* Раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Першыя газетныя публікацыі ў жанрах замалёвак, абразкоў, апавяданняў і нарысаў грунтаваліся на жыццёвых назіраннях пісьменніка і былі прысвечаны незвычайным сітуацыям і характарам. Маладому аўтару важна было адлюстраваць супярэчлівыя неадназначныя характары («Рабін», «Няпросты чалавек», «Камандзір»), тым больш што на рэчаіснасць ён глядзеў крытычна.

Калі гаварыць пра кантэкст узнікнення твора, то сатырычная літаратура ў 1920–1930-я гады была вельмі папулярная (Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Анатоль Вольны).

Адным з вядомых сатырыкаў і фактычна канкурэнтам Андрэя Мрыя на той момант быў Кандрат Крапіва. Прынцыповае адрозненне паміж яго творамі і сатырай Мрыя было ў тым, што ў Крапівы кантраст паміж станоўчымі і адмоўнымі персанажамі відавочны, а ў Андрэя Мрыя няма такой выразнай мяжы і пераважная большасць з іх адмоўныя. Мрый бачыў заганнасць не ў характарах, а ў самой сацыяльнай будове, што выклікала да жыцця гэтых персанажаў.

Крапіва крытыкаваў асобныя бакі жыцця і чалавечыя якасці (напрыклад, бюракратызм, глупства), а ў Мрыя атрымалася сацыяльная сатыра, якая крытыкавала не асобныя недахопы, а ўсю грамадскую сістэму. Крапіва праз гэта крытыкаваў Мрыя: «Аўтар, замест таго, каб накіроўваць вастрыё сатыры на тыя ненармальныя з’явы ў нашай сапраўднасці, якія перашкаджаюць нашаму сацыялістычнаму будаўніцтву, высмейвае працу савецкіх устаноў і арганізацый цалкам і ў гэтым у пэўнай меры салідарызуецца з тымі паклёпамі, якія ўзводзяць на савецкую ўладу ворагі дыктатуры пралетарыяту».

Раман «Запіскі Самсона Самасуя» — твор пра анамаліі грамадскага жыцця сярэдзіны 1920-х гадоў. Аб’ект сатыры не абмежаваны мястэчкам Шапялёўка. Мясцовыя жыхары — амаральныя мяшчане, якія нават пры вырашэнні ідэалагічных пытанняў кіруюцца матэрыяльнай зацікаўленасцю. Іх жыццё, то запаволенае, то паскоранае да абсурду, — толькі імітацыя дзейнасці.

Антыўтопія
жанр літаратуры, у якім паказваецца мастацкі свет, дзе запанавалі небяспечныя тэндэнцыі развіцця.

Яркія прыклады сусветна вядомых раманаў-антыўтопій — «1984» Джорджа Оруэла, «Выкрут-22» Джозефа Хелера.

Паводле жанру «Запіскі Самсона Самасуя» — сатырычны раман з элементамі антыўтопіі. Прыметы антыўтопіі прасочваюцца ў апісанні першых прымет сталінізму, класавай барацьбы, у своеасаблівым папярэджанні, прадбачанні будучыні. Падобную праблематыку можна знайсці і ў паэзіі Язэпа Пушчы таго ж перыяду.