Апавяданне «Дзіўная»

* Адлюстраванне псіхалогіі людзей з новым светапоглядам

Знешняе падабенства тэматыкі апавяданняў пісьменніка да твораў іншых прадстаўнікоў літаратуры 1920—1930-х гадоў часта абмежавана агульнасцю тэмы. Уласцівая творам гэтага перыяду тэндэнцыйнасць не закранае глыбінных пластоў творчасці Міхася Зарэцкага. Выхаваны на хрысціянскіх маральных прынцыпах, пісьменнік назаўжды пакінуў след у душы чытачоў, увасобіў у кнігах прыязнасць, спагаду да чалавека, незалежна ад яго паходжання і перакананняў.

Як пісьменнік рамантычнага напрамку, Міхась Зарэцкі шмат увагі надаваў барацьбе пачуццяў, эмоцыям. Рэвалюцыя ва ўяўленні маладнякоўцаў, з якімі аўтар пачынаў шлях у літаратуру, — гэта шторм, здаровае паветра, вецер, навальніца, што адбываецца ў грамадскай свядомасці. Гэта «бура», натуральна, адбівалася і на сямейным, інтымным жыцці.

Пазнаць апавяданні Міхася Зарэцкага можна па наступных уласцівасцях:

1) праўдзівы паказ паслякастрычніцкай рэчаіснасці, сутыкненне вобразаў «учарашніх», «былых» (прадстаўнікоў зрынутага класа) і «новых» (будаўнікоў савецкай краіны); пераход герояў з катэгорыі ў катэгорыю;

2) сітуацыя складанага маральна-этычнага выбару для герояў; тэма ўнутранай ломкі асобы падчас стварэння новага грамадства; псіхалагічная заглыбленасць у матывы і наступствы ўчынкаў (гэта рыса потым найярчэй праявіцца ў беларускай літаратуры ў прозе Кузьмы Чорнага);

3) выразная гуманістычная скіраванасць, цвёрдае следаванне аўтара агульначалавечым, а не класавым каштоўнасцям, падзел герояў паводле ўмення і няўмення любіць, а не па прыналежнасці да пэўнага класа;

4) наяўнасць у творах любоўнай інтрыгі, складаных жаночых вобразаў; вострае ўспрыняцце праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей;

5) адлюстраванне падзей праз асабіста перажытае і ўбачанае;

6) структураванасць сюжэта.

Апавяданням Міхася Зарэцкага характэрна і яшчэ адна якасць — яны падобныя да эскізаў, кароткіх нераспрацаваных накідаў, дзе аўтар не раскрывае думку глыбока, а, хутчэй, выразна кропкава намякае на яе. З аднаго боку, гэта ўскладняе асэнсаванне канкрэтна-гістарычнах рэалій, паказаных у творы, рассейвае бачанне цэласнай карціны. З другога — робіць творы абагульненымі, прытчавымі, умоўнымі, такімі, што можна іх разглядаць як люстра, злепак эпохі.

Міхась Зарэцкі вядомы не толькі як празаік, аўтар апавяданняў («Бель», «Ворагі», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая»), аповесці («Голы звер») і раманаў («Вязьмо», «Сцежкі-дарожкі»), але і як выдатны нарысіст, літаратурны і кінакрытык, публіцыст і драматург, перакладчык.