталіся», «балюча ўдарыў яркі свет». Яшчэ адна цікавая рыса светаадчування і светаапісання Зарэцкага — перадача супрацьлегласцей маруднага цяжкага руху і статыкі нерухомасці, парывістага, палётнага дзеяння і непаваротлівага бяздзеяння, гарачага, палкага чакання, жадання і застылай халоднай тугі.

Літаратурныя сувязі. Даволі рэдка ў беларускай прозе можна сустрэць вобраз маладой жанчыны, якая не была б ахвярай абставін, а сама «рабіла сваё жыццё». Да падобных можна найперш аднесці рамантычна абмаляваныя купалаўскія вобразы Паўлінкі з камедыі «Паўлінка», а таксама Бандароўны з аднайменнай паэмы, Зоські з драмы «Раскіданае гняздо», магчыма, і караткевічаўскіх Майку Раўбіч (раман «Каласы пад сярпом тваім»), жонку Грынкевіча з «Парома на бурнай рацэ». Калі казаць пра час, апісаны ў апавяданні «Дзіўная» Міхася Зарэцкага, дык «папярэднічаць» вобразу Шумавай будзе настаўніца пані Мар’я з аповесці Янкі Брыля «Сірочы хлеб», а «наследаваць» — гераіня апавядання Кузьмы Чорнага «Макаркавых Волька».

Пытанні

1. З якім надвор’ем, музыкай, колерам асацыіруецца ваш настрой пасля знаёмства з творам «Дзіўная»?
Як вы думаеце чаму?
2. Пра што прымушае задумацца гэта апавяданне?
Як вы мяркуеце, ці аднолькава чытачамі ўспрымаўся тэкст у 1920-я гады і сёння?
3. Адшукайце ў творы мастацкія азначэнні, якія характарызуюць Шумаву.
Складзіце кароткае апісанне яе асобы.
4. Як апавядальнік ставіцца да ідэй, якія прапагандуе Шумава сярод жанчын?
Якім чынам сёння ў грамадскай свядомасці адгукаецца прапаганда вобраза жанчыны, «вольнай ад іржавых пут»?
Які сацыяльны інстытут разбураецца такім чынам?
5. Чыімі вачамі аўтар глядзіць на Шумаву?
Што вы можаце сказаць пра гэтага героя?
Ці асуджае ён галоўную гераіню?
6. Напішыце водгук на апавяданне.
Раскрыйце ў водгуку наступныя пункты:
   1) апісанне твора (назва, аўтар, год выдання);
   2) агульнае ўражанне ад тэксту;
   3) тэма апавядання;
   4) асабістыя адносіны да герояў і падзей з тлумачэннямі;
   5) самы запамінальны момант;
   6) параўнанне з іншымі творамі;
   7) значэнне тэксту для грамадства.
7. Прыдумайце лагічны эпілог да твора.
Абмяркуйце ў класе, выберыце самы верагодны варыянт.
8. Выканайце заданне «Хвіліна маўлення» па творчасці Міхася Зарэцкага.