* Раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Вобразы шапялёўскай інтэлігенцыі

Філосаф Торба ці не адзіны ў творы размаўляў жывой мовай, але хоць выслоўі суддзі часам двухсэнсоўныя і небяспечныя, ён прыстасаванец і канфарміст, упісаны ў шапялёўскую наменклатуру.

Таварыш Сом — увасабленне сацыяльнай абыякавасці і інертнасці: сялянская рахманасць змешваецца з гарадскім бюракратызмам, а гэта вельмі кантрастуе з няўрымслівай актыўнасцю Самасуя.

Па знешнасці Ліна можна было меркаваць, што ён «мае значныя дасягненні ў галіне сістэматычнага палявання за ідэйна трухлявымі, але чароўнымі мяшчаначкамі».

Настаўнік Мамон падтрымліваў і натхняў усе абсурдныя праекты Самасуя.

Паэт Гарачы, магчыма, намёк на паэтаў-маладнякоўцаў, не столькі творца, колькі кан’юнктуршчык.

Шырока прадстаўлены і жаночыя вобразы: ад інтрыганкі і спакусніцы Крэйны Шуфер да мужчынападобнай загадчыцы жанаддзела Домны Лузбан.

Андрэй Мрый спалучаў два моўныя стылі: гутарковы і афіцыйна-дзелавы, які прадстаўлены найперш палітычнымі лозунгамі, газетнымі штампамі, мовай бюракратычных дакументаў, багата перасыпанай канцылярызмамі. Кантраст гэтых стыляў стварае камічны эфект, што асабліва заўважна пры выкарыстанні ка́лькі з рускай мовы, бо выразна адчуваюцца межы беларускага тэксту і штампаваныя рускамоўныя ўстаўкі з нарматыўных дакументаў, мітынгавых прамоў і інш. Самсон Самасуй адначасова і аб’ект, і суб’ект сатыры, бо ён і дзейная асоба, і каментатар усіх падзей, што адбываюцца з ім і іншымі шапялёўцамі.

Літаратурныя сувязі. Андрэй Мрый з братам Васілём Шашалевічам уваходзіў у склад літаратурнага аб’яднання «Узвышша» разам з Язэпам Пушчам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Адамам Бабарэкам, Лукашом Калюгам і іншымі.